Адбылося  чарговае пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку г.п. Хоцімск пад кіраўніцтвам старшыні СГПАП Аляксандра Цішчанкі, на пасяджэнне якога былі запрошаны людзі, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні.

І зноў у кожнай індывідуальнай гісторыі ёсць адно звяно, якое аб’ядноўвае ўсіх запрошаных — алкаголь.

Вось мужчына, які справіў патрэбу… прама на вуліцы ля шматпавярховага дома.

Праўда віноўнік прызнае:

— Разумею, што вінаваты. Што тут скажаш…

Сказаць можна толькі адно: не напівайся да такой ступені, каб не цяміць, дзе знаходзішся. А то так можна і рэшткі чалавечага аблічча страціць!

А вось перад вачыма членаў Савета паўстала паненка. Таццяна Мікалаеўна нідзе не працуе, жыве за кошт сталай маці, якая яшчэ і ўнучку прыглядае. Замест падзякі дачка «дорыць» маме скандалы ды п’янкі. Напрыклад, жанчына была затрымана ў стане алкагольнага ап’янення ў 12.45 прама ў цэнтры Хоцімска. Зразумела, што «ствараць» сабе настрой пачала яшчэ раніцай.

Свой лад жыцця Таццяна тлумачыць проста, маўляў, уладкавацца на працу немагчыма. Праўда, яна толкам і не спрабавала. А навошта, калі маці корміць? Да таго ж так можна і ўласны лес уладкаваць: дома частыя госці мужчынскага полу. Але ўсе неяк не атрымліваецца… Чамусьці ўсе патэнцыйныя жаніхі накіроўваюцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Але Таццяна надзеі не губляе…

Як птушка вольная жыве і яшчэ адзін запрошаны. Колькі ўжо не працуе і ўспомніць не можа. А навошта, калі сястра поіць, корміць, апранае, за камуналку плаціць?

— Пенсія хутка, — тлумачаць члены Савета. — Не запрацуеце яе — не атрымаеце…

— Ой, калі яшчэ гэтая пенсія.., — мужчына так далека ў будучыню не зазірае.

Зрэшты, не задумваюцца аб будучыні і многія іншыя парушальнікі закона. Яны наогул не над чым не задумваюцца. Ні над тым, колькі бед прыносяць сваім блізкім, ні над уласным маральным абліччам. Выпіў, праспаўся, выпіў, праспаўся, зноў выпіў…

А між тым жыцце праходзіць. Вось так бессэнсоўна і бязглузда. Ды і ці жыцце гэта? На самай справе,  аблытанныя алкагольнымі сеткамі людзі, часта не разумеюць і нават не ўяўляюць, што есць іншы лёс…

Радуе, што ўсе ж некаторыя ўсведамляюць тое, што ўсталі не на той шлях. Абяцаюць выправіцца. Хочацца спадзявацца, што яны выканаюць свае абяцанне. Як гаворыцца, гэта трэба ім самім…

Ганна МАВІЧ

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ