Падумаць толькі, у наступным 2018 годзе камісіі па справах непаўналетніх адзначаць ужо сваё 100-годдзе з дня ўтварэння. Патрэбнасць у прафілактычнай рабоце сярод цяжкіх падлеткаў, абароне правоў дзяцей існавала ва ўсе часы,  існуе зараз, і хто знае, колькі будзе яшчэ існаваць. Бо як паказвае практыка, з пераменай гістарычных эпох, праблемы выхавання падрастаючага пакалення па-ранейшаму застаюцца актуальнымі.

Вось і на мінулым тыдні зацікаўленыя і неабыякавыя да лёсу нашых дзяцей члены камісіі сабраліся на чарговае пасяджэнне, как абмеркаваць надзённыя пытанні і прыняць рашэнні, якія не церпяць адкладаў.

Так, жыхар райцэнтра звярнуўся ў камісію з заявай, у якой просіць зняць з арышту свой аўтамабіль. Забарона на распараджэнне транспартным сродкам была накладзена пасля таго, як яго непаўналетняга сына ў студзені гэтага года затрымалі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі за кіраваннем аўтамабілем, не маючы вадзіцельскіх правоў. Пытанне мужчыны вырашана станоўча.

Разгледжана сітуацыя невыканання маці абавязкаў па выхаванню свайго дзіця, што пацягнула здзяйсненне непаўналетнім адміністрацыйнага правапарушэння. Хлопчык быў затрыманы супрацоўнікам міліцыі ў грамадскім месцы за выкарыстаннем петарды.

— Не магу аднесці вас да катэгорыі бацькоў, якія не выконваюць свае абавязкі па выхаванню дзяцей, але тым не менш, у дадзенай сітуацыі віна цалкам кладзецца на вас, паколькі не правялі тлумачальную працу з дзіцем аб небяспечнасці піратэхнічных сродкаў, — звярнулася да маці намеснік старшыні КСН Аксана Прыснакова.

Сам хлопчык заплакаў перад членамі камісіі і абяцаў больш не парушаць парадак. Маці вынесена афіцыйнае папярэджанне.

Аналагічныя нараканні за невыкананне бацькоўскіх абавязкаў былі выказаны і ў адрас бацькі непаўналетняй дзяўчыны, якая з’яўляецца навучэнкай Магілёўскага прафесійнага ліцэя. Апошняя была затрымана супрацоўнікамі праваахоўных органаў каля Дома культуры ў вёсцы Забычанне Касцюковіцкага раёна за распіццём піва. Праведзеная экспертыза паказала: у крыві дзяўчыны 0,57 праміле алкаголю.

Як высветлілася, непаўналетняя паехала на выхадныя ў госці да сваёй сяброўкі, не паставіўшы ў вядомасць бацькоў. Два дні не адказвала на іх тэлэфонныя званкі. Бацькі ў сваю чаргу думалі, што дачка знаходзіцца ў ліцэйскім інтэрнаце.

— Цяпер вымушаны кінуць работу і ехаць у Магілёў, каб пільней сачыць за паводзінамі дачкі, — кажа з дакорам бацька.

Мужчыне вынесена папярэджанне, а непаўналетняя будзе знаходзіцца на ўліку, як цяжкі падлетак.

Даволі рэзкія і строгія заўвагі атрымала ад старшыні раённай камісіі па справах непаўналетніх Мікалая Хучава маці, на ўтрыманні якой знаходзіцца чацвёра малалетніх дзяцей.

— Добрыя адносіны да вас вычарпаныя, вы страцілі ўсялякі давер да сябе. Што здарылася? Як вы маглі пакінуць малых без нагляду і сысці ноччу па сваіх справах? — пытае Мікалай Адамавіч.

— Паехала з братам папіць піва, дзеці спалі…- невыразна тлумачыць маладая жанчына.

— Пішыце паперу: прашу зняць з мяне абавязкі па выхаванню дзяцей, калі вам яны не патрэбны, — прапануе старшыня камісіі.

Жанчыне ўсё ж дадзены апошні шанец:  у тэрміновым парадку прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Пакуль сітуацыя не выправіцца ў лепшы бок, кожны яе крок будзе знаходзіцца пад пільнай увагай зацікаўленых службаў.

У рабочым парадку на камісіі разгледжана прадстаўленне пракуратуры Магілёўскай вобласці аб ліквідацыі парушэнняў патрабаванняў Дэкрэта №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей». Як адзначыла намеснік старшыні камісіі Аксана Прыснакова, прыемна, што сярод заўваг, пералічаных у прадстаўленні, наш раён не фігуруе, але нам не будзе лішнім павучыцца на чужых памылках. Асобна і больш падрабязна Аксана Мікалаеўна спынілася на прадстаўленні пракуратуры Хоцімскага раёна, якая нядаўна праводзіла праверку работы раённай камісіі па справах непаўналетніх. Названыя недахопы ліквідаваны і прыняты да ведама.

Алена БАРАВІКОВА

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ