Часам глядзіш якую-небудзь камедыю па тэлевізары і дзівішся, ну як сцэнарысту толькі такая ідэя ў галаву прыйшла. Аднак, калі прысутнічала на чарговым пасяджэнні Савету грамадскага пункта аховы правапарадку пад кіраўніцтвам старшыні Савету Аляксандра Цішчанкі, то зразумела: у жыцці і не такія каламбуры здараюцца. Толькі і застаецца, што здзіўляцца чалавечай бестурботнасці і, ужо прабачце за праўду, глупству.

Вось Дзмітрый напісаў заяву ў міліцыю аб тым, што ў яго выкрадзены грошы з карткі. Аказалася, што, пабаяўшыся папрокаў старэйшай сястры за растрату, 20-гадовы хлопец вырашыў такім чынам утаіць гэты факт. Ну, прама як малы, які з’еў усе цукеркі ды на… ката зваліў.

Людміла, сустрэўшы суседа-пенсіянера, вырашыла з ім выпіць па сто грам. Аказалася мала. Тады сусед даў жанчыне сваю банкаўскую картку, даў пін-код, тая зняла грошы, якія былі паспяхова прапітыя. Але вось няўдача — сусед праз час адумаўся ды і… напісаў на Людмілу заяву ў міліцыю. Маўляў, тая выкрала пенсію. Цяпер жанчыне трэба будзе выплаціць штраф у памеры 2 100 000 рублеў.

— Ой, што нарабіла, што нарабіла, — каецца жанчына. — І сорам-та які…

Міхаіл выламаў дзверы ва ўласную хату. Справа ў тым, што падпітага мужа жонка не пусціла ў дом. Той закемарыў у лазні. Аднак, неўзабаве замерз і, каб сагрэцца, выламаў дзверы. У выніку, скандал з жонкай, штраф, ды яшчэ і дзверы рамантаваць.

У Марыі што ні дзень то «Санта-Барбара». То яна ў гасцях, то ў яе. Усе б добра, калі б вячоркі не заканчваліся разборкамі: то душацца, то таўкуцца, то бутэлькі на галаве гасцей б’юцца. Жанчына ў аддзяленні міліцыі бывае па некалькі разоў у месяц.

Гэта толькі малая частка запрошаных на пасяджэнне. У кожнага свая гісторыя. Але адзін шлях — алкаголь. Усім быццам бы сорамна, усе, не падымаючы вачэй, паўтараюць: «Не хацелі мы… Гэта ж гарэлка…» Звычайна ж, яны белыя і пухнатыя зайчыкі, а пад уздзеяннем алкаголю, нібы па чараўніцтву, ператвараюцца ў асацыяльных монстраў.

Выбіваецца з агульнай кагорты «зайчыкаў» Дзмітрый. Юнаку 22. Мае жонку і малалетняга сына. Працуе афіцыйна ў Расіі. Прывозіць не самую маленькую зарплату. У доме, які ён ужо набыў на ўласныя сродкі, дастатак. Халадзільнік поўны прадуктаў, усе апранутыя, абутыя. Што ж падштурхнула маладога чалавека на кродзеж металічных пліт?

— Не я вінаваты. Жыцце такое… — іранічна ўсміхаючыся, кажа хлопец.

Асабіста мяне, такая пазіцыя сучасных маладых людзей ставіць у ступар. Узнікае слушнае пытанне: «Гэта ж якое ў яго такое жыцце, што прымушае красці?» Атрымліваецца, што калі б сям’і Дзмітрыя, сапраўды, не было чаго есці, то ён бы з легкасцю пайшоў і на забойства?

Міжволі прыгадалася размова з калегай Інай Дзмітрачковай, якая да мінулага нумара газеты рыхтавала матэрыял пра ветэрана працы. Герой публікацыі распавядаў, як будаваў дом. Чатыры гады капеечка да капеечкі  ўласнымі рукамі; не валодаючы патрэбнымі інжынернымі ведамі, звярнуўся ў бібліятэку. І па кнізе пабудаваў дом. Да гэтага моманту сям’я жыла ў старой трухлявай хаце, у якой падчас дажджоў вада на галаву капала, з-за чаго старэйшага сына насілі па чарзе з жонкай на руках, пакуль другі ў гэты час ваду выціраў. Вось гэта жыццевыя складанасці.

Абурыла пазіцыя хлопца. Што яму не хапае? Годныя бацькі. Склалася ўласная сям’я. Есць дастатак. Яго ж засмуціла толькі адно: што трапіўся ў рукі міліцыі…

Вядома, кожнаму чалавеку заўседы хочацца лепшага. Але хіба можна для гэтага красці? Забіваць? Рабаваць?

Так, «зайчык»Дзмітрый, ты зусім не белы і не пухнаты… Воўк у авечай скуры…

Ці вы не згодныя?

Ганна МАВІЧ

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ