Адбылося  чарговае пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку г.п. Хоцімска пад кіраўніцтвам старшыні СГПАП Аляксандра Цішчанкі, на якое былі запрошаны людзі, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні. У працы пункта прыняў удзел Алег Лімараў, пракурор Хоцімскага раена.

Пасяджэнне атрымалася з глыбокім філасофскім сэнсам. Сэнс, можна сказаць, усяго свайго жыцця здабылі некаторыя запрошаныя на пасяджэнне. Сам па сабе ён вельмі просты: ад гультайства ў галаве нараджаюцца адны глупствы.

Вось памяркуйце самі. Раіса Аляксандраўна з’явілася на СГПАП ужо ў стане лёгкага ап’янення. Патлумачыла гэта проста: «У сужыцеля сення дзень нараджэння…» Святкаваць пачалі не зацягваючы, з раніцы. А між тым у жыцці жанчыны не ўсе проста. На яе складзены адміністрацыйны пратакол. Члены Савета просяць растлумачыць.

— Я паліла лазню. Шашлыкі збіраліся гатаваць. Прыйшоў знаёмы. Захацеў да нас далучыцца. А я што? Я ж не супраць. Але потым прыйшла яго сужыцелька і давай са мной адносіны высвятляць. Я ж ей і кажу, што ты, маўляў, ад мяне хочаш: вы ж з ім не распісаныя, а таму і не муж ён табе. Я жанчына таксама свабодная. З кім хачу, з тым час і праводжу, — распавяла Раіса Аляксандраўна перадгісторыю.

Праўда, на справе тлумачэнні ішлі куды больш эмацыйна, з ужываннем ненарматыўнай лексікі, а таму жанчына і была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці.

— Навошта вам чужы муж? У вас жа свой мужчына ёсць, — дзівяцца члены Савета.

— Дык я ж яго не назусім…

Пасля Раіса Аляксандраўна прызнаецца, што нідзе не працуе, ад гультайства ей сумна, вось і цягне пражыць «мыльную оперу» у рэальным жыцці. А, між тым, у жанчыны хворы ўнук, які мае патрэбу ў сур’езным лячэнні. Бабуля ж замест таго, каб дапамагаць яму, акунаецца ў лацінаамерыканскія пачуцці.

— Я ўсе зразумела, — абяцае парушальніца. — Працаўладкуюся. Буду ўнуку, дзецям дапамагаць.

Хацелася б верыць.

Аналагічная прычына для правапарушэнняў і ў Андрэя Юр’евіча. Асабліва не складваюцца адносіны з жанчынамі. Як вып’е мужчына, так і скандал. То з жонкай сябра, то з уласнай. Раздражняюць яго прадстаўніцы жаночага полу. Іншыя мужчыны, як вып’юць чарачку-другую, так і «кахаюць» ўсіх: і бландынак, і брунэтак. А ў Андрэя ўсе па-іншаму. Яму хочацца сілу сваю ды ўдаласць паказаць, даказаць, так сказаць, што ён сапраўдны мужчына — калі што і ў вока даць не пабаіцца.

— Дурань я быў, — кажа запрошаны. — Не працаваў. Часу вольнага было шмат, вось і займаўся абы-чым. Цяпер вось праца ў мяне. Часу на глупства няма. Рана ўстаю. Позна кладуся.

— Так што і з жонкай памірыліся?

— Памірыліся. Яна разам са мной працуе.

Вось так цудоўным чынам, праца зрабіла не толькі чалавека з малпы, але і жаночага ўгодніка з грубіяна.

І такіх «герояў» не адзін дзясятак. Нехта шчыра прызнаецца ў сваей вінаватасці, іншыя ў такім вяселым жыцці не бачаць праблем. А тыя ёсць, асабліва для іх родных і блізкіх. Дзецям сорамна за бацькоў, унукам — за бабуль. Ці разумеюць правапарушальнікі гэта?

Акрамя таго, на пасяджэнні была заслухана справаздача Максіма Фёдарава, участковага інспектара міліцыі па адміністрацыйным участку №1 г.п. Хоцімска, а таксама інфармацыя аб працаўладкаванні раней судзімых грамадзян.

Ганна МАВІЧ

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ