Іх не рыхтуюць прафесійныя вучылішчы, не выпускаюць вышэйшыя навучальныя ўстановы, але яны, як паказвае практыка, вельмі запатрабаваныя і мясцовай уладай, і насельніцтвам. Сельскія старасты, хто яны, ці патрэбна іх праца на сяле? Аб гэтым даведалася, пагутарыўшы з Аленай Салдаценкай з вескі Батаева.
Прызнацца, калі ішла на сустрэчу з вясковым старастам, ўяўляла сабе дзейнага пенсіянера, ветэрана працы, які шмат гадоў аддаў служэнню на карысць свайго народа. На справе ж аказалася інакш. У асобе сельскага старасты в. Батаева перада мной паўстала маладая жанчына Алена Салдаценка: жывая, актыўная, энергічная, рашучая, чалавечная, заўсёды гатовая працягнуць руку дапамогі. Менавіта так пра яе адгукаюцца мясцовыя жыхары, а для старшыні Бяседавіцкага сельскага Савета дэпутатаў — падтрымка і апора, правая рука.
На гэтай пасадзе Алена Іванаўна не так даўно, каля года, але сваімі ўчынкамі ўжо паспела заслужыць аўтарытэт і павагу сярод мясцовага насельніцтва, раней была дэпутатам. Усё дзяцінства і юнацтва Алены Іванаўны прайшлі як на далоні ў аднавяскоўцаў. Тут яна нарадзілася, хадзіла ў школу, затым пасля заканчэння Клімавіцкага сельгастэхнікума вярнулася ў родны край. Папрацаваўшы па спецыяльнасці некалькі гадоў, апошнія гады працуе на пасадзе сацработніка. Шчыра кажучы, Алена Салдаценка акрамя асноўнай сваёй пасады — спецыяліста па сацыяльнай рабоце — сумяшчае яшчэ тры: яна таксама ў якасці сацыяльнага работніка абслугоўвае пенсіянераў, падзарабляе санітаркай на ФАПе і выконвае абавязкі сельскага старасты. І хоць, як вядома, такая грамадская праца будуецца на энтузіязме, бо заробак сельскім старастам не плацяць, да сваіх абавязкаў Алена Іванаўна ставіцца з вялікім натхненнем.
— Часта вяскоўцы, асабліва пажылыя, саромеюцца выказаць свае праблемы чыноўнікам, таму старасты выступаюць пэўным злучным звяном паміж простымі жыхарамі і ўладай. Па гэтай прычыне стараста абавязкова павінен быць у курсе спраў ўласнага сяла, — распавядае Алена Салдаценка. — Што тычыцца праблем, то яны ўсюды аднолькавыя. Людзі не тое каб прыходзяць са скаргамі, бывае, ідзеш па вуліцы і чуеш размову паміж суседзямі, прыслухваешся, можа, каго-небудзь што-небудзь хвалюе, і адразу прымаеш на ўзбраенне, потым па меры магчымасці стараешся гэтыя проблемы вырашаць. Бывае, што ліхтар на вуліцы не працуе, лямпачка на ферме не гарыць, у кагосьці пахаванне, а чалавек адзін на адзін застаўся са сваёй бядой. «Я лічу, — прызнаецца Алена Іванаўна, — не бывае праблем, якія не магчыма вырашыць, як і бязвыхадных сітуацый. Таму па меры сваіх сіл і магчымасцяў імкнуся іх вырашаць, трымаю цесную сувязь са старшынёй сельскага Савета Аленай Кавалёвай, якая заўсёды і ва ўсім падтрымае, выслухае, акажа дапамогу».
Як вядома, у кола абавязкаў старасты вёскі ўваходзяць і пытанні добраўпарадкавання, падтрыманне парадку і чысціні на зямлі, і з гэтым Алена Іванаўна паспяхова спраўляецца: акультурыць могілкі, навесці парадак на прысядзібнай тэрыторыі, сабраць смецце — яна заўсёды і ва ўсім прыклад для пераймання — абысці пенсіянераў, паглядзець, можа, ў каго плот пакасіўся, камусьці трэба дроў прывезці.
— Самае галоўнае, не толькі для старасты вёскі, але і для кожнага чалавека — не быць абыякавым да чужой праблемы, чужой бяды, чалавек павінен адчуваць, што ён не адзінокі, — дзеліцца думкамі Алена Іванаўна, — і гэта прапісная ісціна, без якой не існуе моцнае, здаровае грамадства.
Іна Дзмітрачкова

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ