Беларускі народны каляндар, які ахоплівае дзень за днём усё гадавое кола, змяшчае ў сабе шматлікія абрады, звычаі, прыкметы, павер’і, прыказкі, праз якія глыбока раскрываецца ўнутраны свет працоўнага чалавека, яго штодзённыя клопаты і спробы разгадаць таямніцы навакольнай прыроды, жыцця і смерці. Са шматлікімі святамі нашых продкаў мы знаёмілі вас на старонках нашай газеты і працягваем рабіць гэта далей.
Перададзенныя ў спадчыну народныя веды дапамагалі нашым продкам арыентавацца ў з’явах прыроды, ад якіх нярэдка залежаў ураджай — крыніца існавання селяніна, усёй яго сям’і. У працэсе гістарычнага развіцця, дзякуючы пільнаму ўгляданню ў навакольны свет і асэнсаванню безлічных яго форм чалавецтва ў значнай меры навучылася разумець мову прыроды і кіравацца яе падказкамі ў сваіх будзённых справах.
Адным з любімых у народзе святаў з’яўляецца Купалле або Іванаў дзень (царкоўнае свята Раство Іаана Хрысціцеля). Ён запоўнены шматлікімі традыцыямі і абрадамі, якія звязаны з агнём, вадой і травамі. Напярэдадні яго дзяўчаты збіралі кветкі на вянкі, рабілі запасы лекавых раслін ад рознай немачы. Асаблівую ўрачыстасць святу надавала купальскае вогнішча. Дзяўчаты і хлопцы з усёй вёскі сцягвалі розную старызну (атопкі, абноскі, непрыгодны посуд, палазы, якія ад’ездзілі свой век), а таксама траецкі ссохлы «май» і вывозілі ўсё гэта за сяло, дзе меркавалася гулянне. Туды ж увечары накіроўваліся вяскоўцы з купальскімі песнямі. Агонь для вогнішча здабывалі ад трэння драўляных брускоў. Як сімвал сонца ўздымалі на шчасце запаленае кола. Полымя купальскага вогнішча надзялялася ачышчальнай сілай, хлопцы і дзяўчаты скакалі праз яго. Моладзь забаўлялася гульнямі, варажбою, вадзіла карагоды, спявала песні.
Купалка Йвана на вулку звала:
— Іван Іванішча, хадзі на йгрышча.
— Гуляй, Купалка, здаровенька,
Некалі йгрышчы мне гуляці:
Нада жыта пільнаваці,
Каб дзевачкі не хадзілі,
Майго жыта не тапталі
I красачак не шчыпалі,
І вяночкі не звівалі,
На галовачцы не насілі,
Па вулачцы не хадзілі,
Малойчыкаў не звадзілі.
З Купаллем звязана адна з самых рамантычных легенд беларускага народа пра папараць-кветку. Верылі, што ў купальскую ноч на папараць сыходзіць агонь Перуна і яна ўспыхвае яркім цветам, цвіце апоўначы некалькі імгненняў і трэба паспець ухапіць яе. «Хто гэту кветку здабудзе, будзець мець усё, чаго толькі яго душа пажадае»; «…можна тады ведаць усё, што на свеце робіцца». Недасягальнасць папараці-кветкі ў беднага чалавека атаясамлівалася з багаццем, з закапанымі немаведама кім і калі скарбамі, якія ў гэту ноч выходзяць на паверхню прасушыцца. Скарбы, што ахоўваюцца нячысцікамі, могуць дацца ў рукі толькі ўладальніку папараці-кветкі. У паданнях расказвалася, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць між сабою, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Сярод цудаў купальскай ночы называлі разгул розных чараўнікоў і ведзьмаў, якія ўсяляк шкодзяць людзям — заезджваюць коней і адбіраюць малако ў кароў. Каб не дапусціць «нячыстую сілу», над парогамі хлявоў і хат вешалі прадметы, якімі ведзьма магла парэзацца, пакалоцца, апячыся: сярпы, іголкі, крапіву. На страх ведзьме вешалі і забітую сароку. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба. Дзяўчаты і хлопцы загадвалі, што чакае іх у будучыні. Па кінутых на ваду папарна вянках сачылі, сыдуцца яны ці, наадварот, разыдуцца; можа, чый вянок не будзе падхоплены плынню, а прыстане ці нават патоне. Сабраныя на Яна галінкі купалкі з нераспушчанымі кветкамі прыносілі ў хату, утыркалі за абразы, у шчыліны між бярвёнамі ці за бэлькі. Калі кветкі распускаліся, гэта значыла, што дзяўчына выйдзе замуж альбо задуманае ёю збудзецца. А то яшчэ варажылі гэтак: ля дарогі знаходзілі трыпутнік і прыкмячалі адзін нейкі ліст, апоўначы трэба сарваць яго, кажучы тры разы без аддышкі:
Трыпутнік, трыпутнік,
Ты сядзіш пры дарозе,
Ты відзіш старога, малога,
Ці відзіш майго мілога?
Гэты ліст прыносілі дадому, клалі пад падушку і спадзяваліся, што сасніцца любы. Пад раніцу моладзь купалася ў рацэ (праўда, на Смаргоншчыне забаранялася купацца на Купалле, каб не замуціць ваду ў дзень нараджэння Іаана Хрысціцеля), качалася па купальскай расе, сустракала ўсход сонца, у гонар якога некалі і святкавалася Купалле. Казалі, што на купальскую зару сонца «іграе» — дваіцца, траіцца і пераліваецца рознымі колерамі. Купалле, як вынікае з песень, пазначана было магутным прыродным рухам і адначасова рухам чалавечай працы: «Святы Іван колас наліваець… пчолы садзіць, коску правіць — лугі пратаць, у сцірты кідаць»; «Святы Ян папар арэць, барануець… гнаёк возіць»; «Святы Ян — божы каваль: косы круціць, сярпы зубіць». Свята святам, але і ў гэты дзень не пакідалі селяніна думкі пра ўраджай, пільна ўзіраўся гаспадар у кнігу прыроды, зямлі, чытаў па зразумелых яму знаках ці прадказаннях.
Жніўныя абрады каранямі адыходзяць у глыбіню вякоў, яны абумоўлены ўборкай збожжа. Іх асноўнымі выканаўцамі з’яўляліся жанчыны, бо яны звычайна жалі збожжа.
На Магілёўшчыне, як і ў Беларусі ўвогуле, жніўны рытуал складаўся з дзвюх частак: зажынак (зажона) і дажынак (абжона, дажона). Уласна жніво не мела абраднасці. У гэты час (ад зажынак да дажынак) жанчыны былі заняты маруднай і цяжкай працай, скіраванай да хутчэйшай уборкі збожжа. Жнеі працавалі ад раніцы да позняга вечара, яны не мелі часу на ўвесяленні.
Пачыналася жніво з зажынак, якія праводзіліся ў першы дзень уборкі жыта і былі абстаўлены адпаведнымі дзеяннямі. У пэўны дзень гаспадыня ці яе дачка, або нявестка разам са сваімі сяброўкамі і сваячкамі, апранутыя ў чыстае адзенне, ішлі да нівы і пачыналі жаць жыта. Перад тым, як пачыналі ўборку збожжа, яны віталі ніву, кланяліся ёй.
Нажаўшы гуртам з дзясятак снапоў, зажынальніцы выпраўляліся з песнямі да двара гаспадара. У двары ці ў хаце яны са спевамі ўручалі гаспадару першы нажаты імі сноп. Гаспадар і гаспадыня дзякавалі жнеям і частавалі іх. У час зажынак у ваколіцах вёсак гучалі зажынкавыя песні. Праўда, было іх няшмат.
Пасля зажынак надыходзіла ўласна жніво. Яно ўжо было багатае на песні, якія называлі жніўнымі. Жніўныя песні Магілёўшчыны мелі шырокую тэматыку. Так, жнеі вёскі Кутня Чавусскага раёна спявалі песні:
Дай, божа, пагодачку
Да на нашу работачку.
Мы работку рабіць будзем,
Мы пагодку хваліць будзем.
Мы работкі нарабіліся,
Мы пагодкі нахваліліся.
Павей, ветрык, павей
На роўненькім полі,
Па сіненькім моры.
Сіне мора пасінее,
Поле роўна параўнее.
* * *
Павей, ветрык, паціхеньку,
Развей хмарачку цямненьку —
Маю тучу цяжаленьку.
Каб я, малада, жыты жыла
І сярэдзіну сваю не зажала.
Панічыку, а паноніку,
Пусці мяне дадомейку.
У мяне дома дзетак многа:
Што куточак, то сыночак,
На покуці дзевяць дочак.
Жнеі Дзятлаўшчыны спявалі жніўную песню «А я жну,- пажынаю», ад якой шчымела сэрца:
А я жну, пажынаю
I да дому пазіраю,
Ці ідзе мая родна мамачка,
Ці нясе мне есці.
Ой, ідзе мая родна мамачка
I нясе мне есці.
Нясе хлеба бандушачку,
Яшчэ й масла ў гарнушачку.
Пасля ўласна жніва прыходзілі дажынкі, старыннае адметнае сялянскае свята, якое прыўрочвалася да заканчэння ўборкі жыта. Яно праводзілася больш урачыста, чым зажынкі.
Дажынкі звычайна наладжвалі ў апошні дзень уборкі жыта. Як і на зажынках галоўнымі дзеючымі асобамі дажынак былі жанчыны-жнеі: сваячкі, дочкі, нявесткі гаспадара і гаспадыні, іх сяброўкі, аднавяскоўкі, якіх запрашаў гаспадар у апошні дзень жніва на заканчэнне ўборкі жыта. У тэты дзень для жней уборка збожжа была і звыклая, і радасная.
Дажынаючы загон, жнеі спецыяльна пакідалі на ніве кусцік жыта, які называлі «барадою. Зверху, каля каласоў, жнеі абвязвалі кусцік стужкай, праполвалі ў ім траву, у сярэдзіну клалі хлеб-соль. Жанчыны рабілі апошні сноп з каласоў і сцяблоў жыта, а дзяўчаты спляталі вянок з каласоў і палявых кветак. Сноп і вянок былі абавязковымі атрыбутамі дажынак, сім валам і ўраджаю і дастатку сялянскай сям’і. Шчыруючы над снапом і вянком, жнеі прыгаворвалі: «Дай, Божа, добрае жыта», «Урадзі, поле, жыта і ярыну».
Дажынкі ад пачатку і да завяршэння суправаджаліся жартамі, весялосцю, песнямі, карагодамі. Песні спявалі ў полі, па дарозе, у двары і ў хаце гаспадара. Да прыкладу, гучала ў мясцовых ваколіцах дажынкавая песня: «Засцілайце сталы і лавы»:
Засцілайце сталы і лавы,
Едуць госці небывалы:
Адно ў год пабывалі,
Поле жыта зваявалі,
Паном славы даказалі.
У дажынкавай песні «Падзякуйма Богу» жнеі выказвалі радасць з выпадку завяршэння ўборкі жыта, апявалі сваю працу на ніве:
Падзякуйма Богу
Да за ціхае лета,
Да за буйное жыта,
Што мы жыта жалі, пажыналі,
I ўсё ў сцірты паскладалі,
I каб здаровы спажывалі.
Дажаўшы жыта, жнеі выпраўляліся да двара гаспадара. Яны неслі вянок і сноп, спяваючы дажынкавыя песні. Пачуўшы жней, гаспадар выходзіў з хаты, сустракаў жней з хлебам-соллю, дзякаваў за дапамогу ва ўборцы жыта. А жнеі віншавалі гаспадара з завяршэннем жніва і пад гучныя песні ўручалі яму сноп і вянок, жадалі багатага ўраджаю і праз год.
Затым гаспадар і гаспадыня гасцінна запрашалі дажынальніц у хату на пачастунак, адмыслова падрыхтаваны да гэтай важнай падзеі. Жнеі садзіліся за сталы, іх — самых шаноўных гасцей, частавалі самымі лепшымі стравамі, якія магла дазволіць сабе сялянская сям’я. Затым з’яўляліся музыкі, і святкаванне дажынак доўжылася танцамі, карагодамі, скокамі, песнямі, якія працягваліся да позняй ночы. На развітанне гаспадар і гаспадыня яшчэ раз дзякавалі жнеям за дапамогу і запрашалі на дапамогу праз год. Жнеі дзякавалі за пачастунак.
Трэба зазначыць, што хлеб (збожжа) здаўна з’яўляўся сімвалам працы і дабрабыту беларускай сялянскай сям’і, меў велізарнае значэнне. Кожны селянін выдатна разумеў, што хлеб здабываецца напружанаю працаю. Таму сяляне хлеб вельмі шанавалі, пакланяліся яму.
Калі скрылёк хлеба выпадкова падаў на падлогу, і дарослыя, і дзеці, неадкладна падняўшы яго, цалавалі, просячы прабачыць за сваю нязграбнасць. Хлеб быў абавязковым атрыбутам вясельнага і радзіннага цырыманіялаў. Сяляне багаслаўлялі хлебам маладых, праводзілі сыноў у войска, на вайну, з хлебам хадзілі ў госці, на хлебе прысягалі.
Спрадвечнай сялянскай пашанай да хлеба і абумоўлена ўрачыстасць дажынак.
Дажынкавы абрад з’яўляецца адметнай рысай сялянскага побыту і культуры Беларусі, выразнай формай узаемадапамогі хлебаробаў і супольнага ўвесялення пасля вялікай працы.
Падрыхтавала
Іна Дзмітрачкова

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ