Адбылося  чарговае пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку г.п. Хоцімск пад кіраўніцтвам старшыні СГПАП Аляксандра Цішчанкі, на пасяджэнне якога былі запрошаны людзі, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні.  У працы пункта прыняў удзел Мікалай Хучаў, намеснік старшыні райвыканкама.

Калісьці пісала, што ўдзел у пасяджэнні Савета падобна на прагляд чарговай серыі «Санта-Барбары», і вось зноў магу гэта канстатаваць. Што ні запрошаны, то новая серыя: тут вам і «страсці-мардасці», і здрады, і сваркі, і прымірэнні…

Можна здымаць серыял «Прыгоды алкаголю»  або «Вар’яцкі кругазварот у лёсе хацімчан». На сто працэнтаў можна быць упэўненым, што кінанавела  паб’е ўсе рэкорды праглядаў.

Вось Аляксандр. Афіцыйна нідзе не працуе. Ездзіць на заробкі ў Расію. З жонкай афіцыйна не распісаны, але ў іх двое дзяцей. Кажа, што даглядае за састарэлым бацькам, а жыве ў доме бабулі, але пры гэтым супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго ў стане алкагольнага ап’янення каля дома сужыцелькі. Як сцвярджае мужчына, там ён смажыў бульбу і рыбу, пакуль блудная жонка дзесьці шастала…

— Я з ей не жыву, — сцвярджае Аляксандр.

— Так што вы рабілі ў яе дома?

— Дзяцей выхоўваў…

— У п’яным стане?

— Я ж не п’ю.

— Але зафіксавана іншае…

Бессэнсоўна пералічваць размову. Аляксандр то кажа адно, то — другое, то — трэцяе. Канцы гісторыі згубіліся дзесьці ў 127-ай серыі. Ажно зайздрасць бярэ: вось гэта жыццё — што ні дзень, то новая падзея…

І ў Сяргея, і ў Барыса, і ва Уладзіміра, і ў Кацярыны свае гісторыі. Аб’ядноўвае іх адно — спіртное. Яно ілжыва сагравае душу і прымушае здзяйсняць «подзвігі».

Вынік? Ва ўсіх адзін: пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і штраф. А яшчэ есць нябачны бок — пакута і боль тых блізкіх, што сталі мімавольнымі закладнікамі гэтых кардэбалетаў… Дзяцей, жонак, бацькоў… А хто пра іх думае, калі ўжо вельмі вясёлае кіно?

Вось толькі б не быў у гэтых камедый трагічны фінал…

Ганна МАВІЧ

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ