За 37 кіламетраў на паўднёвы захад ад гарадскога пасёлка раскінулася адна з самых маляўніча-азёрных хоцімскіх глыбінак — вёска Ветка. Сёння колькасць сельскіх жыхароў, крыху болей за паўтары сотні, трэцяя частка — пенсіянеры, некаторыя з іх перасягнулі даволі сур’ёзную мяжу (Марыя Церахава, Таісія Лагунова, Марыя Міснікава, Ганна Русакова,  Рыма Ерашэнка, Ніна Раманенка, Віктар Старасвецкі і інш.). Тут ёсць дзіцячы сад-школа, Дом культуры, магазін, лясніцтва, пункт паштовай сувязі. А калісьці на месцы вёскі быў панскі маёнтак, навокал адны лясы… Мне асабліва дорагі гэтыя мясціны, бо тут бяруць пачатак мае карані… Што ж пачнем падарожжа, а вось і першы прыпынак.хотимск

Мая спадчына

Кожны з нас непарыўна злучаны з тым месцам, дзе нарадзіўся і вырас. І дзе б не знаходзіўся чалавек, яго заўсёды будзе прыцягваць да родных краявідаў. Я невыпадкова зрабіла лірычнае адступленне, паколькі першая мая гераіня ўсё сваё жыццё прысвяціла сваёй малой радзіме. Ветлівую гаспадыню я застала за працай — а як інакш, у вёсцы гарачая пара з кожным днём пачынае набіраць абароты. Хоць зусім нядзіўна, бо і ўвосень маю гераіню ўбачыш з поўнымі кошыкамі грыбоў. Улетку яна нястомна гадуе ўраджай, а ўзімку цешыць сваіх родных смачнай выпечкай. І тут, напэўна, справа не столькі ў пары года, колькі ў характары сапраўднага трудаголіка маёй суразмоўцы.хотимск

— А вы ведаеце, якая ў нас Міхайлаўна актыўная, чалавечная, рашучая, гатовая заўсёды працягнуць руку дапамогі, — у адзін голас кажуць пра яе вяскоўцы. Сапраўды, праца кіраўніка справамі Бяседавіцкага сельвыканкама патрабуе пастаяннай напружанасці і празмернай адказнасці. Таму Наталля Жамярдзей заўсёды ў курсе ўсіх спраў свайго сяла: хтосьці ідзе да яе за саветам, каб сур’ёзныя пытанні вырашыць, хтосьці так, па дробязях, а некаторыя і проста пагутарыць, каб выслухала і падтрымала добрым словам.

— А як інакш,- прызнаецца мая гераіня, — усе ў нас як родныя. Я лічу, што няма праблем, якія немагчыма было б вырашыць, няма бязвыхадных сітуацый — галоўнае не заставацца абыякавым да чужых праблем, і паспрабаваць знайсці правільнае выйсце. Што тут яшчэ дадаць?

Як аказалася, Наталля Міхайлаўна вельмі сціплы чалавек, пра сябе расказваць не любіць. А вось пра што яна сапраўды кажа з вялікім захапленнем, дык гэта пра сваіх блізкіх і любімую вёску.

— Тут усё дорага майму сэрцу, родная вёска выгадавала мяне, тут я пакінула мноства добрых успамінаў. Нарадзілася ў вялікай сям’і: 11 дзяцей, прычым я самая малодшая. Усё мы з ранняга дзяцінства былі прывучаны да фізічнай працы, ведалі кошт кожнай капейкі. У маіх успамінах, вёска мінулага, калі ўдалечыні чуецца брэх сабак, мыканне кароў, сакатанне вясковых нясушак,- з настальгіяй успамінае жанчына. На жаль, час немагчыма павярнуць назад, убачыць вёску шматлюднай, напоўненай дзіцячым звонкім смехам.хотимск

Бязмежнае пачуццё захаплення ў Наталлі Міхайлаўны выклікаюць кветкі, якія кожны год красуюцца поруч яе хаты, у якіх без стомы рояцца і гудуць пчолы… Дарэчы сказаць, вырошчванне кветак — адно з самых любімых яе заняткаў, і ў хуткім часе ўся хата ветлівай гаспадыні  патоне ў яркіх фарбах.

— Мне здаецца, што толькі ў гэтым дзіўным кутку такое  чыстае паветра. Тут выйшаў за ваколіцу — і застаўся з прыродай: птушкі шастаюць у чаротах, паспявае маліна, жабы даюць канцэрт, — як сапраўдны паэт, кажа Наталля Міхайлаўна.

Недалёка ад яе хаты раскінуўся лясок, на пагорку ўжо красуюцца першацветы. Вакол цішыня. Толькі часам парушаюць яе сонныя галасы птушак. Па знаемай сцяжынцы накіроўваемся мы да кветак, каб захаваць момант сустрэчы, бо менавіта такія моманты, калі чалавек быццам зліваецца з прыродай, самыя каштоўныя і незабыўныя.

Вольга ЗАЙЦАВА

Падрабязней чытайце ў раённай газеце «ШК» ў №29 за 12 красавіка 2017 г.

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ