Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Урывак  з паэмы «Новая зямля»

Якуб Колас

Яшчэ ў школе мы вывучалі вершы. Часцей за ўсе гэта былі радкі аб Радзіме і родным слове. Амаль у кожнага пісьменніка ў падручніку яны былі. Ужо прайшло шмат часу з той пары, і пазабыліся тыя старонкі, але толькі цяпер зразумела. Сапраўды, Радзіма мае вялізную сілу над чалавекам. Нельга не згадзіцца з пісьменнікамі, няма нічога бліжэй і прыемней, роднай мовы і роднага краю. Там, дзе ты нарадзіўся, вырас, хадзіў у школу, нават паветра там прыемней. Дзе б  не жыў, Радзіма у кожнага адна,  іншай ніколі не знойдзеш.

Калі  была зусім маленькая, я ўбачыла ў бразільскім серыяле, што яны віншуюць усіх з новым годам у летнім адзенні. Маці расказала, што ёсць месцы, дзе няма зімы. І я прасіла яе кінуць усё, і паехаць жыць у Бразілію. Там заўжды цепла, што можа быць лепей. Яшчэ і на зімняй вопратцы зэканомім. Але яна так і не згадзілася, тады не магла зразумець чаму маці адмаўляецца.

Я жыву ў іншай краіне, хоць Расія і вельмі блізка да нас, і шмат чым падобная на Беларусь: падобныя святы і традыцыі.  Але радзіма ў мяне свая. Менавіта тут, у нашай невялікай вёсачцы на Хоцімшчыне, адчуваеш цеплыню дзяцінства. Менавіта тут становіцца добра на душы, і менавіта па Беларусі заўжды сумую. Цяпер не хачу жыць  у Бразіліі, а хочацца часцей бываць на Радзіме.

Таксама немагчыма пазабыць сваю родную мову, якая мілагучна гучала з самага дзяцінства ў тваёй хаце. Часцей за ўсё мне няма з кім паразмаўляць на беларускай мове, тады  пачынаю на ей разважаць пра сябе. І заўжды спяваю сваім дзецям перад сном нашу калыханку.  Аднойчы мне доўга прыйшлося растлумачваць сябрам, што такое калыханка. Здаецца, слова кажа само за сябе, а яны не маглі зразумець. Пакуль не сказала, што гэта калыбельная. Усе смяюцца нада мною, калі я прыязджаю да маці, як за адно імгненне мяняецца мая гаворка. Пачынаю яшчэ ў дарозе размаўляць на мясцовы манер,  гэта ж роднае і ніколі  не змагу ад гэтага пазбавіцца. Не разумею людзей, якія саромяцца сваей краіны. Заўжды ганаруся, я — беларус. Лепшай сустрэчай для мяне стане чалавек, які захоча са мною паразмаўляць на беларускай мове.

Эльміра Карпава, студэнтка журфака

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ