У сераду адбылося пазачарговае пасяджэнне раённай камісіі па справах непаўналетніх. Падстава склікаць членаў камісіі ў аператыўным парадку — матэрыял, патрапіўшы з раённага аддзела ўнутраных спраў. Ужо ў чацвёрты раз за бягучы год непаўналетняя з аграгарадка Бяседавічы вымушае сваімі паводзінамі прымаць да яе меры ўздзеяння. Калі падняць гэты «паслужны спіс», то можна прачытаць наступнае: «У студзені дзяўчына затрымана ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, у сакавіку — зноў распівала джын-тонік на вуліцах г. Касцюковічы, у маі — у закінутым доме а/г Бяседавічы піла віно і піва…». А завяршыў гэты сумны аповед месяц чэрвень, 24-га каля 00.40 ночы затрымана на вуліцы Камсамольскай райцэнтра. Праліць святло на гэтую цёмную гісторыю запрасілі нэпасрэдную ўдзельніцу, непаўналетнюю Анжаліку.

— Я была цвярозая, каля мяне спыніўся аўтамабіль супрацоўнікаў дэпартамента аховы, якія прапанавалі праехаць у аддзел. Кажуць, маўляў, ішла па ўсёй праезжай частцы. Затым даставілі ў ЦРБ, каб праверыць на факт алкагольнага ап’янення, але я «у трубку не дыхала» і адмовілася ад агляду.

Між тым матэрыялы справы паказваюць, што ў парушальніцы правапарадку, як кажуць, гэтыя факты былі ў наяўнасці: пах алкаголю, нязвязная гаворка і г.д. Пазней яна паясніла, што папрасіла незнаёмага мужчыну купіць ёй літр піва, якое затым выпіла ў гарадскім парку. Атрымліваецца, што Анжаліка ўсё ж распівала спіртное ў грамадскім месцы… хоць і лічыла на той момант сябе цвярозай.

Аднагалосным галасаваннем членаў камісіі было прынята рашэнне вынесці дзяўчыне папярэджанне.

А пасля гэтага выпадку, трыма днямі пазней непаўналетняя сама звярнулася за дапамогай у дзяжурную частку РАУС. Па тэлефоне яна паведаміла, што каля аўтастанцыі яе пабіла нейкая Крысціна. Паміж маладымі асобамі завязалася сварка, хутка яны пачалі цягаць адна адну за валасы, а потым і біцца. У бальніцы Анжаліка нават зняла пабоі, але далейшае развіццё падзей на тым і скончылася, паколькі маці, як законны яе прадстаўнік, звярнулася з прашэннем, каб праверку па гэтай справе не праводзіць. Пацярпелы бок прэтэнзій не мае, справа спынена.

Трэба адзначыць, на камісіі заслуханы абедзьве ўдзельніцы бойкі. Анжаліка паведаміла сваю»праўду», а Крысціна сваю. Як высветлілася, паміж імі ўжо даўно існуе асабістая непрыязнь.

— Яна абразіла мяне, закрануўшы гонар маёй сям’і, і атрымала за гэта аплявуху, — расказвае Крысціна, — я што павінна гэта цярпець?

Абедзьве гераіні рукапашнай разборкі атрымалі афіцыйныя папярэджанні раённай камісіі.

Вяртаючыся ж зноў да Анжалікі, хочацца сказаць, што ўсе ўчыненыя ёю за бягучы год «подзвігі», чакала вельмі сур’ёзная доля.

Разгледзеўшы ўсе абставіны справы і ўчыненыя правапарушэнні непаўналетняй, раённая камісія мае намер рыхтаваць дакументы ў суд аб яе накіраванні ў спецыяльную выхаваўчую ўстанову. Паколькі на дзяўчыну не могуць паспрыяць ні маці, ні ўстанова адукацыі, у якой яна атрымлівае будучую прафесію, і сама яна не жадае весьці законапаслухмяны лад жыцця, то як вынік — мае патрэбу ў асаблівых умовах выхавання. Так што яе далейшы лёс залежыць цалкам ад рашэння суда.

— Ну, што, дачушка, дагулялася? — кажа, пахлопваючы па плячы Анжаліку маці. — Цяпер ты будзеш накормлена, апранутая і абутая… Будзеш ведаць, як мяне не слухаць, ды ганьбіць перад людзьмі…

Алена БАРАВІКОВА

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ