Беларуская — самая мая…
Кожны народ — гэта непаўторная культура, гісторыя, традыцыі і лад жыцця. І, вядома ж, мова. Мовы з’яўляюцца самай моцнай прыладай захавання і развіцця нашай духоўнай спадчыны. Міжнародны дзень роднай мовы накіраваны перш за ўсё на абарону і захаванне самага дарагога нацыянальнага скарба — роднага слова. І задача гэта важная і актуальная, таму што і цяпер, па статыстыцы, кожны месяц у свеце знікаюць прыкладна дзве гаворкі. Эксперты мяркуюць, што калі не прыняць меры, то палова з шасці тысяч моў, на якіх размаўляюць сёння ў свеце, знікне да канца ХХI стагоддзя, і чалавецтва можа страціць важныя старажытныя веды. Для прадухілення такога знікнення неабходны спрыяльныя ўмовы, каб яго носьбіты размаўлялі на мове сваіх продкаў і навучалі сваіх дзяцей, бо гэта вельмі самабытная, адмысловая і ўнікальная скарбніца мінулага, сучаснага і будучага.
Беларуская мова. Наш гонар, наша слава, наша сіла, наша мудрасць, наша вялікасць, наша сутнасць, наша вечнасць і адначасова наш боль, наш клопат, наша занепакоенасць, нашы слёзы, наш крык аб дапамозе… Тое, што беларуская мова сёння знаходзіцца не ў лепшым стане, зусім не адпавядаючы статусу дзяржаўнай — факт. Чаму так адбылося, чаму зусім невялікая частка насельніцтва ведае родную мову? Пытанні досыць рытарычныя. А вось, што можна зрабіць, у тым ліку і ў нашым асобна ўзятым раёне, каб беларуская мова заняла свой пачэсны пасад між народамі — пытанне ўжо зусім іншага кшталту, і адказ на яго залежыць ад кожнага з нас.
Мова — вопратка думакХотимск
На імгненне заплюшчваю вочы і ўяўляю свой любы хоцімскі край. Лясы, сенажаці ў кветках валошак, камбайны на жытніх палетках, і зялёная трава, па якой можна бегаць басанож і спяваць, на якой можна ляжаць і глядзець у неба, дзе плывуць белыя аблокі. У кожным куточку маёй любай краіны, дзе б’ецца беларускае сэрца, жыве мова. Жыве па-рознаму: у штодзённай гамонцы, якую па- свойму называем «трасянкай», у песнях і казках, у школьных падручніках і цудоўных творах літаратуры, нарэшце, проста жыве ў генах людзей, каб калісьці прагучаць з вуснаў дзяцей і ўнукаў.
Цярністы шлях прайшла беларуская мова, перш чым дасягнула вяршынь свайго развіцця. На вялікі жаль, мы рэдка задумваемся пра свае карані, забываючы быць памятлівымі, адказнымі, з большай цеплынёй ставіцца да людзей, што пакінулі нам вялікую спадчыну. З пачуццём гонару сёння кажу, што я — беларуска, вельмі люблю сваю мову, часам, здаецца, валодаю ёй з самага маленства. Магу з упэўненасцю сказаць — у гэтым велізарная заслуга майго настаўніка беларускай мовы і літаратуры СШ №1 Наталлі Суслянковай. Яе ўрокі былі для мяне заўсёды цікавымі і карыснымі. Але, пэўна, самае галоўнае, што мне дала беларуская мова — гэта тое, што, вывучаючы яе, я адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам.
Паважанае спадарства, ці можаце сёння ўспомніць сваё першае слова на роднай мове? Тэму гэту абрала невыпадкова. Яшчэ з пачатковых класаў мы вучылі ветлівыя звароты: «Калі ласка», «Дзякуй», «Добрай ночы», «Будзьце ласкавы», а таксама словы Радзіма, Бацькаўшчына, сябар, каханне. Услухайцеся ў гэтыя словы, як чароўна яны гучаць? Зараз паўсюдна размяшчаюцца рэкламныя білборды, на якіх напісаны беларускія словы (на малюнку). Мабыць, такім чынам мяркуецца папулярызаваць родную мову, а таксама паказаць яе хараство і чароўнасць. Але ўпэўнена, на гэта мала хто звяртае ўвагу. Мы — беларусы, мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі, а мовы сваёй нажаль не ведаем. А яна не менш каштоўная, чым усякія карысныя выкапні, яе нельга купіць або прадаць, ёю можна толькі ганарыцца і захапляцца. «Трапяткая і сіняя, як валошкі, і гарачая, як прамень», — так назваў нашу родную мову таленавіты пісьменнік і паэт Уладзімір Караткевіч.

І ведайце, што найлепшы наш твар, вопратка наша, наша душа — беларуская мова.
З любоўю ваша беларусачка Вольга Зайцава

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ