Ў плеядзе беларускіх савецкіх пісьменнікаў, асноўнай тэмай твораў якіх з’яўлялася Вялікая Айчынная вайна, імя Івана Чыгрынава на адным з ганаровых месцаў. У адным шэрагу з Аркадзем Куляшовым і Васілём Быкавым. Як казаў сам Іван Гаўрылавіч: «Вайна зрабіла з мяне пісьменніка…» 21 снежня класіку беларускай літаратуры, нашаму зямляку, Народнаму пісьменніку Беларусі споўнілася б 80 гадоў.

Іван Чыгрынаў нарадзіўся ў 1934 годзе ў шматдзетнай сям’і старшыні сельскага Савета ў вёсцы Вялікі Бор Касцювіцкага раёна. У сямігадовым узросце ў жыццё хлопчыка ўварвалася вайна. Раз і назаўжды яна перавярнула яго лёс і пакінула незгладжальны след у асабістай і творчай біяграфіі. У гэтай вайне ён страціў бацьку, братоў і іншых блізкіх людзей. Пазней, будучы мэтрам літаратуры, на пытанне пра самае зыркае ўражанне дзяцінства ён адказваў: «Аднойчы ўсюдыісная «рама» (нямецкі самалёт-выведнік «Fw 189A-1») заспела мяне ў поле, я бег да маці, якая з меншымі дзецьмі палола проса. Пачалася пагоня жалезнай птушкі за васьмігадовым хлопчыкам. Мне добра было відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл, аднак дарма — ці то мэта была занадта малая, ці то я сапраўды так выкручваўся і своечасова валіўся, што кулі толькі пляскаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. Заходзячы зноў і зноў насустрач сваёй ахвяры, самалёт рабіў шырокія кругі над полем, і я за гэтыя некалькі хвілін паспяваў ускочыць на ногі, каб адбегчы ці ў бок, ці наперад — кірунак адгадваўся інтуітыўна, а, тым не менш, як зараз здаецца, даволі ўдала. Ва ўсякім разе «гульня» гэта скончылася ў маю карысць, тым больш што я ўвесь час меў на прымеце невялікі раўчук пасярод поля, амаль шчыліну, і, нягледзячы на тое, што віхляў, з кожным кідком набліжаўся да яго, пакуль нарэшце не зваліўся на дно яго. Але і пасля гэтага немец не пакінуў мяне ў супакоі: прыняўся кружыць над раўчуком, выглядваючы, нібы каршак, ахвяру, імкнучыся дастаць з кулямёта. Бомбаў у самалёце, мабыць, не было, а можа, ён проста не жадаў марнаваць іх, захоўваў для лепшага выпадку. Дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваёй надзейнай хованцы і ўжо далей нічога не памятаў…». Гэтыя страшныя дзіцячыя ўражанні лягуць у аснову яго галоўных твораў раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», а таксама шматлікіх аповесцяў і аповядаў. Пісаць Іван Чыгрынаў пачаў яшчэ ў школе, у ваенныя гады. Вершы, створаныя пад уражаннем і ўплывам ужо вядомага земляка-паэта Аркадзя Куляшова, друкаваліся ў газетах і часопісах пасляваеннай Беларусі. І ўжо тады было зразумела — на небасхіле беларускай літаратуры запалілася новая зорка. Вершы Чыгрынаў працягваў пісаць усё жыццё, але стаў вядомы як яркі праўдзівы празаік, дакументаліст, драматург і сцэнарыст. «Гістарычная праўда важней натхнёнай выдумкі» — так аргументаваў ён свой шлях у літаратуры. І ў яго кнігах жыве гэта праўда. Ён не змяняў месцы дзеяння і часу падзей, захоўваў гістарычныя назвы і факты. У яго творах можна знайсці шмат згадванняў пра Бесядзь, Касцюковічы, Хоцімск, вёскі і сёлы нашага рэгіёна. За гэта яго неаднаразова падвяргалі крытыцы нават у савецкі час, але пісьменнік застаўся дакладны сабе. Яшчэ адзін наш зямляк-літаратар, Народны паэт Беларусі Пятро Прыходзька так адклікаўся пра Чыгрынава: » Такога пісьменніка ў нас ніколі не было. У яго ўсё выверана. Калі ён пра што пісаў, то зыходзіў з жыццёвага факту».
Творчы шлях Івана Чыгрынава, можна казаць, удала склаўся. Вясковы хлопец стаў сакратаром кіравання Саюза пісьменнікаў БССР, а гэта — уплывовая пасада; дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй кіравання Беларускага фонда культуры, ездзіў у Амерыку, на Асамблею ААН (было ў звычаі ўключаць у дэлегацыю пісьменніка). Пасады, прэміі, дзяржаўныя ўзнагароды…
Яго кнігі выдаваліся і перавыдаваліся з зайздроснай рэгулярнасцю, у тэатрах ішлі яго п’есы, па яго раманах здымалі кінастужкі. Але ўсё гэта толькі яркая вокладка. Па ўспамінах сучаснікаў, ён так і застаўся тым апаленым вайной хлопцам, умеў цешыцца кожнаму новаму дню, і старанна хаваў у душы ўспаміны і боль пражытых гадоў.
Апроч пісьменніцкай дзейнасці Іван Чыгрынаў сур’ёзна займаўся перакладамі ( першым перавёў на беларускую мову раманы Максіма Горкага «Маці» і «На дне»), напісаў шэраг навуковых прац па тэорыі і крытыцы літаратуры, займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Пад час працы рэдактарам часопіса «Спадчына» даў дарогу ў вялікую літаратуру дзясяткам маладых таленавітых аўтараў, сярод якіх і яшчэ адзін зямляк з Прыбесядскага краю — паэт Алесь Пісьмянкоў. У літаратурных кругах Івана Чыгрынава за вочы называлі «Найсветлы». Гэта лепшы эпі-тэт, падыходзячы да яго выявы.
Апошнія гады жыцця былі для Чыгрынава трагічна цяжкімі не толькі таму, што стала дрэнна са здароўем. Бурыўся лад, пры якім адбылося жыццё. Шматлікія былыя калегі хутка падладжваліся пад новыя павевы. Каб даказаць свой «зварот», выкрывалі ўсіх, хто не жадаў мітынгаваць і выкрываць сам. Чыгрынаў цяжка перажываў нападкі. Яго не стала 5 студзеня 1996 года. Пакінуўшы пасля сябе ўзрушаючыя сваёй праўдзівасцю творы, ён увайшоў не толькі ў гісторыю беларускай літаратуры, але і ў гісторыю нашай краіны наогул. Яго імя носіць адна з вуліц Магілёва, Цэнтральная раённая бібліятэка ў Касцюковічах. У 2003 годзе ў абласным цэнтры была адкрыта мемарыяльная дошка.
Пражыўшы цяжкае, але сумленнае жыццё, Іван Гаўрылавіч застанецца ў нашай гісторыі класікам сучаснай прозы, пісьменнікам праўды.
Алесь Лесін.
На здымку: Іван Чыгрынаў

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ