У 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання нельга не згадаць пра «бабулю» нашай літаратурнай мовы — дыялектную мову. Менавіта яна стала асновай для фарміравання беларускай літаратурнай мовы, на якой затым і стваралася айчыннае прыгожае пісьменства. Больш таго, многія аўтары шчодра аздаблялі  свае творы моўнымі залацінкамі роднай мясцовасці. Цікава і тое, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у розных кутках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму.

Мне пашчасціла некалькі разоў ў 80-90-я гг. мінулага стагоддзя браць удзел у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запісвалі ад старажылаў розных мясцовасцей Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца  яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці. Унукі і ўнучкі, вас чакаюць у госці бабулі і дзядулі, якія вам і раскажуць казкі, паданні, і праспяваюць, і навучаць жыццёвай мудрасці.

На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў  ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівацей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Скрупулёзна  вывучаў беларускія гаворкі ў час камандзіровак, асабліва на Гродзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне. Мне асабліва падабаецца яго даследаванне «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага павета». А яго праца «Беларусы» — гэта вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ ст., сапраўдная  энцыклапедыя беларусазнаўства. Цікава, што прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны). Ён вызначыў час фарміравання беларускай народнасці (ХІІ — ХV ст.), сцвярджаў, што ў аснову яе ляглі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў.  Надзвычай цікавым з’яўляецца другі том «Беларусаў» —  «Мова беларускага племені» (1908-1912).

Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з ВНУ рэспублікі  было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены  «Дыялектычны атлас беларускай мовы» (1963), а затым «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (1993-1998). Дарэчы,  не ўсе мовы свету  могуць пахваліцца такімі фундаментальнымі даследаваннямі.

Існуе тэрмін «загародскія гаворкі», якім акрэсліваюць брэсцка-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Ён быў утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнай раўніны. Тэрмін у навуковы зварот увёў знакаміты дыялектолаг Фёдар Клімчук, ураджэнец вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна. Яшчэ ў 1962 г. ён пачаў супрацоўнічаць з мовазнаўцам, вялікім прыхільнікам дыялекталогіі  Мікітам Талстым, праўнукам Льва Талстога.  Дарэчы, Фёдар Данілавіч пераклаў некаторыя творы рускага класіка на палескую гаворку.  Пераклаў  таксама на родную гаворку і Біблію.

Шмат для вывучэння палескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства «Загароддзе». Мне пашчасціла прысутнічаць у Мінску на адным з яго пасяджэнняў. Багаты дыялектны збор  быў змешчаны ў  выпусках выдання «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні», пачатак якога як перыядычнага выдання быў пакладзены ў 2010 г.

Так што нам сёння ёсць у каго вучыцца, каб працягваць справу дыялекталогіі  пад пачэсным дэвізам «Маці казала так…» А маці, як вядома, дрэннага ніколі не скажа і не параіць. За працу, рупліўцы роднага слова! Будзем зберагаць моўную спадчыну для нашчадкаў.

З павагай Канстанцін  КАРНЯЛЮК, педагог

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ