Наша жыццё часам нагадвае кнігу. Гартаеш адну старонку за другой і быццам зноў і зноў перажываеш асобныя моманты жыцця. Ці бярэш у рукі любімы альбом са старымі фотаздымкамі, а ў думках вяртаешся на колькі год назад… І вось у рысах маленькай дзяўчынкі раптам бачыш ужо зусім дарослую цёцю Надзю з суседняга двара, а ў белагаловым басаногім хлапчуку з шырока распахнутымі блакітнымі вачамі — эканаміста дзядзю Мішу з кватэры насупраць. І вось сярод гэтага вялікага мноства фотаздымкаў знаходзіш яшчэ адзін, які вельмі родны і такі блізкі. А на ім дзяўчынка, якая маленькай ручкай трэ свае сонныя вочкі, а ў другой трымае шакаладку. І ты адчуваеш ў гэтым фотаздымку нешта такое роднае, нават падобнае на цябе самога. Доўга ўглядаешся ў фотакартку. І раптам разумееш — гэта мама…

Яўгенія Сідоркіна дастае з шафы сямейны альбом, дзе кожны здымак ёй аб нечым нагадвае, кожны так дарагі яе сэрцу. Раней магчымасцей сфатаграфацца было не столькі шмат, і вось яна беражліва бярэ ў рукі чорна-белую фотакартку. На ёй уся сям’я Сідоркіных: маладая Жэня, а побач любімы муж і трое дзетак. Старэйшы Коля, Волечка і побач каля маці самы малы Пеця. І так хочацца аб кожным расказаць, але напярэдадні цудоўнага свята — Дня маці, усё ж большы акцэнт зраблю, менавіта, на захавальніцы сямейнага ачага — Яўгеніі Станіславаўне. І спадзяюся, родныя моцна не пакрыўдзяцца.хотимск

— Сама я родам з Лепельскага раёна, што на Віцебшчыне,- расказвае Яўгенія Сідоркіна. — У маці нас  шасцёра, а сям’я ў нас самая звычайная была. Яна працавала ў дзіцячым доме ў пральні, бацька — конюхам. Не магу сказаць, што бацькі выхоўвалі нас у моцнай строгасці, але ў кожнага былі свае абавязкі па дому, і мы заўжды адказна іх выконвалі. Была ў нас і хатняя гаспадарка: карова, парсюкі, гусі, куры. Добра памятаю, як кароў пасвілі. Недзе гадкоў у 6 я прыглядала за маленькім брацікам, раней жа такога  дэкрэтнага адпачынку не было. А якая з мяне ў такім узросце нянька? Сама яшчэ дзіця — дзіцём. Але ў нашай сям’і было так заведзена: калі бацькі сказалі — мы беспярэчна гэта выконвалі. І гэта датычылася ўсіх пытанняў. Мы ведалі, калі нам сказалі прыйсці дамоў у дзесяць вечара, то роўна ў столькі мы і былі.

Дзяцінства скончылася, і пасля 8 класаў Жэня паступіла ў Аршанскі механіка-тэхналагічны тэхнікум. Маці параіла паступаць на бухгалтарскую справу, і дзяўчына згадзілася. Тры гады хутка праляцелі, і Жэня  па размеркаванню трапіла ў Слаўгарад. Менавіта тут у жыцці дзяўчыны пачаліся значныя перамены: менавіта тут у ПМК меліярацыі яна сустрэла сваё сапраўднае каханне. На той момант Жэня аб гэтым і не здагадвалася. Але лёс напаткаў яе і ў першы ж дзень знаёмства малады хлопец, які на той час працаваў майстрам у ПМК, звярнуў увагу на сціплую дзяўчыну. Толькі вось Жэня ўсё больш ігнаравала знакі ўвагі і запрашэнні на танцы ды ў кіно. Хлопец адступаць і не думаў. Яшчэ больш настырна стаў наведваць дзяўчыну, якая на той час жыла з сяброўкай на кватэры. І ад такіх заляцанняў дзявочае сэрца не вытрымала. Здалося.

А ў 1983 годзе Пятру Іванавічу паступае добрая прапанова — патрэбен начальнік у Хоцімскую ПМК. Маладыя, доўга не думаючы, згаджаюцца. На той момант у Сідоркіных ужо было двое дзетак: сын Мікалай і дачушка Вольга. У гэты ж самы год з’яўляецца прыемнае папаўненне. Самы малодшы пястун  сямейства — Пеця.

— Не магу сказаць, што было проста, — працягвае Яўгенія Станіславаўна. — Але муж заўжды ва ўсім дапамагаў. Дапамагаў і сціраць, і гатаваць, і ноччу да дзетак уставаў, калі гэта было патрэбна. Ён і зараз, хоць на пенсіі, без працы не сядзіць. Любіць і парыбачыць, і па грыбы ў лес схадзіць, дапамагае мне па агароду. А самым любімым заняткам нашага дзядулі з’яўляецца развядзенне пчол. Ён вельмі шмат часу праводзіць на сваёй пасецы.

Некаторы час нам давялося жыць у фінскім доміку, дзе амаль не было ніякіх выгод: не было вады, пячное ацяпленне. А потым жылі ў кватэры, дзе ўжо ўсё было. Але заўжды з мужам марылі аб сваім уласным утульным жыллі, паколькі ўсё ж прывыклі да зямлі. Вось урэшце рэшт наша мара стала рэальнасцю. І  ўжо каля 7 год мы жывём  у гэтым доме, які цаглінка да цаглінкі будавалі каля 20 гадоў.

Кажуць: яблынька  ўпрыгожана пладамі, а  жанчына – лёсамі сваіх дзяцей. Сідоркіны выхавалі траіх дзетак. Старэйшы Мікалай і Вольга скончылі Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію — пайшлі па бацькавым стапам. Малодшы таксама выбраў сабе справу па душы. Сёння ён заўзяты пчаляр, як і тата. Акрамя гэтага, сёння Сідоркіны шматдзетныя бабуля і дзядуля, у іх ужо 7 унукаў. Як прызналася гаспадыня, першую чакалі ўнучку, так і атрымалася.

— Яўгенія Станіславаўна, можа ў вас ёсць нейкія сакрэты ў выхаванні дзетак? Падзяліцеся.

— Сакрэтаў асаблівых няма. Галоўнае — любоў, шчырая бацькоўская любоў, а яна, паверце, можа тварыць вялікія цуды. Па-рознаму бывала. Калі даводзілася быць больш строгай, чым я ёсць на самай справе, хоць па натуры я зусім не такая. Маці павінна быць і строгая, і добрая адначасова. Акрамя гэтага быць добрым сябрам, які заўсёды выслухае і дасць добрую параду. Дзетак сваіх з самага дзяцінства прывучалі да фізічнай працы. Калі, напрыклад, ехалі на дачу — дык усёй сям’ёй. Шмат за гэты час было розных цікавых момантаў. Так з ходу адразу ўсяго і не ўспомніш. Хлопцы, напрыклад, любілі ўціхую сцягнуць бацькавы ключы, якія ён заўсёды трымаў у куртцы, і пакатацца на нашым старэнькім УВАЗІКУ. Але як вядома: патаемнае заўсёды становіцца яўным. І калі недзе на паўдарозе заканчваўся бензін, тады яны з вінаватым выглядам прыходзілі да бацькі і прасілі прабачэння.

Без сумнення, маці любіць усіх дзетак аднолькава, але малодшым, як правіла, заўжды дастаецца больш увагі, таму што яны самыя маленькія. Гэтак было заведзена і ў сям’і Сідоркіных. Яны заўжды раздзялялі сваю бацькоўскую любоў паміж усімі пароўну. Але малодшаму Петраку заўжды здавалася, што маці больш увагі ўдзяляе Волечцы. Таму рэўнаваў маці да сястрычкі. У такія моманты матуля брала дачушку на адно калена, Пецю на другое,  моцна абдымала іх і казала, як моцна іх кахае. А Коля, самы старэйшы, заўжды адчуваў за сабой асаблівую адказнасць, таму заўсёды заступаўся за малодшых, ва ўсім ім дапамагаў.

У гэтай сям’і прынята звяртацца і за дапамогай, і за парадай.  А бацькі заўсёды выслухаюць і параюць.

— Асабліва раней, дзеткі часта звярталіся за парадай. То адно, то другое спытаюць, — працягвае Яўгенія Станіславаўна. — Дачушка, напрыклад, калі выйшла замуж часта пыталася, як і што зрабіць. А сёння і я магу многаму ў яе павучыцца. Хлопчыкі ўсё больш каля таты вучыліся. Мы з мужам ужо 40 гадоў пражылі, але калі крыху і спрачаліся, стараліся, каб дзеці не былі сведкам і гэтага. Не так даўно пачула, як сын казаў нявестцы: “Вось ты на мяне сварышся, а маці на тату ніколі не лаялася”.

У Сідоркіных прынята кожнае свята адзначаць у вузкім сямейным кругу з падарункамі і смачнымі пачастункамі. Абавязкова сям’я збіраецца на 8 сакавіка, кожны дзень нараджэння, летам да бабулі спяшаюцца ўнукі. А вось Новы год для гэтага сямейства свята ў квадраце — 1 студзеня ў любімай бабулечкі дзень нараджэння. Калі ж прыехаць не атрымоўваецца, тады  ў доме тэлефон проста не змаўкае з раніцы і да самага вечара, унукі для бабулі вырабляюць паштоўкі і сюрпрызы.

Маці — вялікая штодзённая праца, але часта задаешся пытаннем: што ж гэта за праца — быць маці? Напрыклад, урач лечыць людзей, настаўнік вучыць дзяцей, будаўнік робіць дом. А маці? Што робіць яна? Адказ такі — маці ўмее чакаць. Чакае, калі з’явіцца дзіця, а потым, калі яно зробіць першыя крокі, скажа першае “мама”, пойдзе ў школу, потым у інстытут і г.д. Маці чакае і ўмее рабіць гэта так, як не ўмее рабіць ніхто іншы.

Вось і Яўгенія Станіславаўна пераглядае дзіцячыя фотаздымкі і з нецярпеннем чакае іх. А яны ўжо зусім дарослыя, толькі для маці яны такія ж маленькія як калісьці тады. І вось у чарговы раз яны прыйдуць і скажуць: “Мама, са святам!” А мацярынскае сэрца толькі ўсміхнецца, што аб ім не забылі. Але самае важнае для мамы Жэні, каб у іх траіх усё было  добра. А так здольна думаць толькі  мацярынскае сэрца.

Вольга МІРАВА

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ