(злева направа) Сяргей Післякоў, Ілля Аўдзюшка, Сяргей Прэзідэнтаў

Калі б мяне папрасілі намаляваць Хоцімшчыну, я б узяла ў рукі пэндзлік, а яшчэ блакітную і зялёную фарбы. І хоць я невялікі мастак, у першую б чаргу намалявала знаёмую з дзяцінства рачулку і любімы лес. Зараз, як і некалі ў дзяцінстве, не магу ўявіць свайго жыцця без гэтых мясцін. Улетку і ўзімку бавілі час на рэчцы. А што для мяне лес? Гэта і беластволыя бярозкі, і спевы птушак, і дзяцел, які ўпарта барабаніць сваёй вострай дзюбай па дрэвах, і пах апалай ігліцы і грыбоў, і духмяны водар сунічніка.

Размова пра лес невыпадковая. Якраз напярэдадні прафесійнага свята — Дня працаўнікоў леса,  давялося пабываць у Забялышынскім лясніцтве ДЛГУ “Касцюковіцкі лясгас”. Магу  з упэўненасцю сцвярджаць: ляснікі — цікавыя людзі, яны з лёгкасцю маглі б стаць паэтамі ці мастакамі, бо так расказваць аб сваёй працы могуць тыя, хто па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю працу.

— Не ведаем чалавека, якому можа быць абыякава прыгажосць прыроды. Бывае, прыходзіш на працу, а настрой так сабе. Паедзеш у лес, і быццам другім чалавекам становішся. Вакол такая гармонія — душа спявае. А якая карысць — увесь час на адкрытым паветры. І колькі разнастайных карысных рэчаў дае нам лес: свежае, чыстае паветра, драўніна, ягады, грыбы. Але трэба ўмець цаніць гэта, — расказваюць ляснікі Сяргей Післякоў і Сяргей Прэзідэнтаў.

Цяжка не пагадзіцца з тым, што роля леса ў жыцці чалавека невымоўна вялікая, яго нават называюць “лёгкімі планеты”. З самага ранняга дзяцінства кожнага з нас вучаць, што прыроду неабходна берагчы, і ставіцца да яе асцярожна. Вось, напрыклад, зараз восенню ў лесе можна сустрэць мноства грыбнікоў, добра, калі яны збіраюць грыбы правільна. А колькі можна сустрэць на лясных палянах у цёплыя дзянькі адпачывальнікаў, якія пакідаюць пасля сябе бутэлькі, пакеты, абламаныя дрэвы, вогнішчы. Кожнае наша няправільнае дзеянне — вялікая пагроза лесу.

— Наша лясніцтва параўнальна маладое, утварылася ў 1998 годзе. Агульная плошча яго складае 7881,3 га, а на яго тэрыторыі знаходзіцца 3 майстарскіх дзялянкі і 11 абходаў ляснікоў. Нарыхтоўка драўніны, пасадка і дагляд лясных культур, збор сямян — асноўны фронт нашых работ. Таксама на тэрыторыі лясніцтва ёсць біялагічны заказнік “Ерашоўшчына”, дзе знаходзяцца рэдкія віды жывёл і птушак: гняздоўе чорнага бусла і пасяленне барсука, — расказвае ляснічы Сяргей Баяранка. — Калектыў у нас невялікі, але згуртаваны, кожны адказна выконвае сваю справу. Ёсць тыя, у каго нямалы навык (Аляксандр Васільчанка, Людміла Ігнацьева, Іван Маслаў, Сяргей Післякоў, Сяргей Прэзідэнтаў, Дзмітрый Самафалаў), ёсць і маладыя спецыялісты (Ілля Аўдзюшка). Больш вопытныя працаўнікі ахвотна перадаюць вопыт моладзі. Напярэдадні свята хочацца пажадаць усім дабрабыту, дастатку, здароўя. А яшчэ хочацца звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна: лес — наша багацце, не заставайцеся ў старане, не праходзьце міма, беражыце лес і  прыроду свайго краю.

І, нягледзячы на празмерную сціпласць Сяргея Баяранкі, усё ж хочацца адзначыць: Забялышынскае лясніцтва ў гэтым годзе ў спаборніцтве “Вальшчык лесу-2017″  сярод  18 структурных падраздзяленняў ДЛГУ “Касцюковіцкі лясгас” заняла 1 месца. Упэўнена, што такіх прыемных перамог у скарбонцы лясніцтва з кожным годам будзе прыбаўляцца.

Вольга ЗАЙЦАВА.

Фота аўтара

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ