Выдатнік народнай адукацыі РБ, настаўнік-метадыст, дэлегат Усесаюзнага з’езду настаўнікаў, клапатлівая  маці і бабуля ды, наогул, абаяльная жанчына і цікавы суразмоўца. Валянціна Салдаценка вялікую частку свайго жыцця  прысвяціла дзецям, вучыла і выхоўвала ў іх самыя галоўныя якасці — быць чалавекам. А зусім нядаўна Валянціна Сямёнаўна адзначыла свой чарговы дзень нараджэння – 80-гадовы юбілей…хотимск

Педагог жартуе — у сваёй сям’і яна была адзінай беларускай.Сапраўды, Валянціна Сямёнаўна — карэнная хацімчанка, бо бацькі самі былі родам з Кузьміч Расійскай Федэрацыі. Пераезд на Хоцімшчыну адбыўся ў 35-ым годзе, калі ў сям’і ўжо было двое дзетак. А потым з’явілася і самая малодшая — Валя. Але ў хуткім часе бацьку рэпрэсіравалі, а пасля рэабіліціравалі.

— Настаў час, калі маці апынулася адна, на руках з трыма дзяўчынкамі без сродкаў да існавання. Была хатняя гаспадарка, але на працу матулю браць не вельмі жадалі, паколькі яна была жанчына малапісьменная. Потым усё ж дырэктар яўрэйскай школы пашкадаваў, і ўзяў тэхнічкай, а  зарплата была такая — 6 рублёў. Гэта вельмі няпросты час для нашай сям’і, але праўду кажуць — складанасці загартоўваюць чалавека, таму мы з самага дзяцінства былі падобныя на сталь. Маці ж стала для нас сапраўдным прыкладам для пераймання, і толькі дзякуючы вялікаму працаўніцтву, яна здолела даць нам усім вышэйшую адукацыю, —  успамінае педагог.

Жанчына добра памятае дзень вызвалення горада і той недабудаваны дом, у якім яны жылі. Знаходзіўся ён за будынкам сучаснай пошты. І як з сярэдняй сястрой хаваліся ў лесе, а ўся вуліца была спалена. А калі 26 верасня Хоцімск вызвалілі, з лесу панапрыбегла шмат дзетак.

— Кожны нёс, што меў. Жанчыны прапаноўвалі  адзенне, каб потым абмяняць на ежу. З’явілася кухня, і толькі калі накармілі салдат, пачалі частаваць дзяцей. І трэба сказаць, што гэта была самая смачная каша, якую мне даводзілася каштаваць у сваім жыцці. Яе смак проста немагчыма перадаць словамі. Потым колькі не спрабавала прыгатаваць — ніколі не атрымоўвалася так смачна, — з болем успамінае Валянціна Салдаценка.

Пасля вызвалення самым вялікім шчасцем для дзетак стала школа, якая працавала ў тры змены. Адзін буквар прызначаўся для 7 чалавек, але кожны дакладна ведаў, калі трэба было пачынаць чытаць. Замест абутка — лапці, замест рукзака — торбы з палатна, пісаць таксама не было чым. Заняткі праходзілі на калідорах, каля падаконнікаў — не хапала месца. Але жаданне атрымаць веды было настолькі  моцным, што чарнілы з лёгкасцю замяняліся ягадамі крушыны ці сажай. А калі ўдавалася дастаць фіялетавыя алоўкі, з якіх потым таксама рабілі чарніла, вось гэта было сапраўдным шчасцем. І гэта цанілі і помнілі.

— Як такое магчыма забыць? Нават, калі і захочаш — не зможаш. Немагчыма вырваць гэта з памяці сэрца, — дзеліцца мая суразмоўца. — Запомнілася ўсё да самых малых дробязей. Той Новы год, калі першая настаўніца, Марыя Мікалаеўна, прынесла ў клас маленькі скрутак з квадратненькімі цукеркамі, якія былі падобны на пасцілу і падзяліла. Кожны вучань класа атрымаў па паўтары. Уражанняў хапіла на ўсё жыццё.

Тыя веды, якія Валя атрымала ў школе, сталі моцным падмуркам у яе далейшым жыцці. І калі вучні атрымоўвалі па біялогіі, хіміі ці фізіцы чацвёрку, то гэта станавілася пропускам у далейшае сур’ёзнае плаванне. У дзяўчыны была моцная чацвёрка, аб пяцёрцы размовы ісці не магло, бо на гэтую адзнаку мог прэтэндаваць толькі Дзмітрый Мендзялееў. Менавіта такое тлумачэнне ад  сваіх настаўнікаў  яна запомніла.

Школа скончылася, і трэба было  рухацца далей. А далей, доўга не думаючы, дзяўчына паступае ў БДУ на біяфак. Чаму менавіта туды? Усё вельмі проста — прырода спадабалася ёй з самага дзяцінства, душа ляжала да ўсяго жывога і калі працавала з маці ўглядалася ў кожны лісток, кусцік, мурашку і цвыркуна.

— Валянціна Сямёнаўна, можа цікавыя выпадкі са студэнцкіх гадоў успомніце. Вы заўжды былі адказнай вучаніцай? — пытаюся раптам.

— Будучы студэнтамі, жылі па вуліцы Свярдлова: пячное ацяпленне, лёд на сценах, драўляная лесвіца, а па суботах – танцы. Рыхтавалі сабе ежу, а дэкан жартаваў: маўляў, што бульбу прыехалі варыць, ці вучыцца. Цікавых выпадкаў было вельмі многа. Напрыклад, з маім паступленнем. У білеце па фізіцы стаяла пытанне пра сферычныя люстэркі. Я ўсё добра адказала, правільна рашыла задачу, але калі было зададзена дадатковае пытанне пра поезд — разгубілася.  Але потым сумленна прызналася настаўніку, што ўпершыню ў сваім жыцці бачыла поезд, той ад такога прызнання не змог не паставіць беднай студэнтцы “выдатна”. А пасля таго я ўжо добра ведала, з чаго складаецца поезд і дзе ў ім размешчаны сферычныя люстэркі. Урэшце, веды былі закладзены капітальныя. І ўсё гэта дзякуючы дасведчаным настаўнікам з сусветнымі імёнамі: Турбіну  Н.В., Годневу Т.Н., Дарожкіну Н.А., Эльберту Б.Я., Юньеву Г.С., Сержаніну І.Н., Вінбергу Г.Г. Нас рыхтавалі менавіта як навуковых супрацоўнікаў: моцна і граматна. І не было такога паняцця, як рабіць нешта неадказна, спусціўшы рукавы. Як гэта здаць дрэнна экзамен? Калі нехта і атрымоўваў «траяк», то астатнія са сваёй стыпендыі аддавалі яму пакрыху, каб чалавек увогуле не апынуўся без сродкаў існавання. І небарака потым хутка выпраўляўся, бо сумленне не дазваляла атрымаць яшчэ адну дрэнную адзнаку. Урэшце, нягледзячы на вялізны недахоп матэрыяльных сродкаў, раней больш цанілі такія паняцці як дабрыня, узаемавыручка, працавітасць,сяброўства. Але, як кажуць, спадарожны вецер дуў мне  ў спіну — у матэрыяльным плане  дапамагалі сёстры, — працягвае расказ настаўнік.

Валянціна Сямёнаўна неаднойчы адзначалася Ганаровымі граматамі за добрую вучобу і актыўны ўдзел у  мерапрыемствах і спартыўных спаборніцтвах. Лыжная гонка на дыстанцыю 3 кіламетры — яе сапраўдны канёк. І па праўдзе сказаць, настаўнік вельмі сціпла адносіцца да ўсіх сваіх узнагарод, сцвярджае, што ніколі не працавала дзеля гэтых паперак. Можа гэта і празаічна, але шалёная любоў да дзяцей, асаблівая працавітасць і сумленнасць усё ж зрабілі сваю справу.

Крупскі раён Мінскай вобласці.Праца ў інтэрнаце вельмі няпростая і спецыфічная. Але, як далей прызнаецца мая суразмоўца, складанасцей яна ніколі не баялася. 13 гадоў працы ў інтэрнаце, затым да самай пенсіі, а гэта 37 год, праца ў СШ №1. Акрамя правядзення ўрокаў, да якіх трэба было штодзённа цікава падрыхтавацца, у настаўніка яшчэ быў шэраг абавязкаў, сярод якіх і праца на прышкольным участку, унутранае і вонкавае азеляненне і таму падобнае. Але, за якую б працу не браліся рукі Валянціны Сямёнаўны – заўжды ўсё выконвалася на сумленне. Добра помніць, як пры адной з сустрэч з сваёй настаўніцай біялогіі-хіміі Антанінай Смаршковай пачула  такія словы: “Заўжды памятай: у першую чаргу ты — настаўнік і на іншую працу станавіцца не смей”.

— Я так разумею, вы патрабавальны настаўнік?

— Можна і так сказаць. За час працы ў СШ №1 вывучыла 5 выпускаў. Дзяцей вельмі любіла, але мне было важна даць добрыя веды. Кожны ўрок праходзіў з выкарыстаннем нагляднага матэрыялу, падарожжамі і экскурсіямі ў жывую прыроду. Без гэтага вывучэнне біялогіі проста немагчыма. Для мяне было вельмі важным зацікавіць дзяцей. І калі ўжо ў 9-11 класах, вучні больш уважлівыя і самастойныя, то ў 5-8 прыходзілася павалтузіцца, каб урок нарэшце не стаў “дагары нагамі”. “Кропка” у журнале была раўназначна двойцы, і вучань гэту “кропку” павінен быў адпрацаваць спаўна. Я была па-сапраўднаму рада, калі дзеці падыходзілі пасля ўрока і задавалі пытанні. Вельмі не любіла, калі мяне спрабавалі падмануць. Заўсёды прасіла, каб вучні адразу прызнаваліся аб нявывучаным уроку, каб не марнаваць час дарэмна. Лепш лішнюю задачку па генетыцы рашыць.  Але потым, ужо дарослыя, яны сустракалі мяне і дзякавалі за веды, што атрымалі падчас урокаў біялогіі і хіміі. Скажу адно — заўжды працавала па-сумленнаму.

Дарэчы, не магу не напісаць хоць некалькі слоў пра сям’ю Валянціны Сямёнаўны. Напрыклад, з будучым мужам, архітэктарам Віктарам Барысавым, дзяўчына была знаёма яшчэ са школьнай лавы — сядзелі на адным раду. Асаблівай увагі заслугоўваюць дзеці педагога, і  хоць  калега мяне значна апярэдзіў у гэтым і ўжо расказваў пра нашага “касмічнага земляка”- Сяргея Барысава, усё ж варта спыніцца. Вельмі цікавіла пытанне: якім чынам у сям’і праходзіў  працэс выхавання. Але маці нейкіх там асаблівых сакрэтаў не раскрыла. Усё аказваецца  вельмі проста: шчырая любоў і ўласны станоўчы прыклад. Таня і Сярожа заўжды бачылі, як старанна працуюць іх бацькі, таму  сёння гэтак жа служаць прыкладам для пераймання  сваім дзецям.

Валянціна Сямёнаўна падыходзіць да шафы, у якой на верхняй паліцы стаіць некалькі хрустальных бакалаў — гэта вучні падарылі. Як прызналася педагог, у сям’і ніколі не было прынята застаўляць шафы посудам, як гэта можна ўбачыць у многіх сем’ях. Але  заўжды любілі чытаць — тут шмат кніг. У асноўным гэта гістарычныя раманы і класіка. Усе перачытваліся па некалькі разоў. Акрамя гэтага рэтра-фільмы і музыка, а ў суседнім пакоі на сценах вышытыя яе рукамі карціны.

«Вельмі люблю кветкі — без іх не жыву», – раптам прызналася жанчына, калі падарожнічалі па утульнаму дому і агародчыку.

Дарэчы, дом Валянціны Сямёнаўны, у прамым сэнсе, заўжды адкрыты для гасцей. І самым вялікім падарункам для яе гучаць словы ўдзячнасці ад былых вучняў, якія ўсяго на некалькі дзесяткаў сталі дарослымі. Толькі вось для Валянціны Салдаценка яны ўсё тыя ж непаседы і гарэзы, такія розныя і ўсё такія ж любімыя хлопчыкі і дзяўчынкі.

Вольга Зайцава

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ