На карце славутых і памятных мясцін Магілёўшчыны
Хоцімскі раён нічым адметным не вылучаецца. Хаця і тут сустракаюцца археалагічныя помнікі, прыгожыя і багатыя лясы, маляўнічыя рэкі.
У часы былой царскай Расіі Хоцімшчына ўяўляла сабой глухі
куток, дзе панавала забітасць, адсталасць, галеча. Культурнае жыццё тут амаль адсутнічала. Невыпадкова ў мінулыя, дарэвалюцыйныя гады, наш край амаль не вылучыў ніякіх талентаў. У далёкай правінцыі дзейнічалі хіба толькі прадстаўнікі дэмакратычнай інтэлігенцыі, якія імкнуліся не толькі далучыць народныя масы да духоўнага жыцця, але і ўнесці свой уласны ўклад у развіццё адукацыі, культуры. Да ліку такіх энтузіястаў можна аднесці майго земляка Якава Раманавіча Брайцава, цяпер амаль забытага рускага празаіка, драматурга і паэта, прадстаўніка вядомай сялянскай «пляяды» пісьменнікаў. Яго можна лічыць першым прафесіянальным літаратарам — ураджэнцам прыбесядскага краю.

Імя Якава Брайцава ёсць у энцыклапедыях і даведніках беларускіх пісьменнікаў. Спадчына пісьменніка захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Але на сёння ён самы невядомы пісьменнік у нашай краіне.
Беларускі селянін з глухой закінутай дзесьці на ўскрайку Магілёўшчыны вёскі ўпартай працай і стараннай імклівасцю да адукацыі выйшаў у адукаваныя людзі. Брайцаў дасканала ведаў жыццё і побыт вясковага беларускага насельніцтва свайго краю, пільна сачыў за зменай сацыяльных адносін на сяле, а потым адлюстроўваў гэтыя падзеі і з’явы ў шэрагу сваіх твораў.
Свае апавяданні, аповесці і п’есы ён прысвяціў апісанню духоўнага свету і матэрыяльных умоў жыцця сялян і мяшчанства ўсходняй Беларусі эпохі канца прыгоннага права.
Так склаліся абставіны, што свае творы пісьменнік вымушаны быў пісаць на рускай мове. Але ён укладаў шмат слоў, выслоўяў і асобных сказаў, узятых з народнай беларускай мовы. Беларускіх твораў Дуніна-Марцінкевіча і іншых пісьменнікаў таго часу, друкаваных у першых выданнях у большасці лацінкаю, ён, напэўна, не ведаў, а ішоў самастойным шляхам, карыстаючыся прыкладамі рускай літаратуры, на небасхіле якой тады толькі што з’явіліся такія зоркі першай велічыні, як Тургенеў, Дастаеўскі, Леў Талсты. Выразны ўплыў гэтых «уладароў думак» можна заўважыць у шэрагу твораў нашага пісьменніка.
Нарадзіўся Якаў Раманавіч 19 лютага 1861 года ў сялянскай сям’і. Бацька яго быў суровы і працавіты чалавек, які выхоўваў дзяцей у абставінах несупыннай працы і строгай дысцыпліны. «Суровый отец мой любил шутить делом», — успа-мінаў потым пісьменнік.
Яшчэ маленькім хлопчыкам ён выяўляў вялікую наглядальнасць, чуласць да журбот вясковых людзей, здольнасць да глыбокага асмыслення з’яў прыроды і падзей грамадскага жыцця.
Бацька Якава, учарашні прыгонны Раман Рыгоравіч Брайцаў, зразумеў неабходнасць даць сыну хаця б невялікую адукацыю.
Пасля сканчэння пачатковай школы ў родным сяле, Якаў паступае ў двухгадовае павятовае вучылішча ў Клімавічах. Вучыўся ён выдатна. Добра ведаў і любіў рускую літаратуру.
Пасля заканчэння вучылішча Якаў выходзіць з яго адукаваным чалавекам. Малады хлопец меў вялікае імкненне «выйсці ў людзі», паглядзець на свет уласнымі вачыма.
Нейкі час Якаў заставаўся толькі памочнікам пісара Забялышынскага валаснога праўлення за пятнаццацірублёвую плату ў месяц. Але праца яго не задавальняла: ён бачыць шмат сялянскіх судовых спраў, судовую валакіту, крыўду сялян ад памешчыкаў. І выпадак дае яму магчымасць паехаць з вёскі насуперак волі строгага бацькі.
Прыказчык з горада Трасцянца, пазнаёміўшыся з Якавам Брайцавым, прапанаваў яму паехаць з ім і працаваць канторшчыкам. Якаў прыняў яго прапанову, але бацька рашуча запярэчыў. Нават саракарублёвая плата, абяцаная вярбоўшчыкам, яго не спакушала. І толькі пасля настойлівых просьбаў Якава (не абышлося без слёз) Раман Рыгоравіч з вялікай неахвотай даў згоду на выдачу пашпарта. У Трасцянцы праслужыў Брайцаў два гады канторшчыкам. Там ён напісаў сваё першае апавяданне «Печать Каина» або «Дудолева лоза» (1881 год).
Праз два гады Брайцаў вярнуўся ў сваё сяло на прызыў у салдаты, але як старэйшага сына хворага бацькі, як кармільца, ад прызыву ў армію яго вызвалілі. Бацька не сварыўся, а хваліўся сынам: зноў марыў ён бачыць сына ўжо валасным пісарам. Вось толькі бацькоўскім марам не суджана было здзейсніцца: Якаву вельмі хацелася вялікага жыцця. Ён задумаў стаць пісьменнікам. У хуткім часе па ўласнай ініцыятыве і наперакор бацьку вырашыў ехаць шукаць шчасця ў Маскву. Ехаць туды, дзе жывуць любімыя пісьменнікі, туды, дзе кіпіць жыццё, дзе бібліятэкі, поўныя кніг пісьменнікаў усіх часоў і народаў.
І вось Якаў прыехаў у Маскву. Перад ім Трыумфальная арка, на Твярской паток людзей, экіпажаў, блішчаць вітрыны магазінаў. Апамятаўшыся, ён павольна пайшоў па вуліцы да цэнтра горада. Была другая палова дня. Сярод бесперапынна снуючых пешаходаў мільгацяць сінія курткі студэнтаў. Здарылася так, што двое студэнтаў-юрыстаў апошняга курса звярнулі ўвагу на юнака з правінцыі, які глядзеў на людзей шырока адкрытымі вачыма.
На наступны дзень Якаў Брайцаў ужо перапісваў судовыя справы ў прысяжнага паверанага; кантора яго знаходзілася на вуглу Ваздзвіжанкі і Манежнай, побач была Румянцаўская бібліятэка.
Увесь свабодны час ён праводзіў у бібліятэцы. Два гады працяклі ў напружанай працы, але які вялікі запас ведаў набыў Якаў за гэты час!
У прысяжнага Брайцаў зразумеў тайны судовых спраў, на практыцы пазнаў законы і юрыдычныя навукі.
І калі ў 1883 годзе Якаў прыехаў на кароткі час у роднае сяло, цяжка было пазнаць у гэтым сталым маладым чалавеку ранейшага нясмелага юнака.
Тут ён знаёміцца з фельчарыцай мясцовай бальніцы, прыгажуняй Праскоўяй Сяргееўнай Кілесавай. У другі раз едзе ў Маскву разам з нявестай. У дарозе на паштовай станцыі Звянчатка (зараз гэта вёска знаходзіцца ў Клімавіцкім раёне на шашы Крычаў-Рослаў) адбылося іх вяселле.
Праскоўя Сяргееўна была яму надзейнай спадарожніцай да канца свайго параўнальна непрацяглага жыцця.
У Маскву Якаў едзе з рэкамендацыйным пісьмом арцёмаўскага памешчыка Гузоўскага да свайго сына аб уладкаванні Якава Брайцава на работу. Аб пісьме паклапаціўся бацька Якава. І яно дапамагло.
Хутка ён пачаў працаваць у канторы вядомага купца-кветкавода Ф.Ф. Ноева. Між іншым, цудоўныя цыбуліны цюльпанаў у той час вагонамі дастаўляліся ў Маскву з Галандыі, а шкляныя гадавальнікі Ноева размяшчаліся прама ў Замаскварэччы. Зрэшты, Брайцава ўсе гэтыя «песцікі-тычынкі» мала займаюць. Ён марыць працаваць на літаратурнай ніве. Праз некаторы час атрымаў пасаду бухгалтара. Адначасова Брайцаў узмоцнена вывучае рускую мастацкую літаратуру і ўвесь свабодны час займаецца ў Румянцаўскай бібліятэцы. Менавіта, у гэты час ён здолеў атрымаць адукацыю. Піша вялікую аповесць «Богачи. Повесть из белорусской простонародной жизни», якая выйшла з друку ў 1889 годзе (друкавалася ў друкарні Кушнерава). У гэтым творы аўтар дае мастацкі і праўдзівы малюнак сялянскага жыцця ў паслярэформеннай магілёўскай вёсцы. Акадэмік Я.Ф. Карскі ў 3 выпуску III тома сваёй працы «Беларусы» (1922г.) адзначыў гэты твор як «талантливую повесть».
Брайцаў піша рад іншых аповесцей: «Невдашечка Анюта» (1887 г.), у назве якой, каб адзначыць мясцовы каларыт, ужывае беларускае слова «невдашечка» замест звычайнага рускага «неудачница», «Старая деревня» і другія, якія апісваюць побыт і тыпы роднага сяла і павятовага горада Клімавічы ў 1870-х гадах.
Набыўшы грошы праз службу і выданне «Богачей», Якуб Раманавіч аказваў матэрыяльную дапамогу сваім двум братам, якіх выпісаў з глухога кутка Беларусі і даў ім вышэйшую адукацыю.
Зрэшты, заробак яго працяглы час быў не пятнаццаць і не сорак, а пяцьсот рублёў у месяц. Гэта была вяршыня, кульмінацыйны пункт у матэрыяльным знаходжанні Брайцава. Сваё жыццё ў гэты час ён называў раскошным.
Па сваёй натуры ён быў неспакойным чалавекам, і дзейнасць бухгалтара яго не задавальняла. Ён пазнаёміўся з рускімі пісьменнікамі, нярэдка наведваў Льва Талстога ў Яснай Паляне, які зрабіў пэўны ўплыў на фарміраванне яго філасофскага светапогляду ў сэнсе крытыкі існуючага правапарадку. Брайцаў нярэдка ўспамінаў потым пра тыя шчаслівыя дні, якія праводзіў у маёнтку Талстога, пра доўгія спрэчкі, пра гасціннасць Соф’і Андрэеўны. Вынікам гэтага сяброўства з’явілася цікавае апавяданне «Иуда» (1899 г.), якое аўтар назваў псіхалагічным эцюдам.
Літаратура грэла душу, але грошай не прыносіла. Нарадзіліся дзеці. Праз нейкі час пісьменнік пачаў вывучаць кветкаводства, потым зрабіўся адвакатам і, нарэшце, вырашыў адкрыць уласны кветкавы магазін. Ён адыходзіць ад Ноева і ў кампаніі з нейкім Сідаравым распачынае будаўніцтва ўласнай аранжарэі. Сідараў быў запрошаны Брайцавым у партнёры як дзялок, і ў гэтым, уласна кажучы, складаўся яго пай. Аднак справа хутка «прагарэла», Якаў страціў усе матэрыяльныя сродкі, сабраныя вялікай працай за доўгія гады. Кампаньён, прыхваціўшы ільвіную частку капіталу, знік у невядомым напрамку. Але нават не гэты крах «выкінуў» купца-пісьменніка з «сядла»: ужо набраныя ў друкарні яго творы «Дудолева лоза» і «Невдашечка Анюта» так і не ўбачылі свет. З гора Брайцаў пачаў моцна піць. Да таго ж бяда не прыходзіць адна. З Забялышына прыходзіць сумная вестка: памёр бацька. Дома, у вёсцы, заставалася маці з малодшай дачкой-падлеткам гадоў дзесяці. Яна не ў сілах была адна справіцца з гаспадаркай і напісала сыну, каб ён прыязджаў дамоў, інакш гаспадарку прыйдзецца распрадаць. Жонка, Праскоўя Сяргееўна, нейкім чынам разабраўшыся з крэдыторамі, павезла ў 1899 годзе цалкам зламанага мужа назад у Магілёўскую губерню.
Зноў, як было дваццаць год назад, пачалося для яго жыццё селяніна. Гаспадарка дрэнна ўдавалася паспеўшаму прызвычаіцца да спакусаў вялікага горада пісьменніку. Яна паступова прыходзіла ў заняпад.
Бацька пакінуў у спадчыну сваім сынам два надзелы зямлі ў сяле і набытыя ад распродажу Забялышынскага маёнтка дванаццаць дзесяцін пад лесам, хмызняком і часткова пад лугам. Малодшыя браты Якава Раманавіча – Іван і Васіль Раманавіч — на бацькаву спадчыну не спадзяваліся. Іван у той час меў дом, вучонае званне прафесара матэматыкі, а Васіль — дацэнта медыцынскіх навук. Яны былі дастаткова забяспечаны і зямлёю не цікавіліся. Якаву Раманавічу дасталася толькі надзельная зямля, астатняя перайшла ў спадчыну да малодшай сястры Ганны Раманаўны па запродажнай, амаль безграшовай здзелцы.
У той час суседскі памешчык фон Гюбенет пачаў распродаж свайго Ерашоўскага маёнтка. Спачатку запрадаў мясцоваму яўрэю Наману Рабіновічу лес на корані на плошчы дзесяцін паўтараста. Якаў Раманавіч набыў ад гэтага распродажу сорак дзесяцін, але карыстаўся гэтай зямлёю нядоўга. У хуткім часе ён сам прадаў гэты надзел другім людзям.
Якаў Раманавіч, які з маленства бачыў уласнымі вачыма прыгнёт дробнага працоўнага сялянства з боку паноў, кулакоў і царскай адміністрацыі, вырашыў заняцца юрыдычнай практыкай і абараняць інтарэсы працоўных людзей. З цягам часу ён сапраўды набыў славу адваката па сялянскіх справах. У ім адкрыўся выдатны аратарскі талент і здольнасць да выкладу самых заблытаных спраў. Якаў Раманавіч зрабіўся бясплатным і безадмоўным хадатаем за бяздольных хадакоў. Больш папулярнага чалавека не было ва ўсім Клімавіцкім павеце. Ён становіцца сапраўдным народным героем, пра якога складаюць легенды. Сяляне цэлымі гуртамі ідуць да яго з усіх навакольных вёсак. Слава пра «страпчага Якуба», пра бескарыслівага хадайніка за неадукаваных і гаротных, разляцелася па ўсёй губерні. Хто ведае, якім шляхам, але яму ўдаецца даказваць справядлівасць сялян у многіх маёмасных і зямельных спрэчках.
Але хутка новае гора «падпільноўвае» пісьменніка. У 1902 годзе, пасля нараджэння апошняга, чацвёртага сына, памерла жонка Праскоўя Андрэеўна.
У перыяд рэвалюцыйных падзей 1905 года Якаў Раманавіч падвяргаўся вобыскам, у яго выкрылі нелегальную літаратуру, і ён знаходзіўся пад наглядам паліцыі.
Сталыпінская зямельная рэформа — курс на стварэнне хутароў і рост кулацніцтва закранулі і Забялышын. У 1910-1911 гадах адбыўся падзел сяла на хутары. Брайцаў атрымаў хутар у 14 дзесяцін і назваў яго «Сярэдні». Аднак хутарская гаспадарка вялася дрэнна. Гаспадар больш займаўся судовымі справамі і часта наведваў валасныя ды павятовыя прысутствы.
У 1913-1916 гадах ён піша свой галоўны раман вялікі раман пад назвай «Среди болот и лесов», у якім апісвае жыццё беларускай вёскі і дзейнасць вядомага экспрапрыятара Аляксандра Савіцкага пад час першай рускай рэвалюцыі. На жаль, гэты вялікі і змястоўны твор, каштоўны з мастацкага боку, поўнасцю не захаваўся пасля смерці пісьменніка.
Ужо пасля лютага 1917 года Якаў Раманавіч працуе спачатку сакратаром Забялышынскага валаснога выканкама, потым Клімавіцкага павятовага выканкама і, нарэшце, займае пасаду павятовага пракурора. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ён працягваў працаваць у Клімавіцкім павятовым выканкаме. У 1920-1922 гадах Брайцаў састаяў членам калегіі Клімавіцкага павятовага аддзела сацыяльнага забеспячэння, а потым-членам калегіі зямельнага аддзела. У наступныя гады, у сувязі з пагаршэннем здароўя, Якаў Раманавіч пераязджае назад у Забялышын і пачынае працаваць у сельскім савеце, а ў 1925-1927 гадах выкладае курс земляробства ў Забялышынскай школе сялянскай моладзі.
У 1925-1926 гадах ён пачаў зноў займацца літаратурнай працай. Напісаў аповесць «Хозяин», у якой крытыкаваў аднаасобную сялянскую гаспадарку, пісаў артыкулы ў «Сялянскую газету»(напрыклад, «В защиту леса» і іншыя) і нават вершы. У гэты час быў прыняты ў члены Усерасійскага саюза пісьменнікаў.
У 1929 годзе пачалася масавая калектывізацыя. Многія людзі з хутароў пераязджалі ў вёску і ўступалі ў калгасы. Але Брайцаў на гэты час быў старым і цяжкахворым чалавекам. Дзеці даўно выраслі і раз’ехаліся, таму пераехаць у вёску не было ніякой магчымасці.
Аднойчы на калгаснай сходцы была ўнесена прапанова раскулачыць Брайцава. Дазнаўшыся пра гэта, Якаў Раманавіч вельмі расхваляваўся. Як знак пратэсту супраць несправядлівага рашэння, ён адмовіўся есці.
Памёр пісьменнік 2 сакавіка 1931 года ў Забялышынскай бальніцы і быў пахаваны на сельскіх могілках сярод сваіх аднасяльчан, тыпы асобы якіх ён паказваў у сваіх творах.
Юлія ШАЛЯПЕНКА,
вучаніца
Забялышынскай школы

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ