Кіраўніцтва РайСТ рэкамендуе яе не проста як прафесіянала, які якасна і адказна падыходзіць да даручанай ей працы, але і чалавека прыстойнага і душэўнага. Заспяваем Ганну Віктараўну дома. Зараз яна ў адпачынку, але без справы жанчына, якая звыклася да працы, не сядзіць: займаецца агародам, хатнімі клопатамі.

Аказваецца, Г. В. Ларчанка ураджэнка Чавускага раена, але, як сама прызналася, за гады пражывання ў Хоцімску лічыць сябе амаль на сто адсоткаў мясцовай жыхаркай. Пекарам стаць не марыла, хоць у дзяцінстве, як кожная вясковая дзяўчынка, дапамагала маці завіхацца ля печы.

— Я па адукацыі швачка, але так склалася жыцце, што яшчэ ў 90-я гады прыйшла працаваць на хлебазавод, так і засталася, — падзялілася Ганна Віктараўна. — А майстэрства швачкі?.. Цяпер толькі хобі.

За жанчынай замацаваны вельмі адказны ўчастак — яна пячэ, так званы, чорны хлеб. А хто не ведае, што хоцімская «цаглінка» — самая смачная ва ўсім свеце. Калі ўжо купіш хлебушак свежанькім, гарачанькім, то бяда — можна адразу ж, не ўтрымаўшыся, з’есці палову. Для фігуры, вядома, карысці ніякай, затое як смачна… Ці то з малаком, ці з варэннем, альбо са свежай цыбулькай ды салам — з усім пальчыкі абліжаш. А яшчэ, як вы ведаеце, наш чорны хлеб не змяшчае ніякіх хімічных рэчываў, а таму умеранае яго ўжыванне толькі на карысць здароўю.

Нейкага асаблівага сакрэту ў падрыхтоўцы смачнага хлеба, сцвярджае пекар, у яе няма. Але, думаю, хітруе. Крышачку добрага настрою, крышачку добрых пажаданняў, ледзь-ледзь сардэчнасці і дробку душэўнасці Ганна Віктараўна ўсе ж у рэцэпт дадае.

А вось дома выпечкай родных жанчына радуе рэдка. Яно і зразумела: самі паспрабуйце рабіць дома тое, што ўвесь час робіце на працы.

— У маім дзяцінстве, як і ў многіх іншых, уся выпечка рабілася проста — у печы. Бліны, хлеб, а па святах белыя булкі. Цяпер жа такая разнастайнасць. І ў краме вочы разбягаюцца. І ў інтэрнэце якіх толькі рэцэптаў няма, — дзеліцца Ганна Ларчанка. І ўсе ж прызнаецца, што зараз ей давядзецца смачнасцямі радаваць блізкіх часцей. Чаму? Нядаўнадачка набыла кватэру зусім побач, таму любімыя ўнукі наведваюцца да бабулі куды часцей. А як жа не парадаваць іх прысмакамі?

«Мая праца — самая звычайная», — упэўнена Ганна Віктараўна. Ой, як памыляецца гэтая простая беларуская жанчына. Бо хлеб — усяму галава. Без яго нават самая дарагая каўбаса нясмачная. Хлеб не проста ежа — ен сімвал заможнасці і дабрабыту. Кавалачак хлеба ратаваў паміраючых ад голаду блакаднікаў Ленінграда, якім сніўся ен, як зараз сняцца нам Багамы. З караваем сустракаюць дарагіх гасцей. Удыхаючы яго водар, людзі быццам акунаюцца ў жытняе поле, якое пахне летам і цяплом роднага ачагу.

Ганна МАВІЧ

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ