У даўніну, у ноч перад Калядамі нашы продкі ладзілі калядкі. Каляда — языч-
ніцкае свята, але традыцыя хадзіць па хатах і хваліць гаспадароў захавалася і пасля Хрышчэння Русі. Праўда, пасля змены нашай краінай веравызнання, у песнях-калядках, акрамя хвалы гаспадарам дома, сталі прысутнічаць і біблейскія сюжэты. Затым традыцыя калядавання на многія гады, па аб’ектыўных прычынах была забытая. Сёння стала модным веданне традыцый свайго народа. Ужо не выклікаюць здзіўлення пераапранутыя маладыя людзі, якія спяваюць песні і чытаюць вершы ўвечары 6 студзеня. Увогуле калядуюць усе святкі, па вечарах, да самага Вадохрышча. Аб існуючай традыцыі на старонках газеты разважаюць журналісты «ШК» Алена Баравікова і Аляксандр Александрын.

— Аляксандр, паколькі ты цяпер загадваеш аддзелам культуры, нацыянальных традыцый і па справах моладзі рэдакцыі, ужо не першы год цесна супрацоўнічаеш з работнікамі раённага цэнтра культуры, напэўна ўжо валодаеш нейкімі ведамі і можаш нешта расказаць пра Каляды?
— Алена, я, канешне ж, не гісторык і не эксперт у гэтай галіне… Ведаю, што Каляды — адно з самых містычных святаў у старажытных славян. Яно менш звязана з сельскагаспадарчым цыклам, а больш з будовай і рухам сусвету. Першы дзень калядаў — дзень, у які даўжыня светлавога дня пачынала павялічвацца пасля зімовага сонцастаяння, звычайна прыходзіўся на 23-24 снежня па сучасным стылі, лічыўся пачаткам астранамічнага новага года. У адрозненні ад сельскагаспадарчага новага года, які з’яўляўся пачаткам працы ў полі, на каляды «нараджалася новае сонца», час «паварочваўся на вясну». Новае сонца ўвасаблялася ў вобразе дзіцяці, выкрадзенага лютай вядзьмаркай Зімою, якая ператварыла яго ў ваўка. Але светлыя сілы, вядома, перамагаюць, гарачыя промні маладога сонца спальваюць ваўчыную скуру, яно вызваляецца з палону цёмных сіл і пакрысе «сталее», з кожным днём набіраючы сіл да вясны.
Само слова «каляды» мае паходжанне ад лацінскага calendae, «календы» — назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і «каляндар»), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску — Кола (Кола дар). З прыходам на Русь хрысціянства, каляды сталі асацыіравацца з Калядамі Хрыстовымі, як з нараджэннем новага свету, новай эры.
— Мне здаецца, наша моладзь не зусім валодае ведамі гэтага звычая, калі адпраўляецца па хатах калядаваць. На асабістым прыкладзе магу адзначыць, як некалькі год таму ў калядны вечарок завіталі да нас дзве дзяўчынкі са словамі «Каляда прыйшла!». Ну, прыйшла і што далей? Пастаялі ў парозе, памаўчалі. Атрымалі заветныя цукеркі і растварыліся, так сказаць, у цемры. Якіх мала-мальскіх патрабаванняў павінны прытрымлівацца дзеці, адпраўляючыся калядаваць?
— На жаль сёння сталі забывацца ўжо і хрысціянскія звычаі і абрады, звязаныя з калядкамі, не кажучы ўжо пра язычніцкія. Толькі нашы бабулі ды дзядулі яшчэ памятаюць калядныя песні. А між тым, гэта адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася, што толькі вяселле, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі істотных татэмных жывёл (мядзведзя — увасабленне Велеса, карову, казу, каня — сімвалы дастатку, багацця, бусла — што лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Гаспадары ж, якіх яны наведвалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней — цукеркі. Гэтая ежа лічылася ахвярай спрыяльным да чалавека баствам, каб заручыцца іх дапамогай. Адмовіць калядоўшчыкам у пачастунках было тое самае, што наклікаць на сябе няміласць усіх татэмных жывёл, пазбавіць сябе дабрабыту на ўвесь наступны год. З поўнымі мяшкамі пачастункаў калядоўшчыкі збіраліся ў адным месцы, у вялікай хаце ці на вуліцы, дзе разам «прыгаворвалі» дары, палілі вогнішчы, пелі ды танчылі ўскруг іх, каб сваёй бадзёрасцю і ўзнятым настроем дапамагчы светлым сілам атрымаць перамогу над цёмнымі. Ну і каб сагрэцца, канешне, бо надвор’е стаяла халоднае.
У адказных калядоўшчыкаў заўсёды маецца з сабой Віфлеемская зорка, Хрысціанскі сімвал Каляд. Наперадзе ідучы нясе яе, устаноўленым на доўгую палку і ўсіх загаддзя моўчкі апавяшчаючы: «Каляда ідзе»!
— Аляксандр, пры-знайся, ці даводзілася табе самому прымаць удзел у калядаванні? Што ў цябе асацыіруецца з гэтай традыцыяй?
— Маё дзяцінства прайшло ў весцы Васілеўка. Там да Каляд заўсёды рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і.
А вечарам абязкова чакалі гасцей-калядоўшчыкаў. Я таксама разам с сябрамі заходзіў да аднавяскоўцаў. Спяваў песні і атрымліваў смачныя падарункі. Памятаю нават невялікі вершык, ён жартоўны. Было менавіта так:
Хрыста слаў! Хрыста слаў!
Мяне бацька паслаў!
А вы людзі знайце — кусок сала дайце!
А наверх каўбасу — я дамоў панясу!
Ужо дарослым прымаў удзел у калядных тэатралізаваных пастанаўках разам з артыстамі РЦК на мясцовай дыскатэцы. Шчыра казаць, шкада, што гэты цудоўны абрад, здаецца, аджывае сваё на Хоцімшчыне. Зараз усё дзейства звузілася да банальнага выпрошвання падарункаў.
— А я таксама памятаю момант з дзяцінства, як дзядуля вучыў мяне майстраваць з лучынак калядную зорку, асабіста запомнілася, што у той вечар мы позна не клаліся спаць, чакалі каляду, пакуль за вокнамі не пачуліся гучныя спевы «Добры вечар, шчодры вечар!». З песнямі і танцамі мясцовая моладзь абыходзіла кожную хату. Бач ты, для кожнай мясцовасці уласцівы свае напевы. Хочацца запытаць і больш сталае пакаленне.
Вось,напрыклад, Таццяна Мікалаеўна успамінае, як калядавалі ў вёсцы Паўлаўка ў 80-90-я гады. Мужчыны пераапраналіся ў жанчын, а жанчыны ў мужчын, абыходзілі кожны дом. Абавязкова ў гэтай групе людзей прысутнічала «каза». Пад гукі гармоніка па вуліцах вёскі разносіліся калядныя напевы. Калядоўшчыкаў усюды сустракалі ветліва, гэта было закладам таго, што будучы год стане ўдачлівым. Уладзімір Іванавіч з Хоцімска расказвае, што група людзей для калядавання павінна складацца як мінімум з 3-х чалавек. Самы галоўны — звяздар. Ён, як правіла, ідзе наперадзе ўсіх і нясе зорку і батлейку. Зорка, як правіла, робіцца з кардона і бліскучай фальгі. Батлейка — своеасаблівы пераносны лялечны тэатр з фігуркамі персанажаў з Бібліі.З кампаніі выбіраюць яшчэ аднаго чалавека — званара. Яму даюць званочак — ён апавяшчае ім усіх людзей аб тым, што ідзе калядаванне. І, нарэшце, трэці важны ўдзельнік — механоша: ён трымае мяшок, куды складаюць ўсе падарункі і пачастункі. Кожны з каманды калядоўшчыкаў павінен абавязкова вывучыць верш або песню-калядку, якія ўсхваляюць Раство Хрыстова і жадаюць дабра і дабрабыту. Перш, чым зайсці ў дом, абавязкова трэба пераканацца, што гаспадары не супраць такой працэсіі.
А паміж тым, жыхары буйных гарадоў зачастую сумуюць па даўніх традыцыях , былі б і рады прывеціць калядоўшчыкаў, ды не завітваюць да іх… Што ж, а нам застаецца назапасіцца на бліжэйшы час прысмакамі для вясёлых гасцей…

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ