У адным з сваіх вершаў Яўген  Еўтушэнка напісаў: “Людзей нецікавых у свеце няма”. Згодна з ім. Кожны чалавек у першую чаргу асоба, і няма яму падобных. Нехта робіць розныя прыгожыя вырабы, хтосьці любіць займацца выпечкай,  нехта піша пейзажы. А ёсць людзі асаблівыя. Іх асаблівасць праяўляецца па-рознаму. Гэта незвычайныя людзі з нейкім сваім успрыняццем свету, асобнымі пачуццямі і  асаблівай дабрынёй. Не буду доўга казаць загадкамі —  хачу расказаць пра свайго сябра.

 З Людай Кавалёвай больш была знаёма завочна. Наведваючы храм, кожны раз сустракала яе на службе. Люда прыцягнула маю ўвагу, але на той момант блізка з ёй знаёма не была. Ды і зараз наша знаёмства больш працякала ў перапісцы па Інтэрнэту. І пасля некалькіх нашых гутарак анлайн, я паабяцала дзяўчыне, што абавязкова напішу пра яе артыкул. Спачатку яна ўзрадвалася, а потым у нейкі момант засумнявалася: ці варта гэта рабіць. Яна нават прапанавала змяніць яе імя, і можа наогул нікаму не будзе цікава пра яе чытаць. Але я Люду разупэўніла. Былі пытанні, на якія дзяўчына не вельмі жадала разважаць. Але нашы агульныя сумненні ў нейкі момант зніклі, і я проста не магла не выканаць дадзенае абяцанне.

Таму свой артыкул хачу прысвяціць ці падарыць, калі жадаеце, чалавеку незвычайнаму, шчыраму, чалавеку вялікай душэўнай дабрыні, сілы волі, чалавеку з незвычайна вялікім сэрцам. Чалавеку, які, нягледзячы на сумныя старонкі, можа заставацца чалавекам бескарыствым, душэўным, вельмі простым і зямным.

Сям’я ў Люды самая звычайная: маці, тата і сястрычка, якая на сем гадоў малодшая за Люду. Люда з дзяцінства была “асаблівым” дзіцём, як сёння прынята казаць. І яна сапраўды чалавек асаблівы.

— Люда, чула ты любіш займацца бісерапляценнем, — было адно з першых маіх пытанняў.

Тады яна адразу выкінула мне фота, зробленага з бісера дрэва. Малюсенькія бісеркі адна да адной нагадвалі сапраўднае дрэўца, толькі зменшанае ў дзесяткі разоў. Аб усіх тонкасцях вырабу кампазіцыі не стану расказваць — зразумела, што работа вельмі тонкая і карпатлівая. Уявіце сабе, якой вытрымкай трэба валодаць, каб зрабіць нешта падобнае. Але Люда ўпэўніла мяне, такое зрабіць не занадта складана. Трэба проста жаданне і крышку часу.

Дзяўчына кожны раз любіць нешта дабаўляць і асвойваць нешта новае, любіць шукаць нейкія новыя цікавыя прыёмы, падбіраць адпаведны бісер. Вось, напрыклад, вырашыла зрабіць сардэчка, але каму робіць не прызналася.

Люда можа многае расказаць пра бісер, у яе нават ёсць свае ўласныя сакрэты, якія яна выкарыстоўвае, калі робіць свае працы, некаторымі яна дзеліцца з сваімі сябрамі. Але гэта далёка не адзіны занятак, якім любіць займацца дзяўчына.

У яе калекцыі ёсць і цікавыя вырабы з саломкі, працаваць з якой дзяўчыну навучыла Тамара Журун. У кожным пялёстачку, у кожнай кветачцы адчуваецца  настрой дзяўчыны. А яшчэ Люда чалавек вельмі вясёлы, пазітыўны, жыццярадасны, адным словам, вялікі аптыміст. І разам з тым сціплы. Яна любіць удзельнічаць у розных конкурсах, але выхваляцца гэтым  не любіць. Кажа, што ў артыкулах у асноўным пішуць пра яе сяброў. У наступны момант мне вельмі захацелася даведацца, каго ж Люда лічыць сваімі сапраўднымі сябрамі. Адказала яна так:

— Сапраўдны сябра павінен быць вельмі добрым, з чулым сэрцам і душой, ён павінен заўжды прыйсці на дапамогу ў любой жыццёвай сітуацыі. Ёсць у мяне сябры, якія мне вельмі дорагі, падтрымліваюць мяне, а сёння ў мяне з’явіўся яшчэ адзін добры сябра, які хоча пра мяне напісаць. Гэта ты.

Прызнаюся, раптам нават разгубілася, пачуўшы такі адказ. Бо зусім і не чакала, што пасля некалькіх размоў з гэтым светлым чалавечкам, буду залічана ў спіс таварышчаў. Мяне гэта кранула да самага сэрца. Вось так мы сталі сябрамі.

Люда па жыцці чалавек вельмі актыўны. Самым дарагім для яе з’яўляюцца яе родныя. А яшчэ яна вельмі любіць дзетак: пагуляць з імі, паўсміхацца ад душы, дапамагчы.

Сапраўднай любіміцай дзяўчыны з’яўляецца кошка Анфіса, якую, калі яна была маленькай, выкінулі, але Люда яе ўратавала, і зараз  кошка ўжо зусім дарослая. Вось нядаўна яны разам з Анфісай удзельнічалі ў конкурсе “Любімы пітомец”. На фотаздымку яна сапраўдная прыгажуня, ды і імя гэта пітомцу вельмі падыходзіць.

Дарэчы, Людзіміла яшчэ любіць займацца фатаграфіяй. Выгляд з акна, ідучы чалавек, лісток на дрэве, кошка — усё што трапляе ў аб’ектыў  фатаапарата. Фатаграфіі аматарскія, але гэты занятак ёй вельмі спадабаецца. А таксама і камп’ютарам яна валодае нядрэнна.

Шчырасць Люды проста немагчыма апісаць словамі. За некалькі нашых перапісак, яна сапраўды стала для мяне вельмі дарагім чалавекам. Кожны дзень праз сацыяльную сетку аказвала прыемныя знакі ўвагі: падарункі, відэа, вершы. Мы размаўлялі аб усім пакрыху, але за гэтымі кароткімі перапіскамі, я зрабіла для сябе нямала важных вынікаў. Адзін з іх: цаніць кожны момант свайго жыцця, кожны ранак і захад, сонейка, расу на траве, сваіх родных і блізкіх, і верыць у цуды. Здавалася б, усё гэта мы ведаем, але часам забываем. Забываем за паўсядзённай мітуснёй, злуемся, крыўдзім блізкіх, зайздросцім.

Калі ўжо мой труд  быў напісаны, мы сустрэліся з Людай, каб выбраць фота. І тут яна раптам дастала маленькае сардэчка са сваёй кішэні і працягнула яго мне.

— Ты цікавілася, каму я раблю сардэчка? Трымай — гэта для цябе, — сказала Люда. — А яшчэ запрашаю цябе на канцэрт, абавязкова прыходзь — я буду там выступаць.

Не буду апісваць сваіх эмоцый, бо іх было столькі, што не хопіць месца. Прыйдзецца пісаць новы артыкул.  А на канцэрт, дзе дзяўчына будзе ўдзельнічаць, абавязкова пастараюся папасць. Напрыканцы ж яшчэ дадам: самым вялікім жаданнем дзяўчыны з’яўляецца даволі простае — каб усе людзі былі здаровыя. Менавіта аб гэтым яна кожны раз моліцца ў храме, а яшчэ аб тым, каб людзі  змаглі перажыць тое, што змяніць парой яны не ў сілах… А калі ж верыць у цуды, то, мабыць, усе мары спраўдзяцца.

Вольга Зайцава

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ