Зладжана працуюць на МТФ "Хоцімскі Тэхнакомплекс" (злева направа) Алена Мінчанка, Мікалай Кузьмін, Лілія Кісялёва

Спакон веку людзі высока шанавалі карысныя ўласцівасці малака. Яны звалі яго «сокам  і эліксірам жыцця». Знакаміты Гіпакрат, напрыклад, называў малако лекамі, Авіцэна сцвярджаў, што малако — лепшая ежа для людзей, а акадэмік Паўлаў зваў малако ежай, прыгатаванай самой прыродай. Малако здаўна было ў пашане, нават прыказка распавядае пра яго карысць: «Малако кароўе ўсім дае здароўе».

Лілія Кісялёва паказвае як працуе даільны апарат
Лілія Кісялёва паказвае як працуе даільны апарат

Вядома, што аграрная галіна Беларусі характарызуецца ўстойлівым ростам вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і “малочныя грошы” з’яўляюцца адной з асноўных крыніц прыбытку беларусаў. Прыемна бачыць, калі якасныя паказчыкі малака  змяняюцца ў лепшы бок. І ў такіх зменах росту  часта ляжыць выкананне элементарных патрабаванняў тэхналогіі вытворчасці малака на фермах. Прычым не проста выкананне, а строгае выкананне тэхналагічных параметраў. Таму паміж словамі малако і заработная плата можна з упэўненасцю ставіць знак роўнасці.

Вось і на МТФ «Хоцімскі Тэхнакомплекс» пра тое, што малако і грошы прамапрапарцыянальныя ці нават тоесныя паняцці добра ведаюць. Гэта своеасаблівы лозунг ці,калі жадаеце, дэвіз дадзенай гаспадаркі. Атрымліваецца аксіёма: малако — нашы галоўныя грошы! І атрымліваюцца яны, галоўным чынам,калі карова  здарова, накормлена ды ў цяпле! Тады прыбыткі адразу множацца  ў разы.

— Вядома цяжка з гэтым не пагадзіцца, — пацвярджае Лілія Кісялёва, аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы, якая ўжо каля 12 гадоў працуе тут. — Бо калі кароўка здарова, добра накормлена, у цёплым хляву, то і лічбы малака гавораць самі за сябе. Нават у народзе так і кажуць: калі кароўка ў цяпле, то і малако будзе на стале. Так яно і ёсць.

На ранішнюю дойку крыху спазнілася, але Лілія Пятроўна ветліва пагаджаецца мне паказаць, як адбываецца сам працэс.

— Вядома з дапамогай тэхнікі працэс дойкі стаў больш просты. Калі раней уручную даводзілася абслугоўваць  да 50 галоў, то цяпер гэта лічба даходзіць да 400 і больш. Але робіцца гэта з дапамогай машыны. Вось падключаем прыбор і чакаем, загараюцца лямпачкі, а калі дойка завершана — прыбор аўтаматычна выключаецца. Пасля ранішняй працы ў нас перапынак, а ў 12 гадзін наступная дойка. Прыемна працаваць, калі побач добрыя  напарнікі. Мая змена — гэта аператар  Алена Мінчанка і слесар Мікалай Кузьмін. Вельмі прыемна, што і кіраўніцтва прадпрыемства ў многіх пытаннях  ідзе насустрач. Штодня ажыццяўляецца падвоз, таму да наступнай дойкі можна і дома штосьці паспець зрабіць,- распавядае аператар.

Лілія Пятроўна спяшаецца прыбрацца ў даільным зале, каб да наступнай змены былі чысціня і парадак. Ва ўборцы ёй дапамагаюць напарнікі, сёння якраз па плане санітарны дзень. Не падумайце, што праца аператара толькі кнопачкі панаціскаць — гэта пэўна не так. Фізічная праца, яна і ёсць фізічная, можа таму тут і не вельмі шмат маладых кадраў, усё больш вопытныя старажылы.

— Дома таксама адпачываць не даводзіцца? — цікаўлюся ў Ліліі Пятроўны.

— Так, — згаджаецца мая суразмоўца. — Жывём у сваім доме, дзе заўсёды можна знайсці працу. Па гаспадарцы муж дапамагае клапатаць, ды і сын не адмаўляе. Хоць у яго ўжо таксама свая сям’я, дзеткі, але ён і аб бацьках не забывае.

— Калі ўжо загаварылі пра дзяцей, памятаеце якое свята набліжаецца? — пытаю жанчыну.

Трохі памеркаваўшы, Лілія Кісялёва звяртаецца за падказкай. А потым, нібы знаходзіць апраўданне.

— Я вядома магу і забыцца, але вось мае мужчыны заўсёды ўспамінаюць і кожны раз віншуюць са святам, кажуць мне добрыя цёплыя словы. Несумнеўна, гэта вельмі прыемна і кранальна.

Зараз і мне цяжка не пагадзіцца са словамі аператара. Бо ў першую чаргу, жанчына — хрупкае і мілае стварэнне і заўсёды важна ёй нагадваць пра гэта. Быццам бы згаджаліся са мной і каровы, якія на імгненне адарваліся ад сваёй трапезы і толькі працягла прамыкалі ўслед.

Вольга Зайцава

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ