Ёсць вельмі добры выраз: «Робячы малое — атрымаеш вялікае». Напэўна, у мітусні падзей, мала хто можа дапамагчы, выслухаць і зразумець выпадковага падарожніка. Таму прафесія сацыяльнага працаўніка проста жыццёва неабходная. І напэўна гэта нават не праца, а нейкі адмысловы стан душы, бо выпадковых людзей тут быць не можа. Чалавек, які абраў гэту працу, павінен валодаць такімі якасцямі як прыязнасць, настойлівасць, цярпенне, працавітасць, цягавітасць, стараннасць. І гэта толькі малая іх частка. Вось і сацпрацаўнік Наталля Анжанка, якая ў сацыяльнай сферы ўжо каля 10 гадоў, не скрывае, што праца ў яе не з лёгкіх, але мабыць ні ў адной іншай прафесіі не ўбачыш такога захаплення проста ад таго, што да цябе прыйшлі. За дзень даводзіцца Наталлі Дзмітрыеўне пракрочыць не адзін кіламетр, каб пабываць у сваіх падапечных, выканаць іх даручэнні. Акрамя а/г Бярозкі ёй трэба пабываць і ў в. Енаполле. У Наталлі Анжанка вялікая дружная сям’я, яна маці дзесяці дзетак. Нягледзячы на гэта, яна ўсё паспявае: і дома ўсе зрабіць, і сваіх бабулек і дзядулек наведаць, і ўсім дапамагчы. І гэтыя самыя дзядкі сталі ўжо для яе, як родныя дзеці.
— Кажуць — чужой бяды не бывае. Ідзеш да іх, а сама ловіш сябе на думцы, што ты спяшаешся, каб пазнаць: ці здаровыя, што было ўчора, якія праблемы, чым магу дапамагчы. Адкрываеш дзверы і бачыш іх, а на душы спакойна і радасна: жывыя, здаровыя, а праблемы — дробязі, вырашым, — дзеліцца Наталля.
У спецыяліста па сацыяльнай працы Любові Кірэевай дазналася, што Н. Анжанка з кагорты працавітых, рахманых і ласкавых людзей.
— Гэта праца зрабіла мяне дабрэй і памяркоўней, — гаворыць адкрыта мая гераіня. — Калі сёння спытаюць мяне, ці шчаслівая я? Я адкажу, што адчуваю сябе шчаслівай, і не жадала б іншага лёсу!
Нейкі мудрэц сказаў, што смех і радасць — гэта часавая анестэзія сэрца. Сацыяльная праца — гэта медаль, з аднаго боку якой — штодзённая і напружаная праца. З іншай — добрыя справы, радасць і шчырыя ўсмешкі 7 падапечных, якія з нецярпеннем чакаюць прыхода Наталлі Анжанка.
Вольга Зайцава

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ