Памятаеце такую цікавую казку пра юную зеленавокую прыгажуню з доўгімі залацістымі валасамі, якія валодалі магічнымі ўласцівасцямі? Так, я маю на ўвазе гісторыю пра Рапунцэль. Гледзячы на Марыю Ігнацьеву, навучэнку СШ №1, адразу ўспамінаецца гэты персанаж, бо падабенства паміж імі проста каласальнае. Маша такая ж рамантычная, разумная, творчая, добрая натура, а яшчэ ў яе такія ж раскошныя і доўгія валасы, як і ў галоўнай гераіні казкі.
У народзе часта кажуць: «Доўгая каса — дзявочая краса». Сапраўды, прычоска з’яўляецца галоўным упрыгожаннем прадстаўніц жаночага полу. Вось і Маша па выніках анлайн-конкурсу «Хоцімская краса — доўгая каса», які прайшоў на сайце раённай газеты, стала абсалютным пераможцам, набраўшы 71% галасоў.
Хочацца нагадаць чытачам, што дзяўчына вельмі любіць займацца вышываннем і не так даўно стала лепшай майстрыхай Хоцімшчыны. Акрамя ўсяго іншага, Маша добра вучыцца і аказвае падтрымку па вучобе свайму малодшаму браціку, а калі спатрэбіцца дапамога па дому, дзяўчына таксама з лёгкасцю справіцца.
— Ніколі не хацелася змяніць імідж? — цікаўлюся ў дзяўчыны.
— Неяк толькі аднойчы захацелася крыху памяняцца,- прызнаецца Маша. — А вось сама ідэя вырасціць доўгую касу цалкам належыць майму дзядулю. Яму заўжды хацелася, каб была ў яго і дачушка. Таму, калі з’явілася ўнучка, ён быў вельмі рады.
— Прызнайся, напэўна, няпроста спраўляцца з такім багаццем? — пытаюся далей.
— Мне даволі часта задаюць гэта пытанне. Па праўдзе сказаць, зусім нескладана, ды і ў доўгіх валасоў ёсць больш магчымасцей выглядаць па-рознаму, варта толькі дадаць крыху фантазіі. Ды і ў крамах сёння такое багацце касметычных сродкаў, што проста вочы разбягаюцца, — дзеліцца прыгажуня.
І ўсё ж, каб заўсёды добра выглядаць, трэба пастарацца, аднак вынік таго варты. Калі Маша ідзе па гораду, усе погляды прыкаваны да яе. Ну скажыце, чым не Рапунцэль? Толькі Хоцімская.
Вольга Зайцава

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ