Неяк у адным з сваіх артыкулаў мой калега Аляксандр Александрын напісаў, што хацімчане так прывыклі да перамог юных спартсменаў Забялышынскай школы, што кожная чарговая ўспрымаецца як належная. Нязвыкла, калі забялышынцы перамог не прывозяць, праўда  такога не бывае. І, мабыць, не ў Магілёўскай вобласці, ні нават у рэспубліцы цяжка знайсці школу, вучні якой ужо на працягу некалькіх год запар становяцца прызёрамі спартакіяд не толькі абласнога, але і рэспубліканскага ўзроўняў. І ўжо сапраўдны феномен, калі размова пачынае заходзіць аб узроўні міжнародным.хотимск

— Недзе каля 12 год таму сярод нямалай колькасці каманд-удзельнікаў аднаго з абласных спаборніцтваў, вучні нашай школы прывезлі  8 месца, — расказвае Аляксандр Сцепчанка, настаўнік фізічнай культуры Забялышынскай школы. — З тых часоў  у нас ужо такая традыцыя — перамагаць.

Чарговая сустрэча таксама не стала выпадковай. Калі Аляксандр Мікалаевіч тэлефануе і запрашае ў госці — значыць ёсць нагода. А нагода, сапраўды, цікавая — Забялышынскую школу наведала адна з былых вучаніц, а цяпер чэмпіёнка свету па пажарна-выратавальным спорце другога чэмпіянату сярод маладзёжных каманд, прызёр 9-га чэмпіянату сярод дарослых каманд у Санкт-Пецярбургу. Але гэта далёка не ўсе рэгаліі. Цудоўная магчымасць сустрэцца і з першых вуснаў даведацца аб сакрэтах поспеху дзяўчынкі з беларускай вёсачкі, якая за даволі кароткі час  паспела стать зоркай.

Як ужо было адзначана, сёння Маша заяўляе аб сабе ўжо на міжнародным узроўні. А першыя  свае спартыўныя крокі яна рабіла, менавіта, адсюль, з гэтага будынка, здавалася б, звычайнай сельскай школы.  Але звычайная Забялышынская школа толькі вонкава, на самай справе — асаблівая. І гэта адчуваецца з першых крокаў, і тут не варта гаварыць шмат слоў, дастаткова наблізіцца да самага яркага месца ў фае — капілкі спартыўных дасягненняў. Аляксандр Сцепчанка  не прызнаецца аб дадкладнай колькасці ўзнагарод, жартуе, што прымета нядобрая. Але той, хто пастаянна сочыць за поспехамі забялышынскіх  спартсменаў, ведае, што іх нямала — каля 3-ох соцен. Уявіце сабе, колькі штодзённай сумеснай працы настаўніка і вучняў схавана за кожнай граматай, кубкам, медалём! Аб гэтым мы можам толькі здагадвацца, а такія, як Маша, ведаюць гэтаму сапраўдны кошт.

— Той, хто аднойчы вырашыць звязаць сваё жыццё са спортам, павінен добра ўсведамляць, якая гэта тытанічная праца: і фізічная, і праца з самім сабой. І часам,  бой з самім сабой з’яўляецца самым складаным — пераканаць сябе, правесць работу над памылкамі, не ленавацца, падняцца і ісці далей, нават тады, калі  здаецца што гэта немагчыма, — прызнаецца Марыя Бараноўская, студэнтка апошняга курса Гомельскага філіяла ДУА “Універсітэт дзяржаўнай абароны МНС РБ”.

На пытанне, калі ўзнікла ідэя звязаць сваё жыццё са спортам, дзяўчына без роздумаў адказвае, што, літаральна, з першых урокаў фізкультуры. Дзякуючы настрою і той падрыхтоўцы, якую заўжды даваў Аляксандр Сцепчанка, не любіць фізкультуру проста было немагчыма. Ён настолькі ўмее запаліць у вачах і сэрцах вучняў спартыўны агеньчык, што ў асноўным кожны вучань школы жадае так ці інакш звязаць сваё жыццё са спортам. А ў дзяўчыны заўжды была асаблівая цяга да фізкультуры: ужо ў 5 класе яна годна выступала на вобласці і рэспубліцы. Настаўнік кажа, што Марыя з лёгкасцю магла перамагчы  любога хлопчыка, і гэта датычылася не толькі нейкага асобнага віда спаборніцтваў. Хаця любімым у Машы ўсё ж з’яўляецца стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. Яна і сёння вельмі любіць прыйсці ў парк адпачынку ў цір і пастраляць. А яшчэ спартсменка прызналася, што раней вельмі любіла займацца харэаграфіяй, спявала ў хоры. Усё гэта ёй вельмі спадабаецца і зараз, але не хапае часу — увесь траціцца на штодзённыя трэніроўкі.

Каардынацыя, спрыт, сіла, цягавітасць, хуткасць — Маша ў комплексе валодае гэтымі якасцямі. А гэта вельмі важна, калі нават і не атрымоўваецца ісці да канца да пастаўленай мэты. Па характары яна сапраўдны баец. Спартсменка ўспамінае аб сваім паступленні ў МНС, калі яе мара ледзь не парушылася і ўсяго з-за аднаго сантыметра ў росце, якога ёй не хапала пры наборы ва ўніверсітэт. Але, дзякуючы яе ранейшым дасягненням і хадайніцтвам, мара стала рэальнасцю.

Аляксандр Мікалаевіч адзін з самых шчырых фанатаў Машы, сочыць за кожным яе выступленнем, перажывае і радуецца, калі яна дабіваецца добрых вынікаў. Цяжка  апісаць  эмоцыі, калі чуе імя сваёй выхаванкі па тэлебачанні — настолькі яны перапаўняюць сэрца радасцю. А яшчэ самая вялікая падтрымка ва ўсіх планах і пачынаннях Марыі — бацькі, якія проста дзень і ноч гатовы распавядаць пра сваю любімую дачушку. Маці працуе настаўніка, а тата – механізатарам.  Але спорт у сям’і Бараноўскіх заўсёды прывітаўся, ды і спартыўныя карані, мабыць, усё ж ад таты перадаліся. Ад мамы — сіла волі і настойлівасць.  Пра гэту сям’ю можна сказаць: мама, папа, я — спартыўная сям’я. Дарэчы, і брат Паша, які якраз у гэтым годзе скончыў школу з залатым медалём, таксама заўзяты спартсмен (2 разрад па стральбе).

Беларусь, Расія, Чэхія, Аўстрыя, Турцыя… Гэта не проста пералік краін, гэта тыя месцы, якія ўжо пакарыла Маша… А колькі вяршынь яшчэ наперадзе. Пачыналася ж усё з таго, што дзяўчыне вельмі пашчасціла і ўжо з першага курса яна становіцца членам Нацыянальнай жаночай зборнай РБ па пажарна-выратавальным спорце.  І гэта быў той сапраўдны шчаслівы  білет у далейшае ўжо сур’ёзнае плаванне. Вось першы чэмпіянат міра, які праходзіў у Гродна, і 10 беларускіх дзяўчат, сярод якіх і Маша, становяцца лепшымі. У баявым разгортванні беларускія спартсменкі  ўсталявалі новы сусветны рэкорд, выканаўшы яго за 25,33 секунды  і стаўшы  па выніках чатырох практыкаванняў пераможцамі II чэмпіянату свету па пажарна-выратавальным спорце сярод нацыянальных жаночых маладзёжных каманд.

Або вось, чэмпіянат свету, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. І зноў новыя перамогi. Каманда заняла трэцяе месца. Ці, напрыклад, III Чэмпіянат свету ў чэшскім горадзе Астрава, дзе мацнейшыя спартсмены свету спаборнічаюць у сумленнай і бескампраміснай барацьбе ва ўздыме па штурмавых усходах, пераадоленні 100-мятровай паласы з перашкодамі, пажарнай эстафеце і баявым разгортванні. І зноў перамога — золата і срэбра.

ХVI міжнародныя спаборніцтвы па пажарна-выратавальным спорце ў Аўстрыі, г. Філлах. Па выніках спаборніцтваў — у Беларусі 4 агульнакаманднае месца, ды і ў асабістым заліку (уздым па штурмавых усходах)  адразу тры першыя месцы. У пераадоленні 100-мятровай паласы з перашкодамі (асабісты залік) у Машы 2 месца. Яе вынік — 16,35. А ў верасні гэтага года пад эгідай Міжнароднай спартыўнай федэрацыі пажарнікаў і выратавальнікаў у турэцкім горадзе Ізмір прайшоў XIII Чэмпіянат Свету сярод мужчын і IV Чэмпіянат Свету сярод жанчын. Наша жаночая зборная ў эстафеце адна з лепшых, у баявым разгортванні ў нашых дзяўчат бронза. Міжнародныя спаборніцтвы на Кубак «Сяброўства» і прыз «Залатая штурмоўка» – у беларускай каманды першае месца ў баявым разгортванні.

І гэта далёка не ўсе перамогі дзяўчыны. На самай справе, калі б пісаць аб усіх, то месца не хопіць. Як не хапае месца ў  рукзаку дзяўчыны, у якім  прынесла свае ўзнагароды. Дыпломы, Граматы, залатыя, срэбныя, бронзавыя медалі, якіх зараз ў калекцыі ўжо 52. А наперадзе яшчэ шмат  перамог і планаў. Прыгажуня з настальгіяй праходзіць па знаёмым калідоры, адчыняе кабінет, дзе яна не так даўно вучылася. Вось і парта знаёмая, толькі замест аднакласнікаў зусім іншыя дзеці, якія сабраліся вакол яе, каб паглядзець на чэмпіёнку і яе ўзнагароды.

У спартсменкі  няма асаблівых куміраў. Таму што мэта ў яе: не старацца быць падобнай на кагосьці, яна жадае іншага — стаць майстрам спорту РБ. І наша Маша робіць усё, каб яе заветная мара ажыццявілася.

Вольга ЗАЙЦАВА.

Фота аўтара

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ