На мінулым тыдні на Хоцімшчыне прайшло сапраўднае свята  песні аднаго з самых любімых беларускіх калектываў —  «Сябры». Ужо на працягу чатырох дзесяцігоддзяў легендарны ансамбль радуе слухачоў сваёй творчасцю, злучаючы самыя лепшыя традыцыі і сучаснасць. Песеннае мастацтва беларускага ансамбля, дзякуючы выканальніцкаму майстэрству і вакальным дадзеным  артыстаў гурта, стала ўсенародна вядомым і любімым.хотимск

«Алеся», «Печкі-лавачкі», «Гуляць так гуляць», «Белавежская пушча, «Полька беларуская», «Лягу прылягу», «Завалінка» — многія з рэпертуара «Сяброў» сталі народнымі, песнямі пра якія ўжо не адно пакаленне прыхільнікаў творчасці  ансамбля, кажа: «Гэта нашы песні»!   У творчай біяграфіі групы вялікая колькасць разнастайных узнагарод і дасягненняў, сярод якіх, бадай, самая высокая — шчырая павага і адданая любоў гледача.

Але  варта адзначыць, беларускі ансамбль «Сябры» — гэта не толькі выдатны саліст і кіраўнік Анатоль Ярмоленка і кампазітар Алег Елісеенкаў. Гэта яшчэ і аўтар пранікнёных слоў,  наш зямляк, паэт Іван Юркін, які змог захаваць і пранесці праз сваё жыццё шчырую любоў да роднай зямлі. Лірыка, як неаднойчы прызнаваўся Іван Захаравіч, заўсёды  ішла з успамінаў таго самага басаногага дзяцінства, якое ён правёў у вёсцы, а мінулае для паэта не тое, што прайшло, а тое, што засталося ў душы. Але нягледзячы на ўсе высокія ўзнагароды і рангі, паэт заўсёды імкнуўся наведаць малую радзіму. Стала ўжо добрай традыцыяй штогод  праводзіць футбольны турнір на прызы генерала Юркіна, наш зямляк пастаянна аказвае матэрыяльную дапамогу талентам Хоцімшчыны, падтрымку тэматычным маладзёжным пляцоўкам на дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, не змог ён  застацца раўнадушным і да сваёй зямлячкі з няпростым дыягназам…  Дарэчы, Іван Юркін  сумесна з Уладзімірам Грыўцовым, кіраўніком медыахолдынга «Агенцтва Грыўцоў»  аказалі спонсарскую дапамогу і  святу беларускай песні (парадку 60 тысяч беларускіх рублёў), на якое былі запрошаны прадстаўнікі прадпрыемств і арганізацый раена.

Трэба адзначыць: сёння ў арсенале  паэта-песенніка каля 150 тэкстаў песень, шматлікія з іх аўтабіяграфічныя. А вось, напрыклад,  сустрэча паэта з кампазітарам Алегам Елісеенкавым і выканаўцам Анатолем Ярмоленка паслужыла асновай для стварэння альбома «Дзе каліна квітнела», які атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы ў вобласці літаратуры і мастацтва. Як прызнаўся Анатоль Іванавіч падчас канцэрту, калі ўпершыню прачытаў тэксты будучых песень,  зразумеў, што гэта сапраўдная паэзія, і нават не выправіў ніводнага слова. У названы  альбом увайшло дзесяць сапраўдных шэдэўраў, назвы якіх кажуць самі за сябе: «Вёска мая», «Салаўіны гай», «Валошкавае поле», «Серабрыстыя росы», «Родны куток». У выкананні «Сяброў» многія прагучалі са сцэны РЦК «МІР». Калі слухаеш гэтыя душэўныя песні  пра вечныя праўдзівыя каштоўнасці жыцця — каханне да роднага краю, да маці, бацькавай хаты, павазе і глыбокай пашане жанчыне, пра пэўнасць і абавязак, пранікаешся пачуццямі кахання, дабрыні і цяпла. Дарэчы, дыскі «Дзе каліна квітнела…» Іван Юркін таксама прапанаваў жадаючым у падарунак. Не змог утрымацца паэт, і ў чарговы раз прачытаў свае пранікнёныя  вершы аб каханні, якія сарвалі бурныя апладысменты аматараў творчасці паэта-земляка…

— Вельмі прыемна зноў сустрэцца ў цудоўным горадзе Хоцімску, дзе  некалі ўпершыню  быў дадзены сольны канцэрт, тут  калісьці пачыналася наша творчая кар’ера,- прызнаўся Анатоль Ярмоленка.- На Хоцімшчыне вельмі шчырыя і ветлівыя  гледачы.

Анатоль Іванавіч спыніўся на тых песнях, што займаюць асаблівае месца ў іх калектыве, а потым прызнаўся, што  асновай  творчасці ансамбля  заўсёды былі песні аб каханні. Падчас выступлення можна было пачуць і добра знаёмыя песні, з якімі шчырыя фанаты ішлі па жыцці, гучалі і новыя, гледачы маглі «закінуць» у кошык любімыя песні, якія «Сябры» праспявалі. Напрыканцы сустрэчы, Дзмітрый Хайноўскі, першы намеснік старшыні райвыканкама, падзякаваў  ансамбль за цудоўны вечар і ўручыў падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.

Трэба было бачыць рэакцыю гледачоў: былі і ўсмешкі, і ноткі суму і настальгіі, увесь зал падпяваў разам з любімым ансамблем тэксты  блізкіх  і  знаёмых песен. Свята беларускай песні  кранула кожнае сэрца — увесь зал апладыраваў стоячы.

Вольга Зайцава.

Фота Алены БАРАВІКОВАЙ

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ