Прызнаюся, што першапачатковай задумай было напісаць артыкул пра бабулю, якая ўсё жыццё прысвяціла вёсцы, да якой штогод прыязджаюць унукі, а яна іх песціць і галубіць, рознымі прысмакамі частуе. Амаль усё так і адбылося. Толькі вось замест магчымай бабулі я ўбачыла прыгожую, прыемную, маладую жанчыну.

Надзею Уладзіміраўну і Міхаіла Іванавіча Лімаравых у вёсцы Трасціно ведае і паважае кожны. Працавітыя, дружныя, гасцінныя, прыемныя суразмоўцы, кожнае лета ў іх доме збіраюцца не толькі дзеці, але і ўнукі, не толькі каб адпачыць, але і дапамагчы сваім блізкім. Дарэчы, унукаў у Лімаравых ужо трое і ўсе хлопчыкі.хотимск

Хто жыве ў горадзе, той ведае, як добра бывае пасля паўсядзеннага шуму прыехаць у ціхі куток, дзе няма мітусні, і справы застаюцца на другім плане. Можна ўзяць вуду і пайсці парыбачыць, ці паплаваць у крыштальнай сцюдзёнай вадзе. Горад дае мноства шанцаў для ўсебаковага развіцця — кінатэатры, разнастайныя выставы і музеі, але менавіта ў маляўнічым і дарагім сэрцу куточку захаваны самыя каштоўныя і дарагія ўспаміны Лімаравых.хотимск

— Кожны свой адпачынак прашу бацькоў, каб яны прывезлі мяне ў вёску, — дзеліцца старэйшы ўнук Мікіта, што прыехаў пагасціць са сталіцы. — Час, праведзены тут, заўсёды запамінаецца. Напрыклад, ранішняя рыбалка, калі мы разам з дзядулем і братам прачыналіся ў пяць раніцы і з вудамі беглі на рэчку. Добра памятаю і першую рыбку, і тую вялізную плотку, якая ўдала сарвалася з майго кручка. Яшчэ цікава было, як хадзілі ў грыбы і па ягады, як наўздагон са Стасікам беглі за дзядулем, калі той збіраўся касіць траву трусам. Карацей кажучы — будзе аб чым расказваць сябрам, калі прыеду ў Мінск.

Пасля насычанага працоўнага дня (бо гаспадарка ў Лімаравых нямалая, аўт.) прадугледжаны адпачынак. Напрыклад, хлопчыкі разам з дзядулем вельмі любяць паспяваць песні. Дарэчы, самая любімая, добра знаёмая «Кацюша».

— Прызнайцеся, хлопчыкі, мабыць бабуля штодзенна гатуе для вас нешта смачнае? А што спадабаецца больш за ўсё? — пытаюся ў Мікіткі і Стасіка.

— Угу, — у адзін голас, нібы дамовіўшыся, кажуць малыя. — У нашай бабулечкі ўсё смачна атрымоўваецца. Асабліва спадабаецца, калі ян ападае нам на сняданак блінчыкі з тварагом.

Сапраўды, як успамінаюць дачушкі Надзеі Уладзіміраўны — Алена і Вольга, у бацькоўскай хаце заўсёды пахла пірагамі. На кожнае свята, ды і без нагоды яго, на стале быў поўны дастатак. Свойскі сыр, каўбаса, фірменныя дамашнія пельменькі, сунічнае варэнне, хрусткія агурочкі, грыбочкі, капуста з журавінамі і кмінам.

— Памятаю свае студэнцкія гады, — успамінае Алена. — Жылі мы з дзяўчатамі на кватэры, гаспадыня ў нас такая добрая жанчына была. Мы, дзяўчаты з вёскі, панапрывозім усяго свойскага, смачнага. А для гарадскіх гэта далікатэс. Дык вось, выкінулі мы з дзяўчатамі на сметнік аднаго разу сыр, які крыху падплесневеў. А яна як убачыла, дык ледзь перажыла. Такую смакату выкідваць — дастала назад.

Калі сустракаюся з сем’ямі, мне заўсёды цікава даведацца пра гісторыю знаёмства гаспадароў. Тут таксама не змагла ўтрымацца, пачала распытваць у гаспадыні.

— Пазнаёміліся звычайна. Калі толькі прыйшла працаваць прадаўцом, маладая зусім была, вось і стала хлопцу цікава: «А што гэта за дзяўчына такая новая?» — успамінае Надзея Уладзіміраўна. — Пазычыў у дзяўчат грошы і прыйшоў у краму, быццам неабходна яму было нешта купіць. Слова за словам, так і пазнаёміліся, потым сустрэліся на дыскатэцы.

— Ніколі не было жадання пакінуць вёску? — пытаюся ў гаспадароў.

— Ніколі. Праўду кажуць — не месца ўпрыгожвае чалавека, а зусім наадварот. Ды і што можа быць лепш за родную вёску, дзе ўсё так знаёма і блізка, кожны лісцік, кожны кусцік нагадвае пра нешта дарагое і блізкае. Тут нашы дзеці пайшлі ў школу, тут з’явіліся ў нас унукі, а ўсе гэтыя моманты  на вагу золата кожнаму чалавеку і нам таксама, — адказваюць Лімаравы.

Дарэчы, што датычыцца важных момантаў. Якраз у мінулым годзе сям’я святкавала важную падзею — каралавы юбілей. Галоўным падарункам для бабулі і дзядулі стала нараджэнне трэцяга ўнука. Вось такі цудоўны сюрпрыз Лімаравы атрымалі  ад малодшай дачушкі на сваё свята.

Вось гэтак, за смачнай гарбатай і бабулінымі піражкамі кожны ўспамінаў самыя цікавыя моманты са свайго жыцця. І трэба сказаць, што ўсе яны былі звязаны з бацькоўскай хатай, якая з’яўляецца для кожнага з гэтай сям’і надзейным прыстанкам, дзе заўсёды выслухаюць, падтрымаюць, падкажуць.

А напрыканцы гэтай прыемнай сустрэчы нават вершаваны радок нарадзіўся. Сям’я Лімаравых з’яўляецца той асновай асноў, дзе заўсёды пануе шчасце, павага, любоў.

Вольга Зайцава

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ