Ніна Куляшова з Батаева як ніхто іншы ведае пра газеты і пісьмы

Ніна Куляшова з Батаева як ніхто іншы ведае пра газеты і пісьмы

180
0
ПОДЕЛИТЬСЯ

Атрымліваць прыемныя знакі ўвагі ад блізкіх і знаёмых заўжды адно задавальненне. І няхай гэта зусім невялікі сюрпрыз: шакалад, маленькая кветачка ці паштоўка. Гэта сёння  можна хоць штодня дасылаць сябрам пісьмы анлайн. Раней, калі яшчэ такіх магчымасцей не было, кожная паштоўка была  на вагу золата. Раптам успомніўся добры савецкі фільм “Белыя росы”, дзе галоўны герой, дзед Фядот, так чакаў добрай весткі ад свайго  сына. А памятаеце, як  потым  сам спрабаваў пісаць пісьмо? Гэта невялікае адступленне,  але  ведаю, што і сёння ёсць тыя, хто беражліва захоўвае адкрыткі савецкай эпохі.

Ніна Куляшова, жыхарка Батаева, ужо працяглы час пенсіянерка. У мінулым Ніна Іванаўна амаль 35 год адпрацавала паштальёнам. Пра паштоўкі і пісьмы, пра газеты і часопісы яна ведае як ніхто іншы. Гэта зараз ад вёсак засталася маленькая крупіца, а раней, калі ўсё вакол жыло і кіпела, паштальён на вёсцы лічыўся чалавекам “нумар адзін”. Яго заўжды чакалі: і ў асенні дожджык, і ў летнюю спякоту, і ў зімнюю завею, і ў траскучы мароз.

— Ну, што, Іванаўна, ці ёсць нам пісьмы? — пыталіся бабы, што збіраліся ля сваіх веснічак.

— Зараз пагляджу, — звонка адказвала маладая дзяўчына з даўжэзнай касой, якая была  сапраўдным гонарам маладой паштаркі, пачынала мацаць рукой у сваёй пудовай торбе, лямкі якой моцна ўпіваліся ў плячо, і даставала кіпу доўгачаканых лістоў. — Ёсць пісьмы — танчыце!

— Нягледзячы на ўсе складанасці, сваю працу  вельмі любіла, хоць яна і не такая простая, як можа паказацца на першы погляд, — працягвае Ніна Іванаўна. — За суткі наматвала столькі кіламетраў, што будзь здароў! Трэба ж было своечасова «раёнку» даставіць у кожны дом. Гэта, калі ўжо веласіпеды з’явіліся? А так усё пешшу, ну, а калі пашанцуе — на кані пад’едзеш.  А які абутак у нас быў? Лапці. Гляджу вось на сучасную моладзь — зусім іншыя. Не ўмеюць радавацца простым рэчам. Мы неяк інакш жылі: і працавалі, і час для адпачынку знаходзілі.  Амаль кожны вечар збіраліся на прызбе, каб песні паспяваць.

Трэба сказаць, што ва ўсе часы ўчастак абслугоўвання ў жанчыны быў нямалы: Князёўка, Ліпакі, Дубраўка, Доўгая Дубрава і іншыя вёскі Хоцімскага раёна. Сапраўды прыходзілася стаптаць не адну пару лапцей, але Ніна Куляшова ўпэўнена, што такія пешыя прагулкі былі для яе толькі на карысць. Як прызнаецца жанчына, «раёнку» яна заўсёды і сама выпісвала,  і жыхары вёсак сваёй роднай газеце аддавалі перавагу. Таму план часта выконвала нават звыш нормы.

— А як жа, — дзеліцца мая суразмоўца. — Трэба заўсёды быць у курсе навін, што адбываюцца на Хоцімшчыне. Я нязменна чытаю ад першай да апошняй старонкі. Больш за ўсё цікавяць артыкулы пра простых людзей, што жывуць і працуюць у раёне. Цікава прачытаць пра тых, каго ведаеш. Вось і сама нечакана-негадана стала “зоркай”, хоць па натуры я чалавек не публічны.

Сапраўды, паштальён са стажам не жадае многім выхваляцца, нават, каб знаёмыя раптам не падумалі, што заганарылася суседка — красуецца на першай старонцы. Аптыміст па жыцці, яна ва ўсе часы прымала актыўны ўдзел у жыцці вёскі: была раённым дэпутатам, рабіла дэпутатам у сельскім савеце, была старастам вёскі. Ды і сёння  любому дапаможа і падкажа саветам, пагутарыць, умела знойдзе падыход да любога чалавека. І як лічыць Ніна Куляшова сапраўдны паштальён, без сумнення, павінен добра валодаць усімі гэтымі якасцямі.

Вольга Зайцава.

Фота аўтара

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ