Калі наша машына, пераадольваючы перашкоды, пад’ехала да прызначанага месца сустрэчы — крамы ў вёсцы Енаполле — мясцовыя жыхары, якія сабраліся тут, раптам, замітусіліся, захваляваліся: маўляў, прэса прыехала, ды яшчэ і з фотаапаратам. Няўжо  спецыяльна «наляцелі» недахоп які знайсці і ў газету пра гэта напісаць. Аднак я хутчэй паспяшалася ўсіх супакоіць і развеяла іх асцярогі, патлумачыўшы, што ва ўмоўленым месцы чакаю сустрэчы з Таццянай Кірэевай, якая працуе паштальёнам.

«А-а-а, наша Таня, — у адзін голас падхапілі мясцовыя жыхары. — Так яна ў нас малайчына, заўсёды ўважлівая, ветлівая, адказная, і самае галоўнае — добры і спагадны чалавек «.

Пакуль я гутарыла з тымі, хто сабраўся, падаспела і сама Таццяна Уладзіміраўна, як і прынята паштальёну, з вялікай торбай праз плячо, якая ўмяшчае больш за сотню асобнікаў розных газет і часопісаў.

Вось ужо 16 гадоў як Т.В. Кірэева працуе ў дадзенай прафесіі. За гэтыя годы працавала і начальнікам аддзялення паштовай сувязі, потым перавялася паштальёнам. Абслугоўваючы суседнія вёскі, часта даводзілася пешшу дабірацца і ў спякоту, і ў сцюжу, але заўсёды дастаўляла пошту без збояў. У апошнія гады Таццяна Кірэева абслугоўвае толькі свой участак у Енаполлі, і ў кожным доме ёй рады, чакаюць Таццяну Уладзіміраўну са свежымі газетамі і, вядома, навінамі. Акрамя раздачы газет і пенсій, збірае Таццяна Уладзіміраўна і заказы на тавары народнага спажывання, а потым машына з Хоцімска гэтыя заказы дастаўляе. Жыхары вёскі добра ведаюць Таццяну Кірэеву, бо большую частку свайго жыцця яна пражыла ў гэтай вёске, таму і давяраюць паштальёну.

– Бывае, — прызнаецца мая суразмоўца, — іду па вуліцы, а мне вяскоўцы заказы робяць, часам, пад адкрытым небам нават падпіску афармляем. Больш за ўсё майму прыходу радуюцца пенсіянеры, калі я ім пенсію прыношу.

За гады сваёй працы Таццяна Кірэева неаднаразова ўзнагароджвалася Граматамі. Вось і ў гэты раз за сваю працавітасць, стараннасць, адказнасць да прафесійнага свята Таццяна Кірэева ўзнагароджана Ганаровай граматай Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта». Хацелася б пажадаць поспехаў гэтай безжурботнай, усмешлівай жанчыне, каб яе, як і цяпер, з нецярпеннем чакалі ў кожнай хаце, а праца паштальёна заўсёды была запатрабаванай і значнай.

Іна Дзмітрачкова

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ