Ёсць такі жарт, што 18 год спаўняецца толькі раз у жыцці, 81 год і таго радзей. У гэтым сэнсе Хоцімскай раённай газеце «Шлях Кастрычніка» пашанцавала. Сёлета калектыў рэдакцыі перасягнуў парог у 81 год. Летась у абласных архівах мы адшукалі падшыўку Хоцімскай раённай газеты, тады яшчэ «Калгаснай звязды» за 1939 год. Ідэя пра тое, каб цяпер праз амаль 80 год надрукаваць некаторыя артыкулы нарадзілася яшчэ тады, але, як гаворыцца рукі не даходзілі. І вось зараз напярэдадні Дня друку, мы ўвасабляем ідэю ў жыццё. Прыведзеныя ніжэй матэрыялы былі апублікаваны на старонках «раёнкі» на працягу ўсяго 1939 гада. Мы захоўваем стыль і арфаграфію аўтараў. Дзіўна, але шматлікае з надрукаванага актуальна і ў наш час.

Добрая трактарыстка

«Я ў гэтым годзе працаваў напарнікам на адным трактары з тав. Рабцавай. Вось таму я ведаю тав. Рабцаву, як добрую, чэсную і руплівую трактарыстку. Яна добра авалодала і кіруе трактарам. А калі якая частка сапсуецца, гэта ёй страўлялася на хаду без усякай затрымкі. У гэтым годзе мы перавыканалі наркамзёмаўскі план на 104 працэнта. Перавыканаўшы норму мы падрыхтавалі, адрамантавалі свой «Челябинец» яшчэ к 1 лістападу. Зараз наш трактар у поўнай гатоўнасці к вяснова-пасяўной кампаніі. Тав. Рабцава ад малапісменнай выйшла ў граматную лепшую трактарыстку, добра авалодаўшы трактарам. Я падтрымліваў першым прапанову калгаснікаў аб вылучэнні тав. Рабцавай кандыдатам у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў працоўных. Лепшая трактарыстка апраўдае давер народа, працуючы ў органах нашай улады».

Трактарыст Кавалёў

(23 лістапада 1939 г. № 94)

Памерзла бульба

У гэтым годзе калгас «Батаева» Батаеўскага сельсавета, атрымаў нядрэнны ўраджай бульбы. Усе калгаснікі былі рады такому ўраджаю. Але ў калгасе знаходзіцца такое кіраўніцтва, якое дзякуючы сваім безадказным дзеянням, агарчыла зараз калгаснікаў. Праўленне калгаса і асабіста яго старшыня Яфрэмаў не патурбаваліся, каб своечасова перабраць і захаваць бульбу. Гэту работу яны зацягнулі, а тут наступілі маразы, і вялікая колькасць добраякаснай бульбы памерзла. Каб «уладзіць» дапушчаную памылку, праўленне рашыла раздаваць гэту мёрзлую бульбу на працадні калгаснікаў.

Безэфектыўныя рэзультаты атрымаліся ў калгасе і з гароднінай. Па патрабаванню калгаснікаў вясной было пасаджана 3 га капусты і гуркоў. Многа працадзён было затрачана калгасам на догляд гародніны. Аднак у час уборачнай кампаніі пра гародніну нават забылі і яе стравіла жывёла.

Калгаснікі жадаюць, каб віноўнікі гэтых агідных спраў панеслі адпаведнае пакаранне.

К. ( 23 лістапада 1939 г. № 94)

Разлічыліся з дзяржавай па зернепастаўках

Калгас «Маяк» Елавецкага сельсавета», першы ў раёне распачаў здачу дзяржаве зярна. На 30 ліпеня гэты калгас поўнасцю разлічыўся з дзяржавай па пастаўках зярна. Здадзена 8 тон добраякаснага зярна. Акрамя гэтага «Маяк» здаў 2 тоны зярна для пагашэння пазыкі.

Поўнасцю з зернапастаўкамі дзяржаве разліцыліся і калгасы «Новы свет» (здаў 2,5 тоны) і «Прагрэс». Гэтыя два калгасы зараз прыступілі да выканання натураплаты МТС. Калгас «Прагрэс» ужо здаў у лік натураплаты 3 тоны дабряякаснага зярна.

Старшыня Елавецкага сельсавета — Каротчанка.

(2 жніўня 1939 г. № 62)

Калгаснікі павышаюць сваю пісьменнасць

Зразумеўшы вялікае значэнне ліквідацыі непісменнасці і малапісменнасці настаўнік Клінскай пачатковай школы Калугін Дмітрый ужо даўно распачаў заняткі з непісменнымі і малапісменнымі калгаснікамі калгаса «Шлях Ільіча». Кожны тыдзень ён праводзіць па трое заняткаў. Заняткі праходзяць цікава і іх наведываюць зараз усе непісменные і малапісменные калгаснікі.

Пасля пладатворнай вучобы (пасля заняткаў) калгаснікі разам з настаўнікам разучваюць і спяваюць песні аб заможным калгасным жыцці, аб бацьку вялікім Сталіне, які забяспечыў ім права не толькі на працу, але і на бесплатную асвету.

Добра наладзіў работу па ліквідацыі непісменнасці і малапісменнасці сярод калгаснікаў калгаса «Авангард» Ельнянскага сельсавета камсамолец Шпакоўскі Д. Заняткі ён праводзіць рэгулярна і цікава.

Але у радзе месц раёна ў гэтым годзе зусім яшчэ не распачалі работу па ліквідацыі непісменнасці і малапісменнасці.

Трэба па прыкладу перадавых кіраўнікоў лікпунктаў у бліжэйшы час ва ўсіх калгасах і сельсаветах раёна забяспечыць рэгулярнае правядзенне заняткаў з малапісменнымі і непісменнымі.

Дземянкоў І., Застольскі М.

(5 студзеня 1939 г. № 2)

Прэміраван бясплатнай радыё-кропкай

У час радыёфікацыі калгаса «Чырвоная пчолка» Хоцімскага месткома, аддзелам сувязі тут з боку калгаснікаў была арганізавана добрая дапамога. Сваечасова былі загатоўлены і падвезены стаўбы, для правядзення лініі. Была выдзелена неабходная рабочая сіла.

За добрую дапамогу Хоцімскі радыёвузел прэміраваў калгас бясплатнай радыё-кропкай.

( 8 студзеня 1939 г. № 3)

У кожны двор – газета

Члены сельскагаспадарчай арцелі імені Будзённага Ельнянскага сельсавета у гэтым годзе амаль усе падпісаліся на газеты. У кожны калгасны двор выпісаны газеты. Асабліва вялікая частка калгаснікаў падпісалася на сваю раённую газету «Калгасная звязда»

Падабед В. Марчанка А.

(21 студзеня 1939 г. № 7)

«На гэта няма грошай»

«На гэта няма грошай…», так  адказвае старшыня калгаса «Чырвоная зорка» Чарняўскага сельсавета, калі ў яго калгаснікі запытваюцца, чаму не выпісваюць газет.

Калгаснікі вельмі цікавяцца, што адбываецца ў нашай краіне, як змагаюцца гераічныя народы Іспаніі і Кітая супраць інтэрвентаў. Аднак старшыня калгаса не выконвае патрабаванне калгаснікаў.

Брачкоў Змітрок

(23 лютага1939 г. № 16)

Свабоднае раўнапраўе

Сёння, калі шчаслівая савецкая жанчына святкуе слаўную гадавіну Камуністычнага Міжнароднага жаночага дня, нявольна ўспамінаеш тое праклятае мінулае, пры якім жыла жанчына пры царызме. Асабліва дрэннае жыццё было пры царызме яўрэек. У царскай Расіі працоўных жанчын-яўрэяк марылі з голаду, рабілі на іх пагромы. Такі ж лёс зараз жанчын у капіталістычных краінах.

Камуністычная партыя, савецкая ўлада і вялікі Сталін забеспечылі савецкай жанчыне, якой бы яна не была нацыянальнасці, роўныя правы з мужчынай ва ўсіх галінах яе дзейнасці. 10 год я ўжо працую ў швейнай арцелі «Пролетарский труд». За апошнія гады я перевыконваю нормы выпрацоўкі, за што некалькі раз прэміравалася праўленнем арцелі. За люты месяц я выканала месячны план 124 працэнты.

Святкуючы радасны жаночы дзень, я абавязуюся яшчэ больш павысіць вытворчасць сваёй працы.

Работніца швейнай арцелі «Пролетарскій труд» — Ліфшыць  Песя Б.

(8 сакавіка1939 г. № 20)

Першы май

Пышнай рунню ўсміхаюцца нівы.

Ясна пад сонцам цвіце родны край.

У брацтве народы краіны шчаслівай,

Сёння святкуюць прыгожы наш май.

 

Песню пра Першы Май звонка і зычна

Спяваюць рабочы, студэнт, селянін.

У школах і сёлах, і ў цэхах фабрычных

Аднолькава слова гучыць «гражданин».

 

З крыла маўзалея руку падымае,

Любімы і мудры наш Сталін, наш свет,

Ён ветла сваіх сыноў, дочак вітае,

Што сустрэлі дастойна

                                дзень слаўных пабед.

П. Прыходзька

(1 мая1939 г. № 37)

Вечар, прысвечаны Дню друку

7 мая ў г.п. Хоцімск адбыўся вечар, прысвечаны Дню друку.

На вечары прысутнічалі селькоры раённай газеты, рэдактары насценных газет, партыйны, камсамольскі і прафсаюзны актыў раёна. У памяшканні кіно-тэатра была зроблена вітрына паказу лепшых насценных газет калгасаў раёна. Тут жа распаўсюджвалі матерыялы XVIII з’езда ВКП (б), марсісцка-ленінскую і мастацкую літаратуру

(9 мая1939 г. № 39)

Арганізаваць радасны вольны час дзяцей

Чаканы намі летні адпачынак прыйшоў. Для правядзення гэтага адпачынку піянерам патрэбна арганізаваць гульні, хадзіць на рэчку, у лес, у поле. Яны павінны добра і весела адпачыць, набрацца сілы і энергіі, каб у новым 39-40 навучальным годзе вучыцца на «выдатна» і добра».

Але не хоча зразумець арганізаванага  правядзення летняга адпачынку піянераў важатая піянерскага звяна пры Баханоўскай НСШ. Яна не правяла ніводнага схода, ніводнай з піянерамі па пытанню іх адпачынку, і чым яны павінны займацца у летні час.

Сідорын І.

(27 чэрвеня 1939 г. № 52)

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ