Усё ў свеце пачынаецца з малога, усё нараджаецца з малога, а потым вырастае: маленькі парастак становіцца вялікім дрэвам, раўчук уліваецца ў раку, словы перарастаюць у сказы і вялікія раманы, з пары маленькіх нот складаюцца  вялікія мелодыі. Вось так і мы: пачынаем спазнаваць жыццё ў школе. Бо школа — першы крок да самастойнага жыцця, гэта пачатак усяго… Пра школьныя гады ў кожнага чалавека заўсёды застаюцца цёплыя і светлыя ўспаміны, таму што лепшыя гады праходзяць менавіта тут. Здаецца, яшчэ ўчора, перадужаўшы сваё хваляванне, я нясмела пераступіла парог СШ №1. А сёння ў сценах роднай школы штодзенна па маленькіх цаглінках вучыцца чытаць, пісаць,сябраваць мой сынок…

Калі крыху вярнуцца ў мінулае, то гісторыя стварэння СШ №1 вельмі цікавая, і пачыналася яна яшчэ задоўга да таго, калі ў 1961 годзе ў цяперашні будынак  упершыню адчыніліся дзверы для заняткаў. Тады ўсе жыхары Хоцімска радаваліся, што самы прыгожы будынак аддадзены ў распараджэнне дзятвы. 25 гадоў «тры Пятры» — Агурцоў, Люсікаў і Гаваркоў  узначальвалі школу, а вось ужо больш 20 год за штурвалам школьнага карабля стаіць Галіна Белікава. Нельга забываць пра дружны і згуртаваны калектыў педагогаў, якія ва ўсе часы захоўвалі і прымнажалі лепшыя традыцыі школы, вучылі дабру, справядлівасці і працавітасці.

— За плячамі ўжо нямалы досвед, і ў кожнай школы ёсць свае добрыя традыцыі. Ёсць і тое, што іх родніць і аб’ядноўвае. І варта адзначыць, сёння наша перамога — вынік штодзённай працы педагогаў, вучняў, бацькоў.  З гонарам можна сказаць, што ў сценах СШ №1 вырасла шмат годных людзей, выйшла на вялікую жыццёвую дарогу  вялікая колькасць выпускнікоў, — дзеліцца Галіна Міхайлаўна, дырэктар СШ №1. — Выпускнікі  нашай школы паступаюць і паспяхова навучаюцца ў  вядучых ВНУ рэспублікі,  працуюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, ва ўсіх кутках нашай  краіны.  Шматлікія з іх сёння паспяхова займаюць кіраўнічыя пасты, працуючы на карысць роднага краю (Н. Холалава, А. Даніленка, А. Парфененка, А.Цішчанка, П. Шобік, Г. Дарашэнка, В. Дуняшэнка, У. Ячмянеў, А.Ткачоў, Н. Яфрэменка, М. Кошкін, А. Лобаў, Т. Зарэцкая, І. Меркуленка, Дз. Сёмачкін, Дз. Кокатаў, Л.Мінчанка і інш.). Прыемна адзначыць, што 20 былых выпускнікоў, якія скончыўшы СШ №1, ужо ў якасці педагогаў зноў вярнуліся ў родныя сцены, бо  менавіта тут яны пакінулі часцінку свайго сэрца. Не магу не ўспомніць пра заслужаных настаўнікаў БССР, выдатніках адукацыі РБ, якія без рэшткі аддалі сябе дзецям і роднай Хоцімшчыне: Кацярына Бурдзілава, Пелагея Шкаленка, Аляксандра Каржукова, Раіса Старасвецкая, Еўдакія Хадарэнкава, Валянціна Салдаценка, Валянціна Баурына.

Настаўнік — дарадца, сябар, памагаты і маці, і сонейка прамень. У СШ № 1 працуюць выдатныя педагогі, якія маюць высокі прафесійны ўзровень: 45 з вышэйшай адукацыяй, 38 — з вышэйшай, першай і кваліфікацыйнымі катэгорыямі!  Яны сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы:  працуюць творча, аддаючы  дзецям усю сваю душу. Многія  з іх прысвяцілі вельмі вялікі адрэзак свайго жыцця педагогіцы. Гэта Ірына Юр’ева, Іван і Галіна Сеграневы, Наталля Тарасава, Зоя Цэйтліна, Валянціна Мільчанка, Раіса Траханава, Надзея Сотнікава, Алена Кудраўцава, Аксана Ларчанка, Наталля Суслянкова, Ірына Акімава, Наталля Мяньшэніна, Алена Корнева і інш.

— За 2016 год абсалютным пераможцам сярод устаноў адукацыі раёна прызнана СШ №1. Пагаворым пра дасягненні школы за мінулы навучальны год.

— У нашай школе існуе шмат традыцый. Гонар школы — яе вучні, якія штогод з’яўляюцца прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па розных прадметах, перамагаюць у спартыўных спаборніцтвах і разнастайных конкурсах, займаючы прызавыя месцы. Мінулы год – не выключэнне, і  прынёс у  школьную скарбонку  значныя перамогі, — працягвае распавядаць Галіна Міхайлаўна. — Нашы дзеці атрымліваюць выдатныя веды, бо наша адукацыйная ўстанова імкнецца забяспечыць той узровень навучальнай падрыхтоўкі, які адказвае высокім запытам грамадства, паўнавартаснай, усебаковай, якаснай адукацыі. Сярэдні бал навучэнцаў 9-11 класаў па выніках мінулага навучальнага года склаў 7,1-7,5 бала. За мінулы навучальны год 3 выпускніка атрымалі сведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай «выдатна». Ёсць у нашым арсенале і атэстат адмысловага ўзору і залаты медаль у Яніны Ткачовай. Нашы вучні ўвесь час удзельнічаюць  у конкурсах навукова-даследчых прац. Праца Левановіч Анастасіі адзначана дыпломам 3-й ступені па выніках абласнога конкурсу ў секцыі «Нямецкая мова»; праца Саўчанкі Уладзіслава, Прыснакова Станіслава  адзначана заахвочвальным водгукам па выніках абласнога конкурса ў секцыі «Фізіка»; праца Ткачовай Карыны  адзначана заахвочвальным водгукам па выніках абласнога конкурсу ў секцыі «Геаграфія». Дзеці ўвесь час атрымлівалі ўзнагароды за спартыўныя спаборніцтвы раённага, абласнога, рэспубліканскага маштабу, а таксама паказвалі добрыя вынікі на міжнародных, рэспубліканскіх, абласных выставах, конкурсах, аглядах, фэстах, спаборніцтвах, якія праводзяцца Міністэрствам адукацыі РБ. (Ткачова Карына — 2-е месца ў рэспубліканскім конкурсе даследчых прац навучэнцаў «Святынi Беларусi: пакуты i перамогi»; Суслянкоў Кірыл і Зайцаў Сяргей — 1-е месца ў рэспубліканскім конкурсе «Выконваем законы дарог»; Саўчанка Ганна ўзнагароджана дыпломам пераможца ў рэспубліканскім  конкурсе «Мой Максім Багдановіч»; Галіна Белікава — 3 месца ў конкурсе электронных буклетаў «Магілёўшчына праваслаўная»; Каротчанка Мікіта, Абраменка Дзяніс узнагароджаны дыпломам  пераможца  ў конкурсе «Навука і яе творцы» і інш.). Гэта толькі невялікая частка перамог, усё адразу і не пералічыць, але з упэўненасцю магу сказаць, што нам ёсць чым ганарыцца і да чаго імкнуцца. Я не сумняваюся, што досвед, які назапасіла школа, далейшая дзейнасць педагагічнага калектыва дазволяць ёй заўсёды заставацца адной з лепшых навучальных устаноў.

Пройдуць гады. Мы абавязкова будзем успамінаць родную школу, настаўнікаў, аднакласнікаў, мы будзем распавядаць пра яе сваім дзецям. Гэтыя ўспаміны будуць светлымі, бо «школьныя гады — цудоўныя самыя». Сапраўды, школа  дае крылы і вучыць лятаць, толькі трэба абраць кірунак і правільны курс. Што наперадзе? А наперадзе новыя адкрыцці і нечаканыя павароты, віры падзей  і вадаспады ведаў… Наперадзе звычайнае маленькае. Не. Вялікае школьнае жыццё…

Вольга Зайцава

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ