Адбылося чарговае пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку г.п. Хоцімск пад кіраўніцтвам старшыні СГПАП Аляксандра Цішчанкі, на якое былі запрошаны людзі, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні. У працы пункта прыняла ўдзел Ірына Хучава, намеснік пракурора Хоцімскага раена.

І быццам бы новае пасяджэнне, а ўсе выклікае пачуцце «дэжавю»: у кожнага з запрошаных гісторыя моцна звязаная з алкаголем.
Вось, напрыклад, Павел. 24 гады. На пасяджэнне з’явіўся героем: грудзі колам, пагардлівы погляд, манеры гопніка. Увесь яго выгляд кажа: вось, маўляў, глядзіце які Я, ды мне вашыя маралі «ішлі і ехалі»… А між тым сітуацыя ў яго сям’і зусім не радасная. Бацька злоўжывае, на гэтай глебе бацькі часта скандаляць. Маці працуе з раніцы да ночы, каб пракарміць «кіраўніка сямейства». Сам Павел ездзіць на заробкі ў Расію, і быццам бы зарабляе нядрэнна, вось толькі замест таго, каб збіраць грошы, ен іх прапівае. Гэтакая рамантыка: «заробіў, выпіў, заробіў, выпіў…» Натуральна, што маці гэта не даспадобы, але ні слухаць, ні чуць яе сын не жадае. Сітуацыя дайшла, як гаворыцца, да кропкі кіпення. Маці была вымушана выклікаць міліцыю на сына-скандаліста.
Любы разважны чалавек разумее, што маці будзе абараняць сына да апошняга, апраўдваючы яго ўчынкі, і калі ўжо выклікала міліцыю, значыць, яна проста не ведае, што ўжо і рабіць.
Шкада, але Павел так нічога і не зразумеў. Будзе страшна і горка, калі дойдзе да яго жыццевая ісціна толькі тады, калі маці не стане…
У кабінет заходзіць мужчына. Знешні выгляд ахайны. Аказваецца, што ў парушальніка «дзіўныя адносіны» са спіртным. Месяцаў па сем ен і на кончык языка не спрабуе алкаголь, а затым… Затым здараецца непапраўнае. Вось вадзіцельскіх правоў ен ужо пазбавіўся, а цяпер і працы… Яго, вартаўніка, у стане алкагольнага ап’янення заспелі на працоўным месцы, а ахоўваў мужчына не абы што, а тэхніку…
Мужчыне рэкамендавана звярнуцца да спецыяліста. Магчыма, яму патрэбна дапамога псіхатэрапеўта, каб дарослы «хлопчык» навучыўся вырашаць свае праблемы не з дапамогай гарэлкі ці віна, а выкарыстоўваючы ўнутраныя рэзервы сваей сілы духу.
Міхаіл, будучы вартаўніком, «сам у сябе» украў мяшок камбікорму. Быў злоўлены з доказамі злачынства. Цяпер яму трэба не толькі заплаціць штраф у памеры 10 базавых велічынь (230 рублеў), але і шукаць новую працу.
— Нячысцік папутаў, — тлумачыць крадзеж мужчына.
— А вы ведалі, што красці нельга і якое пакаранне за гэта прадугледжана? — пытаюць яго члены Савета.
— Да, вось і ў нашай раенцы чытаў пра падобныя здарэнні, як даяркі выносілі малако з фермы… Але ж я лічыў, што мяне гэта абыдзе…
Не абышло… Пакаранне Феміда не прамінула прымяніць суровае.
Вось і ўзнікае да ўсіх запрошаных адно пытанне: «Чаму ведаючы, кожны з іх думаў пра «авось»?» Ану, буду піць і алкаголікам не стану. Ану, украду і мяне не зловяць. Ану, сяду п’яным за руль і ўсе абыдзецца. Разумныя, як гаворыцца, вучацца на чужых памылак, а дурныя… Дурным усе трэба выпрабаваць на ўласным жыцці…

Ганна МАВІЧ

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ