Смірновы жывуць па-гаспадарску

Смірновы жывуць па-гаспадарску

245
0
ПОДЕЛИТЬСЯ
Сям'я Смірновых

Чыстая святліца, смачна пахне духмянымі пірагамі, дзіўная атмасфера дабрыні і цеплыні, гарэзлівы кот, які згарнуўся абаранкам сярод хаты. Менавіта такія малюнкі ўсплываюць перад вачамі, калі размова заходзіць аб дамашняй утульнасці. І калі раптам зазірнуць у каляндар, можна ўбачыць — нават Міжнародны дзень гаспадыні і гаспадара існуе. І хоць гэты дзень не лічыцца афіцыйным святам, але смела можна параўнаць штодзённую працу гэтых людзей з няпростай працай хлебароба…

Літаральна некалькі дзён таму на сайце раённай газеты па выніках конкурсу была выбрана «Лепшая майстрыха Хоцімшчыны». Далей гаварылася аб тым, што прыбесядскі край багаты на таленавітых неардынарных асоб. Сённяшняя размова менавіта пра такога чалавека. Знаёмціся. Ніна Смірнова, жыхарка вёскі Ліпаўка. Ніна Андрэеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку каля 15 год, так сказаць «дамахазяйка» са стажам, а яшчэ пра такіх людзей прынята казаць — вясковая інтэлігенцыя.
Ніна Андрэеўна чалавек актыўны, без справы сядзець не любіць. Вось і сёння на ровары яна збіраецца на кірмаш. Дарэчы, колькі сябе памятае — заўсёды ёй нешта трэба рабіць. Жанчына прызнаецца: пастаянны рух дапамагае забыць пра некаторыя нюансы са здароўем.
— Кажуць, рух аказвае станоўчае ўздзеянне на арганізм чалавека. Яно сапраўды так. Толькі прысядзеш, здаецца нешта не тое. Па праўдзе сказаць, асабліва сядзець і часу няма, — з жартам адзначае мая суразмоўца.
Калі заходзіш у двор, адразу бачна, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Праходжу ў пакой, які ўпрыгожваюць вышываныя працы Ніны Смірновай — дух займае. І тут толькі невялікая частка прац, палова раздорана.
— У мяне часта пытаюць, навошта ты марнуеш свой час? Купіла ў краме карціну — і бывай. Не разумеюць, што ў гэтыя працы ўкладзена часцінка маёй душы, — дзеліцца Ніна Андрэеўна.
Сапраўды, гледзячы на шэдэўры маёй гераіні, здаецца, адчуваеш, з якім настроем выканана кожная карціна. Вось на куце тры іконы, адкуль залагоджана як жывыя глядзяць святыя. Побач размясцілася кампазіцыя з кветкамі. А вось на заснежанай сасне сядзіць велічавы горны арол, які пільна сочыць сваім вокам, што адбываецца навокал. Тут жа знаёмая кампазіцыя з казкі «Ліса і певень». У старонцы чакае свайго заканчэння карціна, на якой па неабсяжным прасторы імчаць жвавыя скакуны. Зрэшты, кожную працу можна апісваць бясконца, кожная прасякнута нейкай асаблівай аурай.
— Вышываць мне вельмі спадабаецца. Апошнім часам не зусім атрымліваецца вышываць: і агародчык трэба дагледзець, і невялікую гаспадарку маем, ды і ўнукаў і праўнукаў трэба дапамагчы глядзець,- распавядае гаспадыня.
Дарэчы, Смірновы выхавалі сына і дачку, а сёння дапамагаюць ужо дарослым дзецям гадаваць трое ўнукаў і двое праўнукаў. Бабуля часта песціць сваіх гасцей і частуе іх смачнай ежай, прыгатаванай у сапраўднай рускай печцы.
— Калі пачала займацца рукадзеллем, адразу «заразіла» сваім натхненнем суседак — Любоў Громаву і Валянціну Папову, працы якіх таксама заслугоўваюць увагі,- працягвае Ніна Смірнова. — У хуткім часе і дачка пачала займацца рукадзеллем — яна такія прыгожыя вырабы з пацерак робіць, каб вы толькі бачылі!
Акрамя гэтага занятку любімай справай гаспадыні з’яўляецца вырошчванне кветак. Некаторыя гатункі разводзіла Ніна Андрэеўна сама, некаторыя заказвала. У акуратным кветніку кожны год пераліваюцца каляровай палітрай з наіўнай прастатой флоксы, араматныя ліліі, далікатныя цюльпаны.
Ветлівая гаспадыня спяшаецца на кухню заварыць духмяны чай з травамі. І не проста там нейкі набыты ў краме, а старанна сабраны сваімі рукамі. Фітатэрапія з’яўляецца яшчэ адным з любімых заняткаў. Пра карысць траў гаспадыня можа расказваць гадзінамі.
— Ведаеце, — раптам прызнаецца яна. — З мяне б атрымаўся нядрэнны доктар. Я б дапамагала людзям травамі. Вось напрыклад, шабельнік. Яго настой сапраўдны эліксір жыцця, які здольны дапамагчы пры самых разнастайных захворваннях. Або чабор — выдатны сродак пры прастудзе… Ой, у мяне нават мянушка была цікавая. Як толькі забачаць суседзі, кажуць: «Вунь ідзе наш хадзячы гербарый». А некалі Васіль Краўцоў (разам працавалі ў калгасе, аўт.) падарыў мне лунны каляндар. Вельмі цікавая рэч. Як аграном з нямалым стажам магу сказаць, да календара трэба прыслухоўвацца, і калі Луна знаходзіцца ў Вадалеі пасадкай лепш не займацца, — дзеліцца вопытам Ніна Андрэеўна.
Жанчына разлівае па кубках духмяную гарбату. Трэба прызнацца гэта самы смачны напітак, які мне даводзілася каштаваць. У нашу дыскусію ўліваецца кот, які лашчыцца аб ногі любімай гаспадыні — просіць, каб яго таксама пачаставалі.
— Ніна Андрэеўна, ведаю ў гэтым годзе ваша сям’я будзе адзначаць адразу тры юбілеі: 50 год сумеснага жыцця, ваша 70-годдзе і 75-годдзе гаспадара — Аляксандра Міхайлавіча, дарэчы заслужанага ветэрана працы. Як чалавек вопытны падзяліцеся сакрэтамі шчаслівага сумеснага жыцця.
— Са сваім будучым мужам пазнаёміліся падчас вучобы ў Горацкай акадэміі, дзе абодва атрымлівалі спецыяльнасць агранома. Усякае было за гэты час. Жыццё, яно, як зебра — то белая паласа, то чорная. Але заўсёды трэба з павагай адносіцца да сваёй палавінкі, бо на самай справе сям’я — штодзённая праца абодвух. Калі вам нехта скажа, што пражыў і не спрачаўся не разу — не верце. Але сям’я і дом у жыцці кожнага чалавека самае галоўнае, тое, без чаго чалавек проста не можа існаваць, — робіць вынік гаспадыня.
Так за душэўнай размовай і найсмачнейшай гарбатай, мы не заўважылі, як хутка праляцеў час. Яшчэ шмат розных сакрэтаў па фітатэрапіі расказала мне Ніна Андрэеўна, шмат добрых парад дала. Неабходна адзначыць і наперадзе ў яе нямала планаў.
— Трэба яшчэ шмат зрабіць, а час ляціць так хутка…, — з ноткамі настальгіі раптам выдала жанчына.
Час развітвацца, раптам кідаю позірк на крэсла і сустракаю знаёмы апошні экзэмпляр «Шлях Кастрычніка». Як аказалася сям’я Смірновых заўзятыя аматары раённых навін, выпісваюць газету даволі даўно і любяць пачытаць артыкулы не толькі на рускай мове, але і беларускую разумеюць не горш.
Шчыра прызнаюся, пасля гэтай сустрэчы была ў мяне толькі адна думка: больш бы такіх людзей як Смірновы. Шчырыя, гасцінныя, ветлівыя, гаспадарлівыя — сапраўдныя беларусы.

Ніна Андрэеўна і яе шэдэўры
Ніна Андрэеўна і яе шэдэўры

_RED5305 _RED5300 _RED5313 _RED5349

Вольга Зайцава.
Фота аўтара і з сямейнага архіва

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ