Сціплая сялянка

Сціплая сялянка

553
0
ПОДЕЛИТЬСЯ

Аператара машыннага даення  ААТ ”Батаева” Ларысу Балухта заспяваем дома за звычайнымі ранішнімі клопатамі. Трэба дагледзець гаспадарку, накарміць і адправіць у школу дзетак. Уладзіслаў і Сняжана — самыя малыя, яшчэ школьнікі. Акрамя іх у сям’і Балухта яшчэ трое дзетак. На момант нашага знаёмства з гаспадыняй даведваюся, што якраз у гэты дзень прыходзіць з арміі Саша. Дарэчы, ён, як і старэйшы брат, адслужыў у паветрана-дэсантных  войсках, таму для маці сённяшні дзень асабліва важны. Ад кожнага стуку ў дзверы мацярынскае сэрца пачынае калаціцца ў колькі разоў мацней.

— Добра, што сёння атрымаўся выхадны, — выпраўляючы школьнікаў, у спешцы тлумачыць гаспадыня. — Вось зараз дараблю хатнія справы, трэба абавязкова нешта смачнае прыгатаваць — нарэшце, сынок прыходзіць з арміі.

Ларыса Іванаўна пра дзяцей расказваць гатова доўга, яны ў яе сапраўдныя памочнікі, а вось калі пра сябе — вельмі сціпла. Што расказваць — яна звычайная сялянка, такіх мноства ў раёне. Чым выхваляцца — працуе і працуе. Дарэчы, даяркай жанчына прарабіла ўжо каля 20 гадоў, толькі змяняліся месцы яе працы.Муж працуе трактарыстам у гэтай жа галіне.

— Мае бацькі таксама былі простымі вясковымі людзьмі, трымалі гаспадарку, працавалі на зямлі. Мабыць і я, гледзячы на іх, вырашыла быць бліжэй да глебы. Працую звычайна, як і ўвесь наш калектыў. Па надоях малака таксама не моцна вылучаюся сярод іншых, — нібы апраўдваецца Ларыса Іванаўна.

Ларыса Балухта не адмаўляе — праца даяркі не самая простая, але аператар стараецца працаваць на сумленне. Так і не разумеючы, чаму да яе асобы такі павышаны інтарэс, прызнаецца, што каровак сваіх вельмі любіць, добра ведае, чаго ад кожнай чакаць. Ларыса Іванаўна ўпэўнена, што ў кожнай свой характар — адна больш падатлівая і будзе спакойна стаяць ад пачатку  і да канца дойкі, іншая ж так і імкнецца бадануць, трэцяя чакае, каб пагладзілі. І ўсіх Ларыса Іванаўна па-свойму разумее, вельмі ўжо прывыкла да іх, а яны ў сваю чаргу адчуваюць яе настрой. А напярэдадні прафесійнага свята мая гераіня ў цудоўным распалажэнні, а гэта, таксама немалаважна.

Вольга Зайцава.

Фота аўтара

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ