Сэрцу кожнаму хочацца вясны…

Сэрцу кожнаму хочацца вясны…

590
0
ПОДЕЛИТЬСЯ

Мяккія сняжынкі падаюць мне на далоні і твар, а потым  рассыпаюцца пад маімі нагамі. Падымаю вочы і гляджу на неба, а яны ўсё ляцяць і ляцяць… Удыхаю паветра, а яно такое салодкае, нібы  цукровая вата ў дзяцінстве. Апошнім часам  шмат разважаю. Разважаю аб звычайных рэчах, але нават у звычайным падзенні сняжынак, імкнуся адшукаць нешта таямнічае. А яно ёсць — упэўнена. Толькі трэба вельмі моцна пажадаць яго ўбачыць. Мне вось, напрыклад, трэба зараз напісаць артыкул, а я не ведаю, як пачаць, якія словы адшукаць, каб нікога не пакрыўдзіць. І, у той жа момант, расказаць важнае, тое, што мае сэнс у нашым мітуслівым жыцці. Паспрабую. Выбачайце, калі што…

Калі плача кларнет…     

Музыка з’явілася ў жыцці Ігара Бондарава вельмі даўно. З’явілася тады, калі ён быў яшчэ маленькім хлопчыкам. Бацькі  вельмі жадалі, каб ён пайшоў у дзіцячую музычную школу, і хлопчык пагадзіўся. Толькі, праўда, пайшоў не на баян ці фартэпіяна, як звычайна выбіраюць дзеці. Ігар выбраў кларнет, бо яму вельмі спадабалася гучанне духавых інструментаў. Марыў аб многім. Галоўная  дырэктыва заўсёды была — узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Шмат рэпетыцый, трэніровак. І вось пасля 9 класаў хлопчык паступае ў Магілёўскае музычнае вучылішча, вельмі жадаў паступаць далей, у кансерваторыю. Не атрымалася.  Настаўнікі, у якіх давялося займацца, з такім захапленнем расказвалі і вучылі іграць, што не палюбіць музыку было проста немагчыма. І ён палюбіў. Палюбіў усім сэрцам.

Пасля вучылішча мара Ігара амаль што здзейснілася. Ён трапіў у аркестр Узброеных Сіл РБ, дзе яшчэ з большай упартасцю працягваў заняткі музыкай. А рэпетыцыі былі няпростыя, бо гадзіну ігры на духавых інструментах можна параўнаць, калі толькі, з пяццю гадзінамі працы з рыдлёўкай. Рэпеціраваць даводзілася суткамі. Выступленне за выступленнем, і, прычым,  не толькі ў  Беларусі, але і за мяжой. Шмат новых уражанняў, знаёмстваў,  эмоцый і планаў на будучае…

Адной з самых любімых кампазіцый Ігара з’яўляецца саната Каміля Сэн-Санса, пабудаваная на пачуццях і каханні. Дарэчы, ён выконвае і вясёлыя музычныя замалёўкі, да якіх самастойна падбірае ноты. Акрамя музыкі Ігар Бондараў вельмі любіць чытаць. Яму падабаюцца кнігі пісьменніка-фантаста Сяргея Лук’яненкі і вершы Эдуарда Асадава.

Я  ніколі не чула, як гучыць жывы гук кларнета. Ігар прапануе прайсці ў фае — там звычайна праходзяць яго рэпетыцыі. Дарэчы, цяжка ўявіць нейкі канцэрт, што праходзіць у сценах дома-інтэрната, без жывой музыкі ў выкананні віртуоза. Вось Ігар бярэ ў рукі інструмент, і гучаць знаёмыя гукі з кінафільма “Мой ласкавы і пяшчотны звер”. Уражанні ад пачутага вельмі цяжка перадаць словамі, станоўчыя эмоцыі перапаўняюць сэрца, а на вочы накатваюць слёзы. Вось ужо гучыць і наступная кампазіцыя — хрысціянская песня. Нават слухаючы яе ў першы раз і без слоў, раптам у нейкі момант зразумееш сэнс. І на хвіліну здаецца, што кларнет пачынае аб нечым плакаць. А вось аб чым — вядома толькі ім дваім…

Напісаць бы палі і абшары, што за вокнамі…

Маляваць, а больш правільна сказаць – пісаць, Таццяна Літвінава пачала з самага дзяцінства. Ужо тады яна ў звычайных рэчах умела знайсці нешта цікавае і імкнулася перанесці гэта на паперу з дапамогай фарбаў. Такія творчыя задаткі адразу заўважылі настаўнікі і параілі дзяўчыне ісці ў мастацкую школу. Менавіта там яна даведалася аб усіх тонкасцях прафесіі мастака: як трэба змешваць фарбы, бачыць, адкуль падае святло і цень, адрозніваць тэхнікі і жанры жывапісу. Добра засвоілі тыя ўрокі і яе рукі, якія кожны раз беспамылкова наносяць на палатно мазок за мазком, перамешваюць адну фарбу з другой. І ў кожным малюнку, быццам за вэлюмам, схавана цэлая гісторыя, якую адразу не раскажаш…

Таццяна Міхайлаўна згаджаецца паказаць свае працы. У доме-інтэрнаце ёсць спецыяльны працоўны пакой, дзе яна можа заняцца любімай справай.  Творчы настрой мастачкі адчуваецца адразу, варта толькі пераступіць парог майстэрні. Перад вачыма  велізарная карціна, на якой тры волаты з вядомых рускіх казак. Гэта адно з самых любімых тварэнняў жанчыны. Над ім яна чаравала нямала. Але я даведалася, што іншы раз над невялікай карцінай прыходзіцца павалтузіцца  значна больш, чым вось над такой маштабнай.

Таццяна вельмі шмат чытае, любіць перачытваць Біблію. Менавіта там яна знаходзіць  адказы на пытанні,  якія парой так складана знайсці ў паўсядзённым жыцці. А яшчэ жанчына вельмі любіць пісаць вершы. Яны нараджаюцца літаральна за некалькі хвілін. Вось ужо і пра карэспандэнта, які жадае аб усім даведацца, Таццяна Міхайлаўна прыдумала. Вельмі творча і крэатыўна атрымалася. Акрамя напісання вершаў, яшчэ ёсць адзін занятак, якім яна любіць займацца — выраб цікавых рэчаў з маленькіх шматкоў тканіны.

У асноўным усе свае працы Таццяна піша з кніг і журналаў, дзе размешчаны фотаздымкі вядомых мастакоў. Але для яе вельмі важна, каб у кожнай  карціне захаваліся жывасць і сэнс. А яшчэ мастачка вельмі жадае напісаць тыя прыгожыя пейзажы, якія схаваны  ад яе вачэй за высокімі сценамі…

“Не разліць вадой”- кажуць  усе вакол…

Усё аб тым, якім павінен быць сапраўдны сябра ведаюць Святлана Кузаўкова і Анатоль Рэбенок. Можна запытаць любога, наўрад хто з пражываючых дома-інтэрната ўспомніць, што яны калі-небудзь спрачаліся. Калі толькі зрэдку Света можа правесці выхаваўчую працу над Толікам. Яны не  разумеюць: навошта спрачацца? Яны ж сапраўдныя сябры.

Калі трэба працаваць — значыць працуюць разам, калі рыхтуюцца да мерапрыемства — значыць зробяць на “усе сто”. Што датычыцца працатэрапіі, яны, мабыць, адны з самых адказных у доме-інтэрнаце. Святлана многае тут пафарбавала, і, як заўжды, ёй дапамагаў Толя. Дарэчы, Света вучылася ў Мсціслаўскім вучылішчы на будаўніка, Толя скончыў два курсы ДзПЛ-216.

Шмат у сяброў аднолькавых захапленняў. Напрыклад, гульня ў тэніс. Ні адно спартыўнае ці культурна-масавае мерапрыемства таксама без іх удзелу не праходзіць. Трэба сказаць, на сцэне яны трымаюцца вельмі ўпэўнена. Вось праглядаем апошні канцэрт, дзе таварышы ўдзельнічаюць у сцэнках, танчаць. Можна з упэўненасцю казаць — сапраўдныя артысты. А яшчэ яны з вялікім захапленнем вучацца. Вось ужо другі год запрошаны настаўнік Наталля Бяляева праводзіць заняткі. Ім вельмі спадабаецца прадмет “Эмоцыі”, дзе трэба ўмець разважаць над рознымі пачуццямі. Вельмі добра атрымоўваецца ў іх, а асабліва шмат таварышы ведаюць пра сяброўства. Яны ўпэўнены — добра, калі побач знаходзіцца сапраўдны прыяцель, які падтрымае, выслухае, дапаможа, асабліва калі гэта дапамога вельмі патрэбна…

Можна яшчэ многае расказваць, але трэба ўжо спыняцца. Не дазваляе абмежаванасць газетнай паласы многае расказаць. Але вось што хачу дадаць. Музыка, пісанне карцін і вершаў, спорт — усё гэта служыць сапраўднымі лекамі для кожнага з гэтых людзей. Лекамі, якія дапамагаюць загаіць на некаторы  момант тое, што забыць парой немагчыма… Але нягледзячы на ўсе навальніцы і буры, заставацца  добрымі, шчырымі, уважлівымі і вельмі чулымі. Як гэтых якасцей парой не хапае кожнаму з нас.

Выходжу за вароты, яшчэ мацнейшымі шматкамі падае снег. Неяк спакойна і ўтульна. І што незвычайнага ў гэтых сняжынках, якія не перастаюць падаць? Яны зараз хутка растаюць, толькі варта дакрануцца ім да цёплых маіх далоняў. А можа, яны і імкнуцца адчуць маю цеплыню? Цеплыню майго сэрца?  А можа і не толькі сняжынкі?

Вольга Зайцава.

Фота аўтара

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ