Сябруеш з алкаголем? Чакай непрыемнасцей

Сябруеш з алкаголем? Чакай непрыемнасцей

143
0
ПОДЕЛИТЬСЯ

Адбылося  чарговае пасяджэнне Савета грамадскага пункта аховы правапарадку г.п. Хоцімска пад кіраўніцтвам старшыні СГПАП Аляксандра Цішчанкі, на якое былі запрошаны людзі, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні.  У працы пункта прынялі ўдзел: намеснік пракурора Хоцімскага раёна Ірына Хучава, кіраўнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Руслан Белякоў, іншыя суб’екты прафілактыцы.

Кожны чалавек ведае, што залішняе ўжыванне алкаголю пагражае непрыемнасцямі: і для здароўя карысці мала, і для сям’і, і, самае галоўнае, чалавек губляе сябе як асобу. Чаму ж тады п’юць? Па розным прычынам. Нехта гора залівае. Нехта не ўмее інакш расслабіцца. Іншыя ўжо не ўяўляюць свайго жыцця без чарачкі. Натуральна, ніхто не марыць у дзяцінстве стаць алкаголікам, але «зялёны змій» падступны і ахвяры ў свае сеткі заваблівае незаўважна. А вось вырвацца з іх, часам, ужо немагчыма.

І быццам разумеюць запрошаныя на Савет, што ўсе нягоды ў іх жыцці з-за прыхільнасці да спіртнога, вось толькі прызнаюцца, што няма душэўных сіл, каб змагацца з алкагольнай залежнасцю.

Вось стаіць перад членамі  СГПАП малады мужчына. Сам прызнаецца, што вінаваты: п’ю, нідзе не працую.

— Вам жа пагражае ЛПП, — спрабуюць растлумачыць яму.

Той ужо і згодны. Можа там зможа перамагчы «зялёнага змія», а то няма сіл супрацьстаяць, і сіл жыць так далей таксама няма.

А вось стаіць сталы мужчына, ужо дзядуля, які вырашыў павыхоўваць дарослага 23-гадовага сына з дапамогай… сякеры.

— Так, разумею, што не меў рацыю. Ды і не я гэта зусім быў — гарэлка ўва мне казала, — тлумачыць парушальнік, апусціўшы галаву. — Чатыры гады не піў, вось сарваўся…

Ці вось яшчэ гісторыя. Пра яшчэ аднаго «госця» Савета кажуць, што ў такіх «залатыя рукі». Толькі вось з-за прыхільнасці да спіртнога, гэтыя самыя рукі і сіл падняць няма, не тое што працаваць імі.

— Як далей будзеце жыць? — пытаюць члены СГПАП . — У вас запазычанасць за кватэру. Арэнднае жылле. Выселяць.

Мужчына, паціскае плячыма. Ён сам сабе не гаспадар — як гарэлка загадае, так і жыць будзе.

— Я працы не баюся, — бярэ ён сябе ў рукі. — Усе разумею. Выпраўлюся… Пайду працаваць. Паспрабую змяніць свой лёс…

А вось у Віталя ўсе зусім дрэнна: алкаголь яго як Чалавека знішчыў. Перад членамі Савета паўстае не асоба, а каменны балван. Без сэрца, эмоцый, мараў і жаданняў. Усе ў жыцці мужчыны і яго сужыцелькі круціцца вакол спіртнога. Дзе дастаць? Дзе яшчэ дастаць? Ен страціў і чалавечае аблічча, і, думаецца, прадаў душу за лішнюю чарку.

Што будзе з дзецьмі, бо іх пагражаюць адабраць па Дэкрэце №18? Мужчына маўчыць. У яго галаве круціцца думка: «Хутчэй бы скончылася гэтая вазьня ды выпіць…». Не страшыць яго і ЛПП. Ствараецца ўражанне, што ён наогул не ўсведамляе, што адбываецца.

Такое чакае ўсіх, хто не ўсведамляе, што алкаголь не можа быць сябрам, ён ліслівы вораг, які заваблівае салодкімі абяцаннямі ў Нікуды і выхаду адтуль няма. Зрэшты, Там, за гранню чалавечнасці, няма нічога — ні радасці, ні весялосці, ні шчасця. Есць толькі несуцішная смага выпіць, затым яшчэ, пакуль не знікнеш…

Ганна МАВІЧ

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ