Не проста прафесія — цэлае жыццё

Мы становімся дарослымі і выбіраем у жыцці свой шлях. Але, зрабіўшы першыя самастойныя крокі, заўсёды захоўваем часціцу душы, падараваную ў дзяцінстве. І невыпадкова, нават праз вызначаны прамежак часу з адмысловым трапятаннем пераступаем парог роднай школы. З настальгіяй успамінаючы пах пафарбаваных калідораў перад новым навучальным годам, белыя банты і букеты ўрачыстых гладыёлусаў, добрае восеньскае сонейка, мімаволі ўсплываюць у памяці блізкія і родныя погляды педагогаў, да якіх сёння так хочацца прыйсці. Прыйсці проста так, каб сказаць добрыя словы падзякі, зазірнуць у родныя вочы і без рэшткі растварыцца ў тых салодасных дзіцячых успамінах…
Уступ пра школу быў зроблены нездарма, бо гераіняй майго артыкула выпадкова, а можа і не зусім, стала любімая школьная настаўніца хіміі — Таццяна Кавалёва. Прызнаюся, для мяне, як для пачынаючага журналіста, асаблівы гонар напісаць сціплы нарыс пра гэту выдатную жанчыну. А раней малавядомы факт, «падораны» маім добрым таварышам па цэху, не прымусіў доўга разважаць — артыкулу быць. Аднак, без інтрыг і аб усім па парадку.
Таццяна Кавалёва (у дзявоцтве Волкава) нарадзілася ў маляўнічым мястэчку Обаль Шумілінскага раёна, што на Віцебшчыне. Яшчэ будучы маленькай дзяўчынкай,Таня шчыра марыла стаць настаўніцай, а вырашальную ролю ў выбары будучай прафесіі адыгралі блізкія, якія былі годным прыкладам для пераймання: маці — філолаг, бацька выкладаў астраномію і фізіку, дзядуля, пасля духоўнай семінарыі, таксама настаўнічаў у прыхадской школе. Скончыўшы школу з залатым медалем, Таццяна паступіла ў педінстытут імя С.М. Кірава (аўт.- сёння Віцебскі ўніверсітэт імя П.М. Машэрава). І зараз, праз шмат гадоў, Таццяна Іванаўна пра свае дзіцячыя ўспаміны расказвае з асобай настальгіяй. А як інакш — тут у Обалі прайшлі самыя шчаслівыя яе гады…
— Як на Полацк едзеш, столькі гор сустракаецца — усюды то касагоры і прыгоркі, то трампліны і пні. І вось мы, малеча, па гэтых няроўнасцях на лыжах, а іншы раз, на чым патрапіла,- Таццяна Іванаўна на хвіліну задумалася. — Памятаю, катаешся на бляшанцы, сатрэш яе ўсю, прыходзіш дахаты, як той лядзяш, адзенне ўсё настылае, рукі, шчокі чырвоныя, і хутчэй у цёплую хату грэцца. Вельмі весела было. І ў школе, і ў інстытуце былі ў мяне добрыя сяброўкі, пра якіх заўсёды ўспамінаю з цеплынёй, з некаторымі падтрымліваем зносіны і сёння, кагосьці нажаль ужо няма…
Студэнтка Таццяна заўсёды была чалавекам мэтанакіраваным і шмат чым цікавілася, як цяпер прынята казаць – была ўсебакова развітай асобай. І не было такога занятку, які б не быў падуладны ёй. Сапраўды, гледзячы на чорна-белыя здымкі, дзе мая настаўніца зусім маладая, адразу напрошваецца даволі збітая фраза: спартсменка, камсамолка і проста прыгажуня. Мастацкая гімнастыка, валейбол, лыжы, лёгкая атлетыка, напісанне навуковых даследчых прац — усяго адразу і не ўспомніш. Словам, Таццяна заўсёды была «на перадавой», не баялася фізічнай працы, бо раней гэта было ў пашане, ні тое, што зараз. На адным з заняткаў гімнастыкай маладую спартсменку запрыкмеціў яе будучы муж, а ўжо затым у суседняй вёсачцы яны пазнаёміліся бліжэй. Адпрацаваўшы паўтара гады ў Віцебскім дзіцячым садку, Таццяна, як сапраўдная «жонка дзекабрыста» адправілася за мужам. Так яна апынулася на Хоцімшчыне.
Некаторы час, папрацаваўшы ў Хоцімскім дзіцячым садку, Таццяна Іванаўна стала метадыстам РайАНА, бо да гэтага часу ў яе ўжо былі добрыя тэарэтычныя веды па педагогіцы, замацаваныя на практыцы. Нямалую ролю адыграла і праца з дзецьмі ў Віцебску, якая ў прамым сэнсе «загартавала» пачынаючага педагога. Затым з’явіліся дзеткі. Праз некаторы час, былы дырэктар Хоцімскай СШ №1 Пётр Агурцоў, «пераманіў» маладую дзяўчыну, якая падавала добрыя надзеі на будучае ў школу настаўнікам біялогіі і хіміі. Нядоўга разважаючы, Таня згадзілася. І з таго самага моманту, а гэта быў 1977 год, і да 2010 года Таццяна Іванаўна без рэшткі прысвяціла сябе працы з дзецьмі.

— Таццяна Іванаўна, вельмі цікава, ці запомніўся вам першы ўрок у Хоцімскай СШ №1?
— Безумоўна, заўсёды запамінаюцца падзеі, якія адбываюцца ўпершыню. Гэта якраз было напярэдадні новага навучальнага года, бо 31 жніўня я, літаральна, перайшла з папярэдняга месца працы на новае. І вось заходжу я ў 11 клас, дзе 45 навучэнцаў, зусім маладая і неспрактыкаваная. Напэўна, у тое імгненне — разгубілася, убачыўшы такіх дарослых і самастойных вучняў. Але трэба сказаць — нягледзячы на тое, што час праляцеў мімалётна, памятаю кожны ўрок, клас са знаёмай таблічкай «Кабінет хіміі», сваіх вучняў.
— Вы заўсёды былі «любімчыкам» сярод вучняў не толькі ў нашым класе, але ва ўсёй школе. Прызнацца па праўдзе, нават спісваць у вас не хацелася, неяк сумленна было. Можа ў вас ёсць нейкі сакрэт?
— Ніякага сакрэту няма. Проста я заўсёды любіла дзяцей. Я і сёння часта ўспамінаю сваіх вучняў: непаседлівых, вясёлых, гарэзлівых, дапытлівых і такіх непадобных адзін на аднаго. Мы з класам заўсёды прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх школьных справах, часта хадзілі ў паходы з начоўкамі, дзесьці даводзілася і затрымлівацца пасля ўрокаў. Але я заўсёды імкнулася ў кожным дзіцяці, перш за ўсё разглядзець асобу, і была ўпэўнена: чым быць строгай, лепш усё ператварыць у жарт. Калі ўсё ж у класе пачыналася мітусня, было дастаткова аднаго майго погляду праз акуляры, зрабіць недоўгачасовую паўзу, і адразу наступала цішыня.

Пража ў руках танка — ільецца ракой палатна

Заўсёды прыемна назіраць за працай Таццяны Іванаўны, цудоўнага майстра і метадыста Хоцімскага Дома рамёстваў. Усё роўна — няхай гэта будуць хімічныя вопыты на школьным уроку з прабіркамі, ці то яна вышывае чарговы ўзор на ручніку. Цікава іншае — любая справа ў яе руках спорыцца, бо ўсё, што робіць, робіць з любоўю. Ганаровыя граматы, дыпломы, падзячныя лісты за адраджэнне, развіццё і папулярызацыю традыцый беларускага ткацтва, за актыўны ўдзел у міжнародных, абласных выставах, конкурсах, фэстах густа ўпрыгожваюць сцены кабінета майстра.
— Таццяна Іванаўна, гледзячы на вашы працы, мімаволі ўспамінаеш казку пра Мар’ю-рукадзельніцу, якая за ноч саткала цуда-дыван. Раскажыце, як даўно займаецеся ткацтвам?
— Рукадзеллем займалася столькі, колькі сябе памятаю. Гэтаму рамяству навучыла мяне бабуля. Заўсёды мне падабаліся вырабы, зробленыя сваімі рукамі з любоўю: няхай гэта нават маленькі банцік на сукеначцы, ці немудрагелістыя ўзоры на кофтачцы. А аднойчы, прыехаўшы да сяброўкі ў госці ўбачыла, як яе бабуля займаецца ткацтвам. Мяне гэта вельмі ўразіла і зацікавіла. Паспрабавала — атрымалася. А з выхадам на заслужаны адпачынак вырашыла заняцца ткацтвам усур’ёз. Аднаўляючы ўзоры Хоцімскай зямлі, можна многае пазнаць пра свае карані, бо кожны ручнік — асобная гісторыя . Шкада, што вельмі часта людзі не разумеюць гэтага. Бывае, у старых бабуліных куфрах захоўваюцца вельмі рарытэтныя і цэнныя ручнікі, і на кожным з іх вышыты цэлыя пісьмёны, пажаданні, яны маюць вельмі глыбокі сэнс.

Мацней за абаранак трымайся, шафёр…

Шматлікае з вышэйнапісанага «прыхільнікам» Таццяны Кавалёвай добра знаёма. А вось наступнае вядома, напэўна, толькі вузкаму колу людзей. Асабіста для мяне гэты момант з біяграфіі стаў сапраўдным аншлагам, бо я ніколі і прадставіць не магла, што некалі далікатныя рукі гэтай жанчыны з лёгкасцю збіралі і разбіралі рухавік магутнага трактара.
— У тым, што вы незвычайны і душэўны чалавек — няма ніякіх сумненняў. А праўда, што ў вас маецца пасведчанне трактарыста-машыніста?
— Ёсць такая справа. Прызнаюся, мне вельмі падабалася працаваць на гусенічным трактары. У 60 гады наша Обальская школа навучала рамяству кіравання і прафесіям трактарыста і кінамеханіка не толькі хлапчукоў, але і дзяўчынак. І як ужо гаварылася раней — праца ў наш час была ў пашане. А яшчэ вельмі цудоўны ў нас выкладчык быў, патрабавальны, але сапраўдны знаўца сваёй справы. З чаго складаецца трактар мы ведалі ад «а» да «я». Тэорыя тэорыяй, акрамя яе абавязкова неабходна было прайсці вытворчую практыку ў калгасе. Пасля некалькіх трэніровак, я і сёння магу разабраць і сабраць рухавік і сесці за руль гусенічнага трактара,- з усмешкай кажа мая суразмоўца.
Зрэшты, без усмешкі моманты, калі ім з сяброўкамі трэба было заараць поле і не ўспомніш. Ці як нялёгка 16-летнім дзяўчынкам было няпроста перамыкаць перадачы, і трактар або камбайн, ледзь не глух пасярод калгаснага поля, а яны ўсе перапэцканыя былі рады, што ўсе ж атрымалася яго завесці. А атрымлівалася, таму што Таццяна заўсёды з пачуццём адказнасці і абавязку выконвала пастаўленыя перад ей задачы, любая справа, за якую б не бралася дзяўчына, была выканана на «выдатна».
Мы яшчэ доўга размаўлялі, успаміналі, марылі, а напрыканцы хачу дадаць. Бываюць настаўнікі, якіх мы любім усім сэрцам, да якіх заўсёды прыемна зайсці на кубак гарбаты і шчырую гутарку. А яшчэ кажуць — асабліва шчаслівы той, хто сустрэў у сваім жыцці сапраўднага настаўніка. Мне невымоўна пашчасціла, бо маім настаўнікам аднойчы стала Таццяна Іванаўна.

Вольга Зайцава.
Фота з архіва Таццяны Кавалёвай

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ