Тамара Узкая — педагог-філолаг Веткаўскага ВПК. Выдатна скончыла Баханоўскую школу, затым паступіла ў Магілёўскі педінстытут імя А. Куляшова. Пасля яго заканчэння ў 1980 годзе па размеркаванні трапіла ў Веткаўскую школу. З 1984 г. стала завучам і адначасова сакратаром партыйнай арганізацыі школы. З верасня 2002 года і па жнівень 2016 (14 год) — дырэктар Веткаўскага ВПК. Сёння Тамара Віктараўна працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў роднай школе.

Педагагічны стаж – 37 гадоў.

Любімы занятак – чытанне кніг.

Эталон педагога – першая настаўніца Тамара Фядотаўна Паседзька.

Любімыя пісьменнікі – Міхаіл Шолахаў, Аляксандр Салжаніцын, Уладзімір Караткевіч.

Літаратурныя ідэалы – Наташа Растова, Андрэй Балконскі, П’ер Бязухаў (“Вайна і мір” Л.Талстой), Грэй і Асоль (“Пунсовыя ветразі (Алые паруса)” А. Грын).

Жыццёвае крэда – любую справу рабіць на сумленне.

Любімае выказванне – “Сумленне — маленькае прадстаўніцтва Бога”(Данііл Гранін).

Статус – любімая жонка, маці, бабуля і проста прыемная жанчына.

Характарыстыка – дабрыня і строгасць  у адным фармаце.

Любімая пара года – лета.
Фотаздымкі. Чорна-белыя і каляровыя. Некаторыя яшчэ зусім новыя і пераліваюцца глянцавымі блікамі. Другія — пажоўклыя і выцвілыя. Пераглядваць фота з архіва заўсёды цікава. На кожным з іх напісана цэлая гісторыя жыцця асобнага чалавека. Вось, напрыклад, сябры-хлапчукі, якім пашанцавала вывудзіць першую рыбку. І гэты радасны момант  удала паспела захапіць рука майстра (аўт. – фота Святланы Бабровай). А вось яшчэ адзін здымак. На ім маладая сімпатычная паненка з дзіўнай прычоскай і ў сукенцы “а-ля 80-я”. Бяру ў рукі наступнае фота. На ім таксама прыгожая дзяўчына, але ўжо больш сур’ёзны позірк, у руках букет гладыёлусаў. Ужо праз хвіліну ў юных рысах прыгажуні чытаю знаёмыя матывы. На чорна- белым здымку настаўнік беларускай мовы і літаратуры Веткаўскага ВПК Тамара Узкая. Менавіта пад яе кіраўніцтвам прыйшлося папрацаваць і мне (аўт. – на той час Тамара Віктараўна была дырэктарам), калі маладым спецыялістам па размеркаванні трапіла сюды.Сёння ж за плячыма Тамары Узкай ужо нямалы педагагічны вопыт — 37 гадоў. І за ўвесь гэты перыяд  яна ні на кроплю не пашкадавала аб сваім выбары…
— Тамара Віктараўна, вы ўжо такі доўгі час працуеце настаўнікам. Гляджу на вас і перад вачамі паўстае вобраз Андрэя Лабановіча з трылогіі Я. Коласа “На ростанях”. Ці ёсць паміж вамі нейкае падабенства?

— Несумненна, ёсць. Чым падобныя? У першую чаргу — самаадданасцю да сваёй працы, імкненнем у што б там ні стала навучыць вясковых дзетак грамаце. Я таксама ўвесь час імкнуся знайсці новыя метады і прыёмы, якія будуць зразумелы маім вучням. А яшчэ я вельмі люблю прыроду і часта чэрпаю натхненне, менавіта, з яе.

— А кім марыла стаць маленькая дзяўчынка Тома? Няўжо настаўніцай?

— Гэта сапраўды так. Яшчэ ў першым класе я цвёрда для сябе вырашыла — буду настаўнікам. Сапраўдным эталонам і ўзорам для пераймання для мяне стала мая першая настаўніца — Тамара Паседзька. Вельмі ўдзячна і філолагам Баханоўскай школы — Веры Чаусавай, Серафіме Максіменка, Галіне Петрачковай, Ганне Сёмачкінай, Марыі Краўцовай, якія штодзённа прывівалі любоў да жывога слова. Іх урокі былі настолькі запамінальныя і карысныя, што праходзілі на адным дыханні, а падрыхтоўка дамашняга задання часам не патрабавала залішніх намаганняў. Пасля заканчэння Баханоўскай  школы, трое дзяўчат з майго класа таксама сталі філолагамі. Дарэчы, і сёння ў раёне працуе нямала настаўнікаў — выхадцаў з нашай школы.

— У школе, мабыць, былі выдатніцай?

— 10 класаў скончыла з двума чацвёркамі (па алгебры і фізіцы). Дакладныя навукі — не маё. У мяне не матэматычны склад  розуму, а тое, што было незразумелым, заўсёды сумленна зубрыла. Нават, калі пайшла вучыцца ў інстытут, аднагрупнікі называлі мяне “сумленнем групы” .

Я заўсёды прымала самы актыўны ўдзел у жыцці школы. Як у тым фільме: “Хто на цэментны завод?” “Я…я..я”! Вось такая актывістка. Я і зараз не магу сядзець спакойна, усёй душой “балею” за родную школу. Вось і дома, чым бы не займалася, а думкамі заўсёды там. Шкада толькі, што з кожным годам становіцца ўсё менш навучэнцаў (аўт. – сёння ў Веткаўскім ВПК навучаецца 16 чалавек і 5 у дзіцячым садку), а так хочацца, каб школа праіснавала як мага больш…

— Можа ёсць нейкае хобі?

— Не заўсёды хапае часу, але я вельмі люблю падарожнічаць па цікавых мясцінахнашай любімай Беларусі: Мірскі і Нясвіжскі замак, Хатынь і інш. А яшчэ вельмі люблю чытаць. Чытаю ўсё, што пападае ў поле майго зроку. Выпісваю на дом шмат газет і часопісаў. За гэты час значна “вырасла” і дамашняя бібліятэка. Люблю чытаць не толькі мастацкую літаратуру, але і метадычную. Аднолькава спадабаюцца творы як на рускай, так і на беларускай мове. Што датычыцца рускай літаратуры, вельмі люблю творчасць Міхаіла Шолахава і Аляксандра Салжаніцына. За што? Безумоўна, за праўдзівасць і асвятленне рэальных падзей.

Памятаю, у савецкі час выходзіў мастацкі часопіс “Раман-газета”, выпуск якога быў абмежаваны. На ўсю пошту быў разлічаны толькі адзін экзэмпляр. А мне гэты часопіс вельмі спадабаўся. Я добра запомніла, як мой калега  Віктар Старасвецкі ветліва ўступіў мне яго. Я і зараз захоўваю асобныя нумары гэтага бясцэннага на той час “падарунка”.

Сёння ўсё арыентавана на Інтэрнэт, раней для нас ідэалам былі героі апавядання Гайдара “Цімур і яго каманда”. Да, падрастаючае пакаленне  зараз “продвинутое”, але ўсё менш чытаюць кніг. А менавіта кніга выхоўвае душу чалавека.

— Тамара Віктараўна, калі б зараз тут была машына часу, у якую б гістарычную эпоху жадалі адправіцца ў падарожжа?

— Безумоўна, мне б вельмі хацелася апынуцца ў 18 стагоддзі і пабываць на тым самым бале, на якім была Наташа Растова.

— Настаўнік. Якім ён павінен быць? Назавіце пяць прыметнікаў, якімі  можаце апісаць сябе?

— Настаўнік штодзённа і штохвілінна прымае ўдзел у фарміраванні чалавека. А гэта вельмі няпростая і адказная справа. І гэта трэба добра ўсведамляць. Трэба адчуваць гэту адказнасць, любіць дзяцей, быць адукаваным, кампетэнтным  і вельмі старанным. Трэба адзначыць, што выпадковых людзей у школе быць не можа. Для таго, каб быць педагогам, мабыць, трэба прызванне. Можна выдатна ведаць прадмет, які выкладаеш, але самае складанае — знайсці кантакт з вучнямі. І вось тут важна адчуць тую тонкую грань, дзе патрэбна быць больш строгім, а дзе трэба і пасмяяцца, стаць роўным з дзецьмі. Дабрыня і строгасць — адно другому не перашкаджае. Памятаеце, як кажуць: “Шкадуйце бацькі дзяцей, але каб яны гэтага жалю не бачылі”!

Пра сябе казаць няпроста: няхай лепш іншыя скажуць. Хачу адзначыць, што мае вучні неаднойчы былі пераможцамі раённых і абласных алімпіяд, прымаюць удзел у даследчых працах. І для мяне важна бачыць вынік сваёй работы. Строгая, але справядлівая, сумленная і добрая. А яшчэ я вельмі добра разумею, калі мяне падманваюць і вельмі не прызнаю гэтага.

— Прызнайцеся: любімчыкі ёсць?

— У мяне ніколі не было такога размеркавання. Для мяне ўсе вучні добрыя і ўсе роўныя, але найбольшае задавальненне выпрабоўваю ад працы са стараннымі вучнямі.

— Успомніце нейкія цікавыя моманты з вашай практыкі?

— Добра запомніўся выпуск 1990 года. Вось неяк пішам дыктант, на якім прысутнічае інспектар па рускай мове. І вось у самы разгар урока хлапчук з першай парты  скомквае ліст і кідае яго да дошкі. Я не зрабіла ніводнай заўвагі, толькі прасканіравала яго сваім позіркам. Да канца ўрока ў класе стаяла поўная цішыня. Дарэчы дыктант тады напісалі ўсе на “добра” і “выдатна”.

Ці вось яшчэ. Працавала толькі другі год. Праводжу ўрок па рускай мове. У класе хлопчык быў у мяне Віктар Узкі. І вось разбіраем сказ, дзе сустракаецца прыметнік “вузкі”. Раптам з месца падрываецца Віця, і на ўвесь клас аб’яўляе аб тым, што не падрыхтаваўся да ўрока. Доўга тады смяяліся ўсім класам, ды і зараз успамінаем…

— Апішыце ідэальны ўрок.

— Ідэальны урок — той, пасля якога вучні добра засвоілі матэрыял. Бывае так: добра падрыхтуешся, прыдумаеш разнастайныя цікавыя заданні, а ў выніку не зусім так, як планавалася першапачаткова. Але для мяне, як і для любога настаўніка, важна бачыць вынік сваёй працы. Прыемна бачыць сваіх ужо дарослых вучняў, якія паступілі ў ВНУ, пайшлі па жыцці правільнымі шляхамі, сталі дастойнымі людзьмі.

— Ваша мара?

— Мне вельмі хочацца, каб быў мір ва ўсім міры, спакой і дабрыня. Каб мае дзеці і ўнукі раслі добрымі, сумленнымі людзьмі.Хочацца, каб мае вучні выбралі правільны шлях у жыцці, і, безумоўна, каб усе людзі былі здаровыя.

Мы яшчэ доўга прагульваліся з Тамарай Віктараўнай па ўтульным класам школы, размаўлялі, марылі. Марылі аб тым, каб у гэтым райскім кутку пад назвай “Веткаўскі ВПК” як мага даўжэй гучалі звонкія дзіцячыя галасы, а для настаўнікаў была праца. І хочацца шчыра спадзявацца, што, менавіта, так яно і будзе.

Вольга Зайцава

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ