У Хоцімскім ЦТДіМ прайшоў раённы піянерскі збор «Мы — піянеры сваёй краіны!»,...

У Хоцімскім ЦТДіМ прайшоў раённы піянерскі збор «Мы — піянеры сваёй краіны!», прысвечаны Дню Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі

548
0
ПОДЕЛИТЬСЯ

У мінулую пятніцу ў РЦТДзіМ “Ветразь надзей” прайшоў раённы піянерскі збор “Мы — піянеры сваёй краіны“, прысвечаны 27-годдзю са дня самавызначэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэлегацыі піянерскіх дружын Хоцімскага раёна, педагогі-арганізатары, старэйшыя піянерскія важатыя, а таксама запрошаныя ганаровыя госці.

Свята БРПА, у першую чаргу, трэба разглядаць як сімвал вернасці піянераў, сімвал павагі да тых, хто ў 20-я г. ствараў арганізацыю, і тых, хто ў 90-я адстаяў яе, узрадзіў, а больш дакладна — стварыў яе нанова. Але гісторыя піянерскай арганізацыі не скончылася, яна працягвае актыўна пісацца і сёння.

Словы «Піянер! Да спраў на карысць Радзімы, да дабра і справядлівасці гатовы!” і адказ “Заўжды гатовы!” ужо даўно паспелі стаць візітнай карткай. Піянер у любой справе заўжды першы, яго не пужаюць складанасці і ён гатовы першым працягнуць бескарыслівую руку дапамогі, ён актыўны  і нястомны, адкрыты насустрач людзям і роднай прыродзе. Сапраўдны піянер — і арганізатар, і творца, і сябр. З прывітальным  словам у гэты дзень да рабят звярнулася метадыст аддзела адукацыі, спорта і турызма райвыканкама Іна Чапёлкіна, а таксама галоўны спецыяліст раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”, Людміла Падбярозкіна, а піянеры дружыны імя Аркадзя Гайдара СШ №2 расказалі аб поспехах і справах свайго атрада.

У пахмурны восеньскі  дзень Хоцімская краіна Піянерыя папоўнілася новымі жыхарамі. 6 навучэнцаў Бярозкаўскай СШ у святочнай  абстаноўцы далі ўрачыстую клятву, а госці свята абвязалі  ім пунсовыя гальштукі.

— На сённяшні дзень колькасць Хоцімскай раённай піянерскай арганізацыі складае 1050 чалавек, гэта 98%  ад агульнай колькасці  школьнікаў піянерскага ўзросту. Дадзеная статыстыка дазваляе піянерскай арганізацыі нашага раёна займаць 2-е месца ў рэйтынгу  па колькасці сярод іншых раёнаў вобласці, — адзначыла старшыня РС ГА “БРПА” Святлана Цішчанка. — Піянеры Хоцімшчыны заўжды прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах раённага ўзроўню. Найбольш рэзультатыўнымі за мінулы навучальны год былі дружына імя Аркадзя Гайдара СШ №2 і дружына імя Уладзіміра Камарова Баханоўскага ВПК. Прыемна адзначыць, што ёсць вынікі і на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У абласной інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль — акцябронак: ёсць кантакт” каманда СШ №2 заняла 2 месца, а на рэспубліцы дзённік каманды ўвайшоў у дзесятку лепшых.  Актывістка дружыны імя Зоі Касмадзем’янскай СШ №1 Марыя Рагоўская была ўключана ў састаў дэлегацыі ад Магілёўскай вобласці на Міжнародны піянерскі злёт, прысвечаны 95-годдзю піянерскага руху, дзе выканала песню “Касцёр дабрыні” нашых аўтараў: Ірыны Баранавай і Станіслава Хайноўскага, настаўнікаў СШ №1. У гэтым годзе таксама плануецца шэраг мерапрыемстваў, і хочацца спадзявацца, што рабяты прымуць у іх актыўны ўдзел.

Напрыканцы ўрачыстага збору, рабяты з задавальненнем паўдзельнічалі у гульнёвай праграме “Піянер-квэст!”, дзе па ўмовах  ім неабходна было прайсці квэст і пакарыць пяць вяршынь. І трэба сказаць, ім гэта ўдалося зрабіць без асаблівых намаганняў. Па выніках прапанаваных заданняў каманда СШ №1 заняла першае месца, другое — у каманды Забялышынскай школы, а трэцяе паміж сабой раздзялілі каманды Трасцінскага, Вялікаліпаўскага ВПК і Бярозкаўскай школы. Каманды былі адзначаны Граматамі РС ГА “БРПА”.  Думаю, з такім жа спрытам і лёгкасцю рабяты сваімі добрымі ўчынкамі запоўняць кнігу-падарунак “Піянерыя Хоцімшчыны”.

Вольга Зайцава.

Фота аўтара

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ