Часта можна пачуць словы: «Урач не мае права на памыл-
ку». Сапраўды, калі памылку прадаўца ці мастака можна
з лёгкасцю выправіць, няправільна пастаўлены дыяг-
наз, калі час  ідзе на секунды, нават простая абыякавасць да хворага могуць абарваць жыццё чалавека. Але  якое гэта шчасце — першым пазнаць пра нараджэнне ці вымавіць доўгачаканыя словы : «У вас усё будзе добра». 

На мой погляд, медыкам можа стаць далёка не кожны. Напэўна, ім проста трэба нарадзіцца: хтосьці баіцца крыві, хтосьці не ўмее без рэшткі прысвяціць сябе служэнню людзям, а некаму няпроста прыняць рашэнне за хвіліну. А вось Тамары Літарнай, заведуючай Трасцінскім ФАПам, у іншым рэчышчы сябе прадставіць няпроста. Скончыўшы медыцынскае Усць-Каменагорскае вучылішча, Тамара Іванаўна па размеркаванні патрапіла ў Сцепнагорск. Аднак цяга да роднай зямлі была заўсёды мацней, і дзяўчына вярнулася на Хоцімшчыну.

Не стану пералічваць у якія часы і дзе затым працавала, але гэта жыццярадасная, моцная духам жанчына заўсёды без рэшткі растваралася ў працы, яе імя не раз гучала са старонак раённай газеты і не толькі. ФАП Тамары Літарнай абслугоўвае самую вялікую тэрыторыю ў раёне.

— Усіх выслухае, усім акажа дапамогу. Такіх адказных працаўнікоў яшчэ пашукаць, яна ўсім сэрцам аддана сваёй справе, — падзяляецца санітарка Ірына Ласоўская, якая з’яўляецца незаменным памагатым і правай рукой Тамары Іванаўны. Заведуючая, як ветлівая гаспадыня, паказвае свае працоўнае месца — усюды чысціня і парадак, ФАП забяспечаны неабходнымі медыкаментамі.

— Тамара Іванаўна, вы прадстаўнік адной з самых высакародных і гуманных прафесій, вы як анёл-захавальнік, які штодня бярэ  на сябе адказнасць за самае дарагое ў свеце — жыццё чалавека. А якія якасці  ў прафесіі медыка, на ваш погляд, асноватворныя?

— Урач павінен шчыра любіць людзей, быць добрым чалавекам і адчуваць чужы боль. Бо можна мець выдатныя веды, быць гатовымі да самых цяжкіх сітуацый, але без любві і спачування цяжка працаваць у сферы аховы здароўя, — дзеліцца жанчына.

Тамара Іванаўна заўсёды шчыра перажывае за сваіх пацыентаў, яна выразна памятае словы клятвы Гіпакрата, таму людзі прыходзяць іншы раз да яе проста падзяліцца сваімі перажываннямі, калі на душы цяжка.  І яна, як святар на споведзі, павінна выслухаць, супакоіць, зразумець, усяліць надзею, веру, дапамагчы і захаваць у сабе чужую таямніцу.

— А якія выпадкі з медыцынскай практыкі запомніліся?- задаю чарговае пытанне.

— Кожны выпадак пакідае свой след у памяці. Але вось асоба запомніўся выпадак па выратаванні маленькага дзіцяці, які ледзь не патануў. Ці не так даўно, справа была ўзімку, дзіця праглынула таблетку Клафеліна, неабходна было імгненна прыняць рашэнне. А яшчэ раптам успомнілася бабуля, якая замест таблетак жадала вылечыцца бананамі. Кожны выпадак, як асобная частка кнігі, і няма дзвюх аднолькавых гісторый.

— Прафесію медыка можна параўнаць з сапраўдным подзвігам — бо па першым клічы ён павінен прыйсці на дапамогу людзям днём і ўначы, у дождж і ў завею.

— Вядома, бывае людзі тэлефануюць і ўначы, і ў выхадныя, хвароба не выбірае ні час сутак, ні пару году, а адмаўляць нельга, калі гэта датычыцца самага дарагога — здароўя, ды і ўсе мы тут свае, родныя. Але ў мяне заўсёды пад рукой мой надзейны сябар — ровар і дзве нагі, — з гумарам кажа мая гераіня, дарэчы, шчырая фанатка актыўнага ладу жыцця.

А яшчэ адным з кампанентаў добрага самаадчування і даўгалецця  Тамара Іванаўна лічыць штодзенны добры настрой. Галоўным гонарам для яе з’яўляюцца дзеці і ўнукі, менавіта ў іх гэта выдатная жанчына бачыць свой працяг, менавіта ў іх душы не чуе.

У гутарцы пазнала, што не за гарамі любімая пара фельчара — час хатніх нарыхтовак, якіх яна штогод робіць паўнютка.  І вось мая суразмоўца зноў нарасхват: тэлефон не змаўкае, хтосьці прыйшоў да медыка на прыём асабіста. Развітаўшыся, яна гасцінна запрашае зазірнуць як-небудзь на душэўную гутарку, або, калі толькі за вітамінамі.

На пытанне: «Якая прафесія самая важная?» кожны адкажа па-рознаму. А вось, якая проста жыццёва неабходная — усё без разважанняў выдадуць — вядома, медыка. Вось і я, калі бачу чалавека ў белым халаце, адначасова ахоплівае і трапятанне і павага, бо менавіта такія людзі, як Тамара Літарная, штодня робяць усё магчымае, а парой і немагчымае, калі ратуюць здароўе людзей. А гэта і ёсць сапраўдны вялікі подзвіг МЕДЫЦЫНСКАГА РАБОТНІКА.

Вольга Зайцава

Print Friendly

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ