У жыцці нас акружае мноства разнастайных гукаў: шум дрэў, шэлест асенняй лістоты, гудзенне пчол,  гарадскі шум, галасы людзей і жывёл. І, вядома, музыка! Яна даносіцца з тэлевізараў, тэлефонаў і радыё, з класаў музычных школ, з аўтамабіляў і жылых дамоў. Музыка ёсць усюды, дзе жыве чалавечая душа. Яна і ў цёплым веснавеі, і ў ціхіх кроплях дажджу. Чалавек сутыкаецца з ёй з самага нараджэння, і яна суправаджае яго ўсё жыццё. Спачатку мы прыслухоўваемся да матулінага голасу, які напявае салодкія калыханкі. Затым, уступаючы ў больш дарослы свет, мы пачынаем спазнаваць яго, і ўсю разнастайнасць гукаў, якія існуюць навокал. Напрыклад, спеў птушак па раніцах. Гэта таксама музыка, толькі паўсядзённая, ужо звыклая для кожнага з нас. І яе трэба ўмець чуць…

Усім добра вядома, што ў першы дзень кастрычніка адзначаецца Дзень настаўніка, а вось пра Міжнародны дзень музыкі знаёма нямногім. Ці ёсць у гэтым супадзенні  нейкая ўзаемасувязь? Магчыма. Калі размова ідзе пра музыку і настаўнікаў, варта напярэдадні гэтых двух свят успомніць пра людзей, чыя дзейнасць звязана з  гэтым мастацтвам.

— Наўрад можна знайсці такога чалавека, які быў бы абсалютна абыякавы да музыкі. Яна натхняе, матывуе, наладжвае на працу, выхоўвае густ, паднімае настрой, — дзеліцца музычны кіраўнік ДУА “Яслі-сад №2“ Алена Папелыш. — Музыка мне спадабалася з самага дзяцінства, з 9 год пачала наведваць музычную школу, потым скончыла Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў па класу інструментальная музыка. У нашай сям’і няма прафесіяналаў, якія займаюцца гэтым відам творчасці, але песні любяць усе без выключэння. І калі мы з братам вызначыліся з выбарам прафесіі, дарэчы, ён таксама працуе настаўнікам музыкі, бацькі гэтаму не супраціўляліся, купілі баян, і з нашай кватэры сталі даносіцца спачатку няўмелыя, а затым усё больш і больш упэўненыя гукі.

— Алена Уладзіміраўна, а чаму свой выбар спынілі на дзіцячым садку? — пытаю сваю суразмоўцу.

— Некаторы час рабіла ў раённым цэнтры культуры, але заўсёды марыла працаваць з дзецьмі. Спецыфіка працы з дарослымі цалкам адрозніваецца ад працы з малышамі. Калі казаць пра дзяцей, тут вельмі важна знайсці падыход, той ключык, якім можна адчыніць кожнае маленькае сэрца, але тыя эмоцыі, якія выпрабоўваеш ад працы з імі, не перадаць словамі. Добры музычны густ рэкамендуецца прывіваць з маленькага ўзросту — ужо тады дзіця здольны зразумець і адчуць усё хараство музычных мелодый. На кожным музычным занятку мы хорам спяваем і развучваем  песні, вучымся слухаць кампазіцыю і рытм, дзеткі даведваюцца аб Чайкоўскім і Моцарце. Музыка вельмі спадабаецца рабятам, бо яна самая даступная з усіх відаў мастацтва. Нават, калі дзіця яшчэ не ўмее размаўляць, музыка з’яўляецца добрым сродкам для выражэння думак маленькага чалавечка. Напрыклад, і мае ўласныя дзеткі, калі былі крыху менш, часта прасілі “мама пайграй“, і я брала ў рукі баян, а яны спявалі і танчылі.

— Якому напрамку аддаеце перавагу?

— Музыка ў маім жыцці адыгрывае важную ролю. Без яе ў жыцці вельмі ціха і самотна. Калі мне сумна, я стараюся слухаць вясёлыя мелодыі, і мой настрой змяняецца. Музыка дапамагае спраўляцца з паўсядзеннымі справамі, а ў святочныя дні стварае прыўзняты настрой. Спакойная і мерная мелодыя супакойвае і дапамагае разабрацца ў сваіх адчуваннях і думках. Музыка гукамі, як словамі, расказвае аб усім. Нават па тым, якія песні слухае чалавек, можна цалкам расказаць аб яго  характару. Што датычыцца асабліва мяне, то я  не фанат аднаго канкрэтнага музычнага стылю, хутчэй – меламан. Магу слухаць самыя розныя песні: ад «Пораў года» Вівальдзі да рока. Але хачу сказаць, што музыка — не менш простая, чым філасофія — яе трэба разумець, адчуваць, да яе трэба ўмець дакрануцца ўсёй сваёй душой.

Што ж такое музыка? Удалая паслядоўнасць нот? Гук, выраблены музычным інструментам? Не, гэта нешта большае. Як паэма – стан душы паэта, а карціна – выліванне пачуццяў мастака, бо музыка – своеасаблівы выражаны паток эмоцый, які перадаецца ад сэрца педагога да маленькіх сэрцаў выхаванцаў.

Вольга Зайцава

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ