Жыццё Рыты Магдэнка, галоўнага бухгалтара філіяла КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ №216 у асноўным звязана з лічбамі. На жаночых плячах Рыты Сяргееўны ляжыць уся фінансавая дзейнасць прадпрыемства. Штодзённа лічбы і лічбы. Жанчына прызнаецца, што аб эканамічным кіраванні на прадпрыемстве яна не марыла. Нават можна сказаць, што па натуры была больш гуманітарый. Але потым усё ж паступіла ў сельскагаспадарчую акадэмію на эканамічны факультэт — у 80-х г. гэта спецыяльнасць была адной з самых прэстыжных. Паспяхова скончыла і прыехала на сваю малую радзіму, так і засталася. Першапачаткова працавала кладаўшчыком-запраўшчыкам, потым бухгалтарам і, дарэчы, вырасла да галоўнага бухгалтара. І вось ужо 28 год  Рыта Сяргееўна верай і праўдай працуе ў ДРБУ-216.

— Праца з лічбамі — праца няпростая. І бывае рознае. Але як кажуць: не памыляецца толькі той, хто не працуе. Дзякуючы граматнаму, згуртаванаму калектыву ўсе  задачы выконваюцца на належным узроўні, — дзеліцца бухгалтар.

І тут у гутарку ўліваюцца таварышы па службе Рыты Магдэнка, якія пачынаюць расказваць пра свайго кіраўніка.

— Вельмі добры арганізатар, граматны працаўнік, цудоўны сябра, — расказвае калега Іна Шалупіна. — А як прыгожа ўмее вязаць. Такія цудоўныя вырабы робіць — вачэй не адарваць.

Акрамя гэтага жанчына вельмі любіць вырошчваць кветкі, а яшчэ пакулінарыць. Каронным блюдам у сям’і Магдэнка з’яўляюцца калдуны (тыя ж дзернікі — толькі з мясам).

Хоць калектыў у ДРБУ-216 у асноўным мужчынскі, да жанчын жа тут адносяцца з асаблівай павагай і клопатам. А тыя, у сваю чаргу, таксама імкнуцца дапамагчы, калі нешта трэба падкрасіць ці кветкі пасадзіць. Так што не думайце, што бухгалтар — чалавек, у якога ў галаве адны лічбы. На самай справе гэта  далёка не так. Добры наглядны таму прыклад — Рыта Сяргееўна. Чалавек яна па натуры вельмі жыццярадасны і вясёлы. Калі нехта падумаў: «Якім жа чынам звязаны бухгалтар і дарожнік?». Адказваю: вельмі непасрэдным. Уявіце: бухгалтар вырашыць затрымаць зарплату напярэдадні свята. Наўрад, ад гэтага ў некага настрой  падымецца. Так што ў арганізацыі яна чалавек  незаменны. Я б сказала самы важны. Таму, са святам, паважаная Рыта Сяргееўна!

Вольга Зайцава

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ