Хутка, якасна и без страт

Хутка, якасна и без страт

1176
0
ПОДЕЛИТЬСЯ
Механізатары кормаўборачных камбайнаў: "КВК-80" - Віктар Гаўрыленка і "Палессе-FS-802" - Андрэй Зонтаў (злева направа)

Корманарыхтоўка — адна з самых працяглых сельскагаспадарчых кампаній. Стартаваўшы ў маі, завяршаецца яна толькі ў кастрычніку. Зараз на Хоцімшчыне актыўна набліжаецца да фінішу ўборка кукурузы на сілас. Сёлета пад гэтую культуру ў раёне адведзена 4100 гектараў. Лідарамі па колькасці пасяўных плошчаў пад “каралеву палёў” з’яўляюцца ААТ “Бабушкіна падворе” і ААТ “Кастрычнік-Бярозкі”, дзе было засеяна па 1200 га. Акрамя сена і сенажа, што раней ляглі ў засекі, каб жывёлагадоўчай галіне годна сустрэць будучую зімоўку, немалаважная ўвага надаецца кукурузе. Усяго гаспадаркамі раёна цяперашняй восенню запланавана нарыхтаваць 93900 тон сіласу, па стану на 16 кастрычніка здроблена і вывезена з палёў 80034 тоны зялёнай масы.хотимск

Мяркуючы па аператыўнай зводцы, першым у раёне скончыла работы па нарыхтоўцы сіласу ААТ “Ліпаўка”, затым ААТ “Хоцімскі Тэхнакомплекс”, праўда пры аднолькавых пасяўных плошчах (па 500 га), атрыманая ўраджайнасць кукурузы некалькі адрозніваецца. Калі ў Тэхнакомплексе яна зафіксавана самая высокая (дарэчы, сярод усіх пяці гаспадарак, што займаюцца вырошчваннем кукурузы ў раёне)  — 285 ц/га, то ў Ліпаўцы яна склала — 237 ц/га. Падыходзяць да завяршэння і ў ААТ “Батаева”, з пасеяных 700 гектараў ім засталося ўбраць менш 40. Няспынна вядзецца гэтая работа і ў ААТ “Бабушкіна падвор’е”, дзе нарыхтавана кармавых адзінак ужо больш даведзенага плана (план – 12148, нарыхтавана – 12993). Калі параўнаць з леташнім паказчыкам, то ў 2016 г.  планавая лічба ў гаспадарцы складала 10094 тоны.хотимск

Тое, што кукуруза тут ўрадзіла, зразумела нават недасведчанаму ў аграноміі чалавеку, гэта сцвярджаюць і непасрэдныя ўдзельнікі ўборачнага працэсу — вадзіцелі і механізатары, з якімі мы сустрэліся ў мінулы панядзелак на невялікім участку поля:

“Замаразкі вясною некалькі нашкодзілі гэтай культуры. Але ўсё роўна яна набралася сіл, бач, якая моцная зараз”, — спешна кажуць мае суразмоўцы і хуценька рассаджваюцца па сваіх кабінах.

Няма ў іх часу, зараз тут разгорнецца сапраўдны майстар-клас. Гэты “лайфхак”, назва якому “Хутка, якасна і без страт”, мог бы заняць годнае месца ў Юцюбе, калі б на той момант у мяне мелася пад рукой відэакамера. З дарогі  было відаць, як па перыметры шпацыруюць 2 здрабляльнікі. Па чарзе з імі побач едуць трактары і МАЗы, але доўга ў падарожніках быць не даводзіцца, бо самаскідныя прычэпы запаўняюцца зялёнай масай прыкладна за паўтары хвіліны. На ўсё пра ўсё спатрэбілася хвілін 20, і 13 адзінак тэхнікі, занятых на адвозцы зялёнай масы, адправіліся па пунктах назначэння — да буртоў і сіласных траншэяў.

Падаю знакі механізатарам кормаўборачных машын, якія, па ўсім відаць, ужо спяшаюцца пераехаць на іншае поле. Спыняюцца, вылазяць з кабін. Аказваецца, здрабняюць  кукурузную масу вопытныя механізатары ААТ Віктар Гаўрыленка і Андрэй Зонтаў. Абодва ў гаспадарцы працуюць далёка не першы год, на нарыхтоўцы кармоў – ужо які сезон. І ўсё ім пад сілу – і поле ўзараць, і ўнесці ўгнаенні, і вырашчанае ўбраць.

— На сённяшні дзень у вашай гаспадарцы ўбрана 1089 га і нарыхтавана 29429 тон зялёнай масы… Няўжо гэта ўсё вы ўдваіх адужылі? — пытаюся ў іх.

— Быў задзейнічаны яшчэ корбаўборачны камбайн “Ягуар”, але зараз ён знаходзіцца на рамонце, — хітравата ўсміхаюцца мужчыны, — мы ўдвух, як кажуць, не адзін пуд солі з’елі, таму і працэс атрымліваецца такі прыгожы і хуткі, які вам зараз давялося назіраць. Галоўнае да маразоў управіцца, каб якасць кармоў не страцілася.

Механізатары ўсведамляюць усю важнасць гэтай сельскагаспадарчай кампаніі, таму працуюць з раніцы і да вечара. Бо стаіць важная задача – забяспечыць пагалоўе жывёлы якаснымі кармамі на будучую зіму. А, як вядома, пры выкарыстанні кукурузнага сіласу для корму, адзначаюцца добрыя прывагі, а ў дойнага статка — павышаецца малочная прадуктыўнасць.

Яшчэ адным немалаважным момантам з’яўляецца захоўванне кармоў, якое ў ААТ “Бабушкіна падвор’е” вядзецца па добра адпрацаванай тэхналогіі. Непадалёк ад жывёлагадоўчых комплексаў размешчаны сіласныя траншэі з бетаніраванымі або асфальтаванымі асновамі, якія папярэдне прайшлі дэзінфекцыю. Пасля ўтрамбоўкі новым ўраджаем з дабаўленнем дабавак і кансервантаў, надзейна закрываюцца палімернай плёнкай. Атрыманы ўраджай надае гонар і галоўнаму аграному гаспадаркі Аляксандру Хромчанка, і аграному Юліі Ткачовай, якія зараз непасрэдна кантралююць і пільна сочаць за працэсам закладкі.  Спецыялісты агранамічнай службы ў адзін голас сцвярджаюць: “У першую чаргу нам жа крыўдна будзе, што вырасцілі і ўбралі, а захаваць не зможам!”.

***

Паралельна з загатоўкай кармоў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Бабушкіна падвор’е” завершаны сеў азімых культур на плошчы 1774 га, узарана глебы на плошчы 2309 га, што перавышае даведзены план і складае 130% да атрыманага задання.

(Указаныя лічбы ў тэксце прыведзены згодна аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу па стане на 16.10.2017 г.)

Алена БАРАВІКОВА.

Фота аўтара

Заўвага: “Лайфхак (ад лайфхакинг, англ. life hacking) — на слэнгу азначае «хітрасці жыцця», «народную мудрасць» ці карысны савет, які дапамагае вырашаць бытавыя праблемы, эканомячы тым самым час”.

На фота: працэс уборкі кукурузы ў ААТ “Бабушкіна подвор’е”

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ