Кожны з нас усё жыццё памятае і любіць тое  месца, дзе нарадзіўся і вырас. Але як часта мы штосьці робім для добраўпарадкавання свайго двара, вуліцы, горада? А калі не сачыць за чысцінёй, то ў апалым  лісці, бутэльках, абгортках і іншых адыходах патоне ўвесь горад, а затым і ўся планета!

На шчасце ёсць людзі, якія ўвесь час клапоцяцца аб прыгажосці  і парадку. Вось, напрыклад, Наталля Сімчанка, працаўнік па комплекснай уборцы і ўтрыманню домаўладанняў УКП «Жылкамгас», ужо на працягу 20 гадоў сочыць за «знешнім выглядам» Хоцімска, а яе працоўны дзень пачынаецца з шасці раніцы, калі яшчэ ўсё вакол агорнута цішынёй.

На дадзены момант Наталля Іванаўна замацавана за паркамі па вуліцы Пралетарскай і Камсамольскай.

— Штодзённая ўборка замацаванай тэрыторыі, акрамя гэтага яшчэ і ўборка пад’ездаў, прыватных тэрыторый, тратуараў. Улетку трэба падмесці, узімку ад снега пачысціць і пясочкам пасыпаць,- расказвае Наталля пра пералік сваіх прац.  Падчас гутаркі, дазналася, што  практычна ўвесь сямейны падрад Сімчанак (муж і тры дачкі) працуе ў адной арганізацыі — гэта заслугоўвае вялікай павагі, як і жыццярадасны і баявы настрой маёй гераіні. Гледзячы на яе, зусім не верыцца — Наталля не толькі шматдзетная маці, але ўжо і бабуля ў квадраце. «Вясёлая, спагадная і вельмі адказная», — коратка, але заслужана кажуць пра Наталлю калегі і кіраўніцтва.

— А як у вашым калектыве ідуць справы з моладдзю?- цікаўлюся ў жанчыны.

— Ёсць у нас і маладыя кадры,  але калі сумленна, неяк доўга не затрымоўваюцца. Бо не ўсе любяць фізічную працу, — распавядае Наталля. — Вельмі крыўдна, калі прыбіраеш, імкнешся, каб навокал была прыгожа, а людзі не разумеюць і дадаюць працы, кідаюць смецце дзе патрапіла, міма ўрнаў. А калі кожны чалавек перастане кідаць на асфальт недакуркі, пустыя бутэлькі «хаваць» у кустах, то вядома будзе прасцей.

Сапраўды,  нямала намаганняў трэба прыкласці, каб усё вакол «вока цешыла». Але пагадзіцеся — прыемна чуць і станоўчыя водгукі аб прыгажосці  беларускіх гарадоў, хоць  чысціня на вуліцах, як чысціня ў душы, залежыць ад усіх і ад кожнага з нас паасобку.

Вольга Зайцава.

Фота аўтара

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ