Юрый Паншын

— Алё, дыспетчар РДС Хоцімскага РЭСа Юрый Паншын слухае.

Так звычайна пачынаецца працоўны дзень аварыйнай брыгады на чале з дыспетчарам. Круглыя суткі нясе службу аператыўна-дыспетчарская група. Усяго на дадзеным прадпрыемстве працуе пяць такіх брыгад, і кожная складаецца з дыспетчара, электраманцёра і вадзіцеля. Па першым сігнале яны гатовы выехаць у самыя аддаленыя кропкі раёна, каб ліквідаваць няспраўнасці на электралініях. Пачатак сённяшняга працоўнага дня таксама не выключэнне: у ходзе нашай гутаркі Юрый паспявае прымаць заяўку і адказваць на мае пытанні. Аказваецца, званок паступіў ад жыхароў Батаеўскага сельскага савета, пытанне тычыцца вулічнага асвятлення. Наколькі аператыўна спрацуе брыгада, залежыць ад яе занятасці ў дадзены момант. Усе намаганні брыгады накіраваны на бесперабойнае, безаварыйнае, а таксама якаснае забеспячэнне электраэнергіяй спажыўцоў. Як вы ўжо зразумелі, галоўным сувязным звяном спажыўцоў і ўсіх падраздзяленняў прадпрыемства з’яўляецца дыспетчарская служба.

Дыспетчар ў РЭСе з’яўляецца, калі можна так сказаць, аператыўным кіраўніком па кантролі электразабеспячэння ў раёне. У яго абавязкі ўваходзіць арганізацыя бяспечнага вядзення работ у электрычных сетках усімі брыгадамі, а таксама кіраванне ўсімі рэжымамі пераключэнняў у энергаабсталяванні. Ад дыспетчара патрабуецца хуткасць і аператыўнасць ў прыняцці рашэнняў, правільнасць якіх не павінна залежыць ні ад уласнага настрою, ні ад знешніх умоў. Званкоў у дыспетчарскую РЭСа за змену можа паступаць шмат. І ўсіх трэба выслухаць, супакоіць, даць слушную параду… Таму праца дыспетчара ў нейкай ступені асаблівая і вельмі адказная. Увага, цярпенне, тактоўнасць — галоўныя якасці работнікаў дадзенай службы. Заўважу, што на гэтым участку працуюць людзі, якім уласцівыя высокая выканальніцкая дысцыпліна, пачуццё доўга і, вядома, прафесіяналізм.

Падчас майго наведвання дыспетчарскай за пультам знаходзіўся Юрый Паншын. Юрый – адзін з вопытных работнікаў, прыйшоў на дадзенае прадпрыемства ў 1999 годзе, маючы за плячыма дыплом будаўніка, асвоіў новую прафесію, паралельна паступіў у Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж, малады чалавек завочна атрымаў адпаведную спецыяльнасць. Пачынаў свой шлях з электраманцёра, затым працаваў майстрам па замене прыбораў уліку, з 2011 года працуе на пасадзе дыспетчара РДС Хоцімскага РЭСа.

Як распавёў Юрый, кожная брыгада стараецца працаваць дакладна і зладжана, разнастайныя аварыйныя сітуацыі ліквідуюць ў кароткі час. Экстраных аварыйных сітуацый па раёне ў асноўным не назіраецца, так як своечасова праводзяцца рамонты ліній электраперадач.

— Стыхійных бедстваў, дзякуй Богу, не назіраецца. Праўда, ёсць адна невялікая для нас праблема: у апошні час у раёне а\г Бярозак адзначаецца павелічэнне баброў, якія будуюць плаціны, перагрызаюць дрэвы, тым самым пашкоджваюць лініі электраперадач.

Дарэчы сказаць, хлопцы, якія працуюць у брыгадзе, адказныя, граматныя, старажылы прадпрыемства, яшчэ разам пачыналі працаваць. Наша праца залежыць ад дзеянняў цэлай каманды, а таксама ад зладжанасці і ўзаемаразумення ў ёй. Згуртаванасць і узаемадапамога, якія пануюць у нашай камандзе, прыносяць жаданыя вынікі, — адзначыў дыспетчар.

У сваю чаргу мне застаецца павіншаваць ўсіх работнікаў Хоцімскага РЭСа са святам і пажадаць ім здароўя, безаварыйнай працы, добрага надвор’я, а іх сем’ям — цяпла і ўтульнасці.

Іна НЕСЦЯРЭНКА

Print Friendly, PDF & Email

НЕТ КОММЕНТАРИЕВ

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ