Вы здесь
Якія планы на будучае у моладзі Хоцімшчыны? Даведалася карэспандэнт райгазеты Общество 

Якія планы на будучае у моладзі Хоцімшчыны? Даведалася карэспандэнт райгазеты

Здаецца, не так даўно хацімчане марылі аб навагодніх святах, зялёных ялінках-прыгажунях, падарунках і мандарынавым шчасці. Але хутка святочная мітусня скончылася, і цяпер з некаторымі ноткамі суму застаецца толькі ўспамінаць свае ўражанні.  Для кагосьці мінулы год прынёс новыя цікавыя знаёмствы, для некага — значныя пакупкі і падарожжы.

А вось, напрыклад, для крэатыўных і таленавітых вучняў Хоцімшчыны мінулы год запомніцца яшчэ надоўга. Пераможцаў алімпіяд, выдатнікаў і актывістаў, юных наватараў Беларусі і нашага прыбеседскага краю таксама чакала цікавае падарожжа да галоўнай ёлкі краіны, дзе яны маглі сустрэцца з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнка. Эмоцыі, якія давялося выпрабаваць нашым рабятам, цяжка апісаць некалькімі фразамі. Калі сказаць, што іх было шмат — значыць, не сказаць нічога. Сваімі ўражаннямі, захапленнямі і планамі на бліжэйшую перспектыву  вучні  падзяліліся з карэспандэнтам раённай газеты.

Антон Удавенка

пераможца абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў “Шматбор’е”, “Абаронца Айчыны”, “Снежны снайпер” і іншых, Забялышынская СШ:

— У Мінску я ўжо быў неаднойчы, а вось на Прэзідэнцкай ёлцы — упершыню. Сустрэча з Аляксандрам Лукашэнка запомніцца на ўсё жыццё. Было вельмі прыемна, што Прэзідэнт размаўляў з намі на роўных, шмат расказваў пра сябе.

Галоўным напрамкам Забялышынскай школы з’яўляецца спорт, амаль кожны вучань марыць у будучым звязаць сваё жыццё менавіта з ім. І ў гэтым галоўная заслуга нашага настаўніка фізкультуры і здароўя Аляксандра Сцепчанкі. Мне было недзе каля дзесяці, калі я ўжо ўдзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах на рэспубліцы.

У школе адным з любімых прадметаў акрамя фізічнай культуры з’яўляецца літаратура і гісторыя. Ведаць гісторыю важна, бо кожны павінен шанаваць свае карані, месца, дзе нарадзіўся і вырас.

Кім мару стаць у будучым? Мабыць, буду паступаць у Магілёўскае кадэцкае вучылішча. Лічу, што падобныя навучальныя ўстановы добра гартуюць не толькі фізічна, але выхоўваюць многія якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны мужчына.

Дана Камісарава,

пераможца другога (раённага) этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, СШ №2:

— Паездка ў Мінск стала для мяне вельмі запамінальнай, паколькі ў сталіцы апынулася ўпершыню. Мноства агеньчыкаў, новыя знаёмствы, цудоўны настрой і, безумоўна, самай запамінальнай падзеяй стала сустрэча з Прэзідэнтам, які віншаваў нас і жадаў далейшых поспехаў.

Я люблю вучыцца. Самымі любімымі прадметамі ў школе з’яўляюцца англійская і беларуская мовы. Вось ужо на працягу трох год удзельнічаю ў раённых алімпіядах па замежнай мове, дзе займаю прызавыя месцы. Вельмі цікавай і запамінальнай стала работа над  даследчай працай на цікавую тэму: “Ці магу я стаць англійскай каралевай?” Хачу крыху аб гэтым расказаць. Мэтай маёй працы было даказаць, што кожная беларуская дзяўчына можа жыць і вучыцца ў Брытаніі, а потым і атрымаць тытул.  Лічу, што падобная тэма сёння актуальная, так як англійская мова адыгрывае важную ролю ў сучасным свеце і з кожным годам  становіцца яшчэ больш папулярнай. І каб даведацца больш аб Велікабрытаніі, акунуцца ў культурную сераду дзяржавы, цікава было ўявіць сябе брытанскай каралевай. У выніку аналіза і анкетавання быў зроблены вынік: каралевай стаць не змагу, а вось герцагіняй — ёсць верагоднасць. Мне здаецца, праца атрымалася цікавай.

Мару ў будучым звязаць сваё жыццё з замежнай мовай, напрыклад, стаць перакладчыкам.

Даніла Калтуноў,

пераможца рэспубліканскай спартакіяды па шашках; СШ №1:

— Паездка на ёлку ў Мінск вельмі запомнілася, засталіся вельмі пазітыўныя і яркія эмоцыі. Спачатку мы наведалі цырк, на наступны дзень нас чакала ўрачыстае мерапрыемства з удзелам Прэзідэнта. Запомнілася, як Аляксандр Рыгоравіч  расказваў пра сваё дзяцінства і рэкамендаваў прысутным вучням больш рабіць ухіл на спорт, а не марнаванне часу за гаджэтамі.

Што датычыцца майго захаплення шашкамі — пачалося яно прыблізна, калі мне было каля шасці год. Калі аднойчы ў школе прапаноўвалі запісацца ў гурток — хутка згадзіўся. Тады нават не думаў, што нешта сур’ёзнае з гэтага можа атрымацца. Многія могуць думаць, што шашкі — нескладаны спорт, але хачу сказаць, што гэта зусім не так. З кожным годам  вучыўся ўсё новым і новым прыёмам, дома ж праводзіў турніры  з любімым дзядулем. Бывала, выйграваў, але і прайграваў неаднойчы. Але, ужо пачынаючы з малых гадоў, ведаў — трэба ўмець годна прымаць як перамогі, так і паражэнні. Сёння ў маёй скарбонцы нямала ўзнагарод,  з колькасці Грамат і Дыпломаў ўжо збіўся з рахунку.

Ёсць яшчэ заняткі, якімі  люблю  займацца — валейбол, чытанне вершаў  і прагляд гістарычных фільмаў. Вучуся таксама нядрэнна, а любімыя прадметы ў школе — фізіка, хімія, руская мова і літаратура. Пакуль  дакладна не вызначыўся з выбарам будучай прафесіі, можа гэта нейкім чынам і будзе звязана са спортам — не ведаю. Але ўпэўнены, што зраблю правільны выбар.

Вольга Зайцава.

Фота аўтара

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲