Вы здесь
На Хоцімшчыне вырабляюць найпрыгажэйшых лялек Общество 

На Хоцімшчыне вырабляюць найпрыгажэйшых лялек

Якая дзяўчынка не марыла ў дзяцінстве атрымаць у падарунак прыгожую ляльку? Мабыць, гэта было запаветным жаданнем кожнай маленькай феі. А яшчэ, каб у  калекцыі абавязкова  быў  маленькі посуд, шмат убораў для прыгажуні і нават сапраўдны лялечны домік. Але гэта сёння можна з лёгкасцю адшукаць усё пералічанае на прылаўках крамы, нават можна набыць ляльку, якая будзе размаўляць і рухацца. У савецкім жа дзяцінстве такой разнастайнасці не было. Калі ж перанесціся ў часы нашых бабуль, дык, наогул, мала хто ўспомніць, што гуляў з купленымі цацкамі.  Лялькі, як і многія іншыя рэчы хатняга ўжытку, якімі карысталіся ў паўсядзённым жыцці, рабілі сваімі рукамі, укладваючы ў кожны выраб крупінку сваёй энергіі, шчырасці і дабрыні.

Шкада, што з года ў год цяжэй знайсці носьбітаў нацыянальных традыцый свайго рэгіёну. Вёскі радзеюць, а гэта значыць, што ўсё менш застаецца сведкаў, якія могуць расказаць нешта важнае. Таму варта задумацца: што раскажам і што пакінем сваім нашчадкам пасля сябе мы.  Пагадзіцеся, мы жывыя як народ, бо трымаемся найперш за свае карані, за традыцыі сваёй роднай зямлі. І як нельга зярнятку ўзрасці на бясплодным камені, так і чалавеку немагчыма выжыць і даць працяг роду ў духоўнай пустэчы.

Хоцімскі Дом рамёстваў — месца ўнікальнае, тут майстры, прафесіяналы сваёй справы, свята паважаюць, захоўваюць і перадаюць будучым пакаленням самыя лепшыя беларускія традыцыі. І сённяшняе  наша знаёмства менавіта з такім чалавекам, а яшчэ нас чакае цікавы  майстар-клас  спецыяльна для карэспандэнта “ШК”.

У асаблівым прадстаўленні Таццяна Навумава, метадыст і майстар Дома рамёстваў, не мае неабходнасці. Думаю,  кожнаму хацімчаніну падчас разнастайных выставак, што праходзілі ў нашым раёне,  даводзілася не толькі любавацца лялькамі, якія робіць Таццяна Мікітаўна, але і набываць іх  для сябе.

— Калі пачала цікавіцца лялькамі? О, зараз мне здаецца, што гэта было вельмі даўно. Можа яшчэ  як толькі  нарадзілася, — жартуе майстар. — Але, калі  мы былі  малымі, такой разнастайнасці ў крамах не было.  Таму першыя мае лялечкі былі нескладанымі і прымітыўнымі.  Недзе кавалачак ці шматок  непатрэбнай старой спадніцы ці сукенкі дастанеш,  накруціш, наматаеш, ці сучок нейкі з дрэва адламаеш. Крыху фантазіі, спрыт рук —  і вось ужо лялька гатова. Але яны  здаваліся тады такімі міленькімі і прыгожанькімі.  А калі яшчэ атрымаецца некалькі ўбораў для цацкі зрабіць, дык і наогул радасці не было канца-краю. І лялькі, і гульні з імі — усё прыдумвалі самі.  І гэта было па-сапраўднаму запамінальна і цікава. Мабыць, таму і  здаецца, што займаюся іх вырабам з самага дзяцінства. Але зараз гэта ўжо больш на прафесійным узроўні: літаратуры  шмат чытаю, ведаю аб ролі, значэнні кожнай прыгажуні, паэтапным яе “нараджэнні”.

— Таццяна Мікітаўна, раскажыце, калі ласка, аб некаторых сваіх прыгажунях.

— У наш век лялькі  ў асноўным  дзіцячыя цацкі, у старажытнасці ж да іх былі зусім іншае стаўленне. Яны былі вельмі рознымі, і вырабляліся не толькі з тканіны, але і з іншых матэрыялаў: гліны, саломы і інш. Лялькі былі абярэгамі, неслі ў сабе добры пачатак  і кожная выконвала сваю ролю. А вырабляць іх  маглі  толькі жанчыны. Лічылася, што ад якасці працы залежыў лёс не толькі  асобнай сям’і, а нават цэлага роду. Усе цацкі звычайна падзяляліся  на абрадавыя, абярэгавыя і гульнёвыя.

Напрыклад, у ноч з 6 на 7 ліпеня  святкуюць самае старажытнае абрадавае свята — Купалле. Адным з асноўных дзеянняў гэтага свята з’яўляецца пошук міфічнай «папараць-кветкi».  Лічыцца, што з вянкамі, якія знаходзіліся на вадзе, абавязкова трэба было  ў «далёкае плаванне»  адпусціць і купальскіх лялек. Лічылася, што  разам з імі адыходзілі ўсе нягоды і непрыемнасці. Дарэчы, век у абрадавых лялек быў нядоўгі, звычайна іх спальвалі на агні, — дзеліцца Таццяна Мікітаўна, падыходзячы да шафы, у якой красуюцца лялькі, і адна за адной дастае прыгажунь.- Раней, для таго, каб у доме быў дастатак, жанчына рабіла ляльку «зернавушку» або «крупенічку». Рабілася яна звычайна пасля збору ўраджаю. У аснове такой лялькі  быў мяшэчак з зернем. “Зернавушка” займала самае ганаровае месца ў хаце — “чырвоны кут”.  А вясной жменьку зярна, што знаходзілася ў мяшэчку, змешвалі з астатнім зернем. Лічылася, толькі тады будзе добры ўраджай. Дарэчы, яшчэ да нараджэння было прынята рабіць невялічкую лялечку “кувадку”  і класці яе ў люльку, каб тая абагрэла яе для будучага дзіця, а таксама адагнала ад яго злых духаў.  Калі ж немаўля з’яўлялася на свет, лялька і тады не раставалася з ім. Напрыклад, калі бацькі ішлі  ў поле на працу, і дзіця заставалася ў доме, глядзела на гэтыя маленькія цацачкі і гуляла. А вось, напрыклад, маладой пары на шлюб дарылі «неразлучнікаў» — пару лялек з адной агульнай рукой, каб у сям’і панавалі згода і лад.  Абавязкова ў кожнай хаце была  лялька  з лячэбнымі зёлкамі, якую называлі “траўніца”. Гэта лялька сачыла за добрым сном дзетак. І дзіця заўсёды дыхала свежым і добрым паветрам: мятным, чабаровым, рамонкавым. Ці вось “вэпская лялька”. Яе рабіла маці са старой сваёй вопраткі, без выкарыстання нажніцаў і іголкі: каб жыццё дзіцяці было гладкае і спакойнае. Дарэчы, перад замужжам маці дарыла дачцы “берагіню”. І цяперашні атрыбут любога вяселля — прыгожая лялька на вясельным аўтамабілі — адгалосак менавіта таго старадаўняга абраду. А вось, напрыклад, “конь”  лічыўся мужчынскім абярэгам і прыносіў  дабрабыт, шчасце і поспех. Расказваць пра кожную з іх можна бясконца доўга і гэта па-сапраўднаму вельмі цікава.

— Можа ёсць нейкія асаблівыя сакрэты, аб якіх трэба ведаць?

— Як ужо адзначалася раней, лялек рабілі пераважна жанчыны.  Лічылася, што  жаноцкая доля ва ўсе часы была нялёгкай, і таму ў ляльках яны шукалі нейкай дапамогі і падтрымкі. Чаму ў іх не было твару? Лічылася: хто мае твар, мае і душу. Абавязкова трэба было рабіць цацкі ў добрым настроі і з добрымі думкамі. У вялікія святы займацца рукадзеллем не дазвалялася. Самымі ахоўнымі лічыліся лялькі, што выконваліся без выкарыстання іголак і нажніц. Тканіну, што выкарыстоўвалі, стараліся не рэзаць, а рваць. Дарэчы, матэрыял для вырабу цацак браўся са старых рэчаў, якія апраналіся  на нейкія радасныя падзеі, напрыклад, на вяселле ці народзіны.

— Вельмі цікава. Здавалася б, слухала вас і слухала. А я вось бачу  ў вас вялікая колькасць розных узнагарод. Раскажыце крыху аб гэтым.

— Сапраўды, з кожным годам капілка папаўняецца, бо мы стараемся актыўна ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах, выстаўках і фэстах. Вось, напрыклад, у 2016 годзе праходзіў абласны агляд-конкурс “Магілёўская лялька ў рэгіянальным строі”. Было некалькі пераможцаў, але я атрымала галоўны прыз — Гран-пры конкурсу і тытул  абсалютнага галоўнага пераможцы.  Хачу сказаць, што ляльку для конкурсу рабіла каля двух месяцаў, бо прыйшлося прапрацоўваць усё да малейшых дробязяў. Запомніўся ХХ Міжнародны фестываль песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, дзе таксама заняла 1 месца. У кожнага мястэчка свае традыцыі і асаблівасці, нават часам дзве вёсачкі, якія знаходзяцца паблізу, маюць шмат адрозненняў у тэхніцы выканання лялек. Але самае цікавае ў падобных мерапрыемствах — новыя знаёмствы і назапашаны вопыт.

— Ведаю, у вас дачушкі. А яны таксама ўмеюць рабіць такую прыгажосць?

— Безумоўна, дзяўчатам вельмі падабаецца рукадзельнічаць. Я з самага дзяцінства любіла нешта зрабіць для іх сваімі рукамі. Яны падраслі, цяпер фантазіруюць і робяць розныя вырабы самі. Напрыклад, калі  збіраюцца кудысьці ў госці — абавязкова зробяць шкатулачку ці рамачку. Тое, што зроблена сваімі рукамі і з душой, заўсёды ўспрымаецца  на “ура”.

— На базе  Дома рамёстваў  працуе гурток “Чароўны мір лялек”. Рабяты з вялікім захапленнем яго наведваюць і вучацца рабіць цацкі. Таццяна Мікітаўна, а можаце і для мяне правесці майстар-клас?

— А як жа. Сёння мы паспрабуем зрабіць адну з самых важных і цікавых лялек, якая называецца “на шчасце”.

І вось тут пачалося самае цікавае. Дарэчы, крыху скажу пра ляльку, якую мне давялося рабіць пад чулым кіраўніцтвам Таццяны Навумавай. Лялечка “на шчасце” – народная лялька-абярэг. Гэта маленькая дзяўчынка з вельмі доўгай касой і паднятымі да сонейка ручкамі. Лічыцца, калі насіць ляльку з сабой будзе спадарожнічаць поспех. Калі прызнацца, я асабліва ніколі не займалася рукадзеллем, але жаданне заўжды прысутнічала. Здаецца, апошні раз гэта было недзе ў школе на ўроках працы. Таму зрабіць нешта сваімі рукамі было неяк  хвалююча. Не буду апісваць паэтапны майстар-клас, але прызнаюся – мне было  вельмі цікава, хоць і не вельмі проста. Трэба адзначыць, што абярэг, які мы рабілі, не самы складаны, але на яго пайшла цэлая гадзіна, улічваючы, што ўсе нарыхтоўкі ўжо былі.  Інакш, часу патрабавалася б значна больш. У прынцыпе, каб змайстраваць нешта падобнае абавязкова спатрэбіцца добры настрой, жаданне і, безумоўна, матэрыял. У выніку лялечка-красунечка атрымалася – ні ў казцы сказаць, ні пяром напісаць.

А вось Дар’я Корнева і Алена Шчарбакова, працаўнікі Хоцімскага гісторыка-краязнаўчага музея, лялькамі сталі займацца параўнальна нядаўна, недзе каля года. Як прыйшла ідэя — неяк спантанна. Паспрабавалі раз, другі — атрымалася. А сёння ў калекцыі  дзяўчат  ёсць ужо і беларускія абрадавыя, абярэгавыя, а яшчэ інтэр’ерныя тэкстыльныя лялькі.

— Дакладна не скажу, недзе каля 30 лялек у маёй асабістай калекцыі, у асноўным гэта лялькі-цільды, — расказвае навуковы супрацоўнік музея Дар’я Корнева. — Інтэр’ерная лялька папулярная ў кожным куточку зямлі. З яе дапамогай не толькі ўпрыгожваюць дызайн, але іх яшчэ калекцыяніруюць.

Асаблівым попытам карыстаюцца хоцімскія лялькі-абярэгі, але ўсё часцей людзі жадаюць імі проста ўпрыгожыць інтэр’ер. Дзяўчаты  расказалі, што на выраб адной цацкі ў сярэднім затрачваецца ад трох да пяці дзён, у залежнасці ад памераў і прапрацоўкі дробных дэталяў. Зрабіць інтэр’ерную ляльку — паўсправы, яе яшчэ трэба цікава распісаць. І вось тут дзяўчаты праяўляюць сваю фантазію. Але, калі занятак прыносіць задавальненне не шкада ні часу, ні матэрыялаў, якія яны ў асноўным бяруць  з рэчаў, якія ўжо непатрэбныя. Расказы і майстар-класы па вырабу сувеніраў асабліва падабаюцца дзеткам, якія  прыходзяць у музей, каб паслухаць і самім павучыцца зрабіць падобныя рэчы.

Да кожнага свята Дар’я і Алена робяць новых і цікавых лялек, і наперадзе ў іх яшчэ мноства задум. Даша сёння з удзячнасцю ўспамінае, як недзе класе ў пятым, яна з задавальненнем наведвала гурток “Кройкі і шыцця”, дзе і навучылася  асновам майстэрства. А навучыла яе тады рукадзельнічаць Таццяна Навумава.

І гэта вельмі прыемна, што традыцыі на Хоцімскай зямлі зберагаюцца і перадаюцца з  пакалення ў пакаленне. А гэта значыць, што мы моцна трымаемся за свае карані, за традыцыі сваёй роднай хоцімскай  зямлі.

Вольга ЗАЙЦАВА

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲