Вы здесь
Да Дня роднай мовы — шляхам гісторыі беларускага слова Общество 

Да Дня роднай мовы — шляхам гісторыі беларускага слова

Каля 85% беларусаў прызнаюць беларускую мову «роднай». Аднак, нягледзячы на тое, што 2/3 насельніцтва краіны падчас перапісу 2009 года заявілі аб свабодным валоданні беларускай мовай, колькасць грамадзян Беларусі, якія размаўляюць па-беларуску дома, складае толькі 23,5% ад усяго насельніцтва краіны.

21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы. Гэта дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, кожнага беларуса. Асаблівы гэты дзень і для мяне. Упэўнена, няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. На жаль беларуская, знянацку адціснутая братэрскай рускай, паступова робіцца «экзотыкай». Сапраўдных народных носьбітаў мовы з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. 

Часцей за ўсё, на пытанне: «Чаму не размаўляеце па-беларуску?», можна пачуць такія адказы: «Я кепска размаўляю на мове, таму лепш не псаваць яе памылкамі», «Мае блізкія і знаёмыя размаўляюць па-руску, ніхто ў горадзе на ёй не гаворыць,  таму і мне гэта непатрэбна», «Гэта мова калгасу і апазіцыі». На самай справе ўсе гэтыя аргументы не маюць ніякага дачынення да маёй мовы, і я заўсёды кажу аб гэтым. Наадварот, размаўляць па-беларуску –  сучасна, годна і модна!

І сёння мне хочацца здзейсніць невялікае падарожжа ў мінулае. Хачу зрабіць гэта, каб усе зразумелі, колькі зараз нам прадастаўлена магчымасцей, каб размаўляць на мове сваёй, а таксама аддаць даніну памяці тым, хто свята верыў — мова будзе жыць.

Лічыцца, што пісьменнасць прыйшла на беларускія землі разам з хрысціянствам у канцы X стагоддзя. Дзяржаўнай жа мовай Кіеўскай Русі з’яўлялася старажытнаўсходнеславянская. Такім чынам, да ХІІІ ст. існавала адносна адзіная пісьмовая мова ўсходніх славян, аднак размаўлялі продкі рускіх, беларусаў і ўкраінцаў па-рознаму. У ХІІІ ст. пачалі складвацца асобныя народнасці – беларуская, руская і ўкраінская. Асноўную ролю ў фарміраванні беларускай мовы (даследчыкі называюць яе старабеларускай) адыгралі мясцовыя гаворкі. Як асобная, самастойная мова яна сфарміравалася ў перыяд, калі нашы землі знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў ВКЛ на працягу ХІV – ХVІ стст. старабеларуская мова выкарыстоўвалася ў якасці афіцыйнай дзяржаўнай. Тут нельга не ўзгадаць імя першадрукара Францыска Скарыны, які ўзняў беларускую мову і культуру на еўрапейскі ўзровень. Таму гэты перыяд лічыцца росквітам у гісторыі беларускай культуры. Вучоныя і назвалі яго «залатым векам».

Аднак далейшы ход развіцця беларускай мовы быў надзвычай неспрыяльным. Пасля Люблінскай уніі (1569 г.)  Рэч Паспалітая пачынае праводзіць палітыку апалячвання і акаталічвання беларусаў. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб забароне беларускай мовы ў дзяржаўных і судовых установах. У канцы ХVІІ ст. беларуская літаратурная мова прыходзіць у поўны заняпад.

Менавіта з гэтага часу беларускую мову сталі называць «хамскай, мужыцкай, паганскай». На вялікі жаль, многія прадстаўнікі беларускай шляхты за пэўныя прывілеі выракаліся не толькі роднай мовы, але і свайго беларускага паходжання, больш таго – сваёй веры!

У 1867 г. царскі ўрад (а Беларусь ужо ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі) забараніў друкаванне кніг на беларускай мове. Гэта забарона праіснавала да рэвалюцыі 1905 года. За ўсё ХІХ ст., па падліках даследчыкаў, выйшла не больш за 75 кніг.

Узнавіць беларускую культуру праз адраджэнне беларускай мовы – такую мэту ставілі перад сабой асветнікі. Нягледзячы на царскую забарону, у канцы ХІХ ст. за мяжой выходзяць творы Францішка Багушэвіча, з’яўляюцца  вершы Янкі Лучыны. Творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Цёткі і стала пачаткам новай беларускай літаратурнай мовы.

У 1918 г. была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) і беларуская мова ўпершыню пасля часоў ВКЛ набыла статус дзяржаўнай. Толькі за перыяд з 1920 па 1926 гг. пачалі сваю творчую дзейнасць каля 500 маладых літаратараў.  У канцы 20-х гадоў амаль уся літаратура (каля 90 %), якая выпускалася ў рэспубліцы, была беларускамоўнай, звыш 80% школ мелі беларускую мову навучання.

Аднак ужо ў 30-я гады працэс беларусізацыі быў гвалтоўна спынены. У выніку рэпрэсій загінулі тысячы  грамадскіх дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, работнікаў асветы. Кожныя дзевяць з дзесяці беларускіх дзеячоў культуры былі рэпрэсіраваныя, расстраляныя або сасланыя на лютую пагібель на край свету… У 1938 г. выходзіць пастанова ЦК ВКП(б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». У 2-ой палове ХХ ст. беларуская літаратурная мова існавала ва ўмовах канкурэнцыі з рускай, і сфера выкарыстання беларускай хутка звужалася: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

Разам з інтэнсіўнай урбанізацыяй Беларусі, з пашырэннем рускамоўных каналаў інфармацыі русіфікатарская палітыка прывяла да страты ў значнай часткі насельніцтва пачуцця каштоўнасці беларускай мовы, да дэфармацыі нацыянальнай свядомасці. Назіраліся такія абсурдныя з’явы, калі, скажам, бацькі (прычым нават не ваеннаслужачыя) маглі вызваліць дзіця ад вывучэння беларускай мовы па стане здароўя (не ад замежнай, а ад роднай).

У пачатку 90-х гг. узніклі новыя фактары, якія паўплывалі на моўную сітуацыю. У 1990 годзе беларуская мова набыла статус дзяржаўнай у адпаведнасці з Законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які прадугледжваў яе аднаўленне найперш у сферы адукацыі і афіцыйна-справавога ўжытку. Значна паспрыялі павышэнню ролі беларускай мовы ў грамадстве інтэлігенцыя, установы культуры, адукацыі.

Аднак ужо 14 мая 1995 года адбыўся агульнарэспубліканскі рэферэндум, па выніках якога быў прыняты закон аб набыцці рускай мовай аднолькавага статусу дзяржаўнасці з беларускай. На паперы замацавана двухмоўе, а ў рэальнасці беларуская мова не з’яўляецца сродкам зносін нацыі, не выкарыстоўваецца ў розных сферах жыцця.

Нельга лічыць сябе самасвядомым беларусам, не ведаючы роднай мовы! На сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная. Наша мова ўключана ЮНЕСКА у спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё.

Ёсць такая прыказка “Хто з матчынай гаворкі пасмяецца, той на старасці ад маткі адрачэцца”. Разумееце? Па тым, як чалавек ставіцца да мовы свайго народа, можна меркаваць пра яго чалавечую годнасць. Беларусы на працягу стагоддзяў мусілі змагацца за сваю самастойнасць, за сваё этнічнае выжыванне.

Магу сказаць наступнае: безумоўна, спачатку будуць узнікаць і цяжкасці і памылкі. І трэба гэта зразумець. Але яшчэ трэба добра ўсведамляць: калі ёсць  жаданне вывучыць родную мову, то ўсё атрымаецца. Якія парады можна даць пачынаючым беларусам? Папаўняйце свой слоўнікавы запас, слухайце беларускамоўную музыку, чытайце беларускамоўныя сайты і газеты, вучыцеся пісаць па-беларуску. Не бойцеся дапушчаць памылкі: не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Паступова пачніце ўжываць мову ў побыце: спачатку ў сям’і, потым на працы – у звыклых вам асяродках. Не саромейцеся выглядаць не такімі як усе. Набярыцеся цярпення, і ўсё атрымаецца.

Сучасны свет – свет тэхналогій. Але гэта не значыць, что мы маем права забыць мову Скарыны, Коласа і Купалы. Мова і літаратура аб’ядноўваюць нас у адно грамадства, у адну нацыю. Мову трэба любіць, як сваіх бацькоў, як сонца, як прыроду.Таму любіце і шануйце беларускую мову і літаратуру. Бо хто яшчэ, калі не мы?

Дзённік часу

вывучала беларусачка

Вольга ЗАЙЦАВА

А каб праверыць нашых беларусаў і беларусачак, было прапанавана бліц-апытанне:

1) Якой мове вы аддаеце перавагу: беларускай, рускай, нейкай іншай. 2) Як лічыце, беларусы павінны ведаць сваю мову? 3) Ці можаце вы самастойна, без дапамогі слоўнікаў, сказаць нешта па-беларуску? 4) Вам падабаецца, калі нехта размаўляе на роднай мове? 5) А ў вашым акружэнні, ці сярод сяброў ёсць тыя, што размаўляюць на роднай мове? 6) Як часта вы глядзіце фільмы або тэлеперадачы на беларускай мове? 7) А як даўно чыталі нешта па-беларуску? 8) Які з твораў школьнай праграмы па беларускай літаратуры вам запомніўся. Чаму? 9) Што б вы маглі пажадаць сваёй роднай мове. 10) Вы можаце ўпэўнена сказаць: “Я- сапраўдны беларус (беларуска). Я ганаруся сваёй краінай і сваёй мовай”? Аргументуйце адказ.

Сяргей Кавалёў:

1) Аддаю перавагу адназначна беларускай. Навіны чытаю толькі па-беларуску, камп’ютэрныя праграмы, калі маецца беларускі інтэрфейс, усталёўваю на мове, на форумах у інтэрнэце пішу пераважна па-беларуску;

2) Безумоўна павінны. Без мовы няма нацыі. Тым больш, што не кожная нацыя мае сваю мову, а ў нас яна ёсць;

3) Дзіўнае пытанне…  Сказаць што-небудзь без дапамогі слоўніка я магу, напрыклад, па-нямецку. Вядома магу, бо для мяне беларуская мова не толькі мая, а і штодзённая мова зносін. Нават дома з дзецьмі стараюся выкарыстоўваць як мага больш беларускіх слоў, каб яны ведалі і разумелі беларускую мову;

4) Вельмі падабаецца. Калі чую беларускую гаворку, нават «трасянку», вельмі радуюся. Апошнім часам у кінатэатрах арганізуюцца кінапаказы фільмаў у беларускім перакладзе, перыядычна ў прэсе ўзнімаюцца пытанні папулярызацыі мовы, пераклад дзіцячых мультфільмаў на мову і выданне папулярных кніг у беларускім перакладзе – усё гэта сведчыць аб тым, што працэс ідзе, і беларуская мова паступова становіцца папулярнай і паўсядзённай з’явай. Гэта прыемна. Хоць у нашай глыбінцы гэтага і незаўважана, але галоўнае, каб былі людзі, якім гэта неабыякава, а яны ёсць;

5) У маім ёсць, адна сяброўка;

6) Тэлевізара не маю, таму гляджу, калі знаходжу іх на прасторах інтэрнэта. Як часта? Не так часта, як хацелася б, бо іх вельмі няшмат;

7) Штодзённа чытаю;

8) “Людзі на балоце” вельмі спадабаецца. Помню амаль усё, што вывучалі, але вось менавіта гэты твор асабліва запаў, як кажуць, у душу.

9) Мове нават не ведаю, што б пажадаў… Мова – гэта частка нас, беларусаў. Без яе мы не можам існаваць, як беларусы. Без мовы не будзе нас. Таму пажадаў бы не мове, а беларусам не проста моўчкі любіць і шанаваць яе, а штодзённа ёй карыстацца, каб яна была перад нашымі вачамі, у нашых думках і ішла з намі ўсюды – на работу, у краму, да сяброў і сваякоў. Вось тады беларуская мова будзе жыць і будзем жыць мы – беларусы;

10) Магу не толькі ўпэўнена, але і з гонарам.

Іна Базылева:

1) Рускай;

2) Мы можам размаўляць на той мове, на якой нам зручна. Але ведаць  і любіць сваю родную — абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны;

3) Да;

4) Заўсёды прыемна пачуць родную, пявучую мову. Можна  сказаць, што цяпер модна размаўляць па-беларуску. Яна ўсё часцей гучыць вакол нас. Маладыя людзі ствараюць свае гурткі, пішуць музыку і спяваюць беларускія песні. Усё гэта і многае іншае сведчыць аб тым, што наша мова адраджаецца;

5) Усе мае сябры, знаёмыя і сям’я размаўляюць толькі па-руску;

6)  Мастацкія фільмы на беларускай мове ніколі не глядзела, дакументальныя — часам. Мне вельмі падабаецца тэлевіктарына «Размаўляем па-беларуску». А на дзіцячай тэлеперадачы «Калыханка» «вырасла» сама, а цяпер «растуць» мае дзеці;

7) Мастацкую літаратуру даўно, а газеты, часопісы часта;

8) Я любіла чытаць у школе! Таму любімых аўтараў даволі шмат. Мне складана вылучыць кагосьці аднаго, як асабліва любімага. Некаторыя творы чытала па некалькі разоў: аповесць Васіля Быкава «Жураўліны крык», раман Івана Мележа «Людзі на балоце», аповесць Міхаіла Лынькова «Міколка-паравоз»;

9) Давайце размаўляць! Давайце не будзем «говорить, болтать», а будзем весці простую гаворку на роднай мове;

10) Я не размаўляю на беларускай мове, але лічу, што мова не з’яўляецца галоўным крытэрам прыналежнасці да беларускай нацыі. Усім сэрцам люблю сваю краіну. І з гонарам кажу: «Я — беларуска!»

Дзяніс Шалганаў:

1) Рускай, але толькі таму што ўсе размаўляюць на ёй;

2) А як жа, абавязкова;

3) Да. Але не хутка і нескладаныя сказы;

4) Вельмі-вельмі спадабаецца;

5) Да, але, на жаль, іх няшмат;

6) Вельмі мала;

7) Чытаю ўсе артыкулы на беларускай мове ў газеце “Шлях Кастрычніка”;

8) Адразу так і не скажу. У школьныя гады ў мяне было некалькі іншае стаўленне да роднай мовы;

9) Адраджэння і росквіту;

10) Безумоўна, я ганаруся тым, што я беларус і жыву ў такой цудоўнай краіне, дзе жывуць самыя добрыя, працавітыя і цярплівыя людзі — беларусы.

Эльміра Карпава:

1) У асноўным — рускай;

2) Безумоўна, павінны;

3) Да, магу;

4) Вельмі;

5) Ёсць;

6) На жаль, рэдка;

7) «Сэрца на далоні» у мінулым годзе;

8) Вельмі добра запомніўся сюжэт трылогіі» На ростанях» Якуба Коласа;

9) Хочацца пажадаць, каб беларусы любілі сваю мову;

10) Я сапраўды беларуска. Я люблю сваю Радзіму, мову.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲