Вы здесь
Для Таццяны Барыбкінай «ШК» — гэта рэлакс  са смакам  раённых навін Женская территория 

Для Таццяны Барыбкінай «ШК» — гэта рэлакс са смакам раённых навін

Настаўнік гісторыі Трасцінскага ВПК Таццяна Барыбкіна марыла стаць педагогам з першага класа. Яна і сёння добра памятае, як калісьці першая настаўніца раздала вучням званочкі, на якіх трэба было напісаць сваю мару. І тады маленькая дзяўчынка нясмелым почыркам вывела: “Хачу стаць настаўніцай”. Якім было здзіўленне дзяўчынкі, калі праз дзесяць год ім зноў раздалі тыя званочкі. Да таго часу Таня ні на кроплю не змяніла сваё жаданне, а толькі яшчэ мацней упэўнілася ў ім.
На пытанне, чаму педагог спыніла свой выбар менавіта на такой дысцыпліне як гісторыя, Таццяна Іванаўна адказвае так: “Не палюбіць гэты прадмет было нельга, проста немагчыма, а сапраўдным узорам для пераймання для мяне стаў наш настаўнік гісторыі Мікалай Каткоў. Яго ўрокі заўжды былі цікавымі і запамінальнымі”.
Педагог з захапленнем расказвае аб сваёй рабоце, дзеліцца, колькі зроблена, а потым прызнаецца, што на рэалізацыю ўсяго задуманага заўжды не хапае часу. Вось напрыклад зараз ідзе актыўны пошук матэрыялаў для даследчай працы “Мая сямейная рэліквія”. І тут Таццяна Іванаўна ўключае ў працу не толькі вучняў, але і педагогаў, і жыхароў вёскі. А тыя, у сваю чаргу, імкнуцца прынесці нейкі рарытэт і падзяліцца ім з гісторыкам. Як паказвае практыка, многія і ўвогуле не ўяўляюць, што ў іх дома захоўваюцца нейкія каштоўныя рэчы, нават не адразу вераць, а потым крыху здзіўляюцца. А настаўнік такім знаходкам заўжды рада. Яна шчыра любіць справу, якой займаецца і калі атрымоўваецца выхадны, не можа дачакацца сустрэчы са сваімі любімымі вучнямі. Некаторыя з навучэнцаў Таццяны Іванаўны таксама вырашаюць звязаць сваё жыццё з гэтай цікавай навукай. Сярод будучых калег педагога Арцём Хількевіч і Валерыя Трубнікава. А паколькі сучаснае пакаленне не абыходзіцца без кампутара, то праз сацыяльную сетку настаўнік распаўсюджвае цікавую інфармацыю па гісторыі, а яшчэ ўсе жадаючыя могуць праглядзець фотаздымкі і паспрабаваць знайсці на іх сваіх знаёмых з вёсачкі Трасціно на прасторах Інтэрнэта.
Вельмі цікава адбылося знаёмства з будучым мужам. З ім Таццяна пазнаёмілася, калі абодва прымалі ўдзел у пасадцы маладых ялінак. Таццяна — ад школы, Аляксей — ад лясніцтва. Праз некаторы час з’явіліся дзеткі. Хлопчыкі пакуль яшчэ маленькія, але яны ўжо добра ведаюць, што маці працуе ў школе, педагогам рабіла і бабуля, нават у таты ёсць педагагічная адукацыя. Карацей кажучы, цэлая дынастыя настаўнікаў.
Увесь свабодны ад працы час Таццяна Барыбкіна праводзіць з любімай сям’ёй, атрымліваючы асалоду ад усяго, што знаходзіцца побач — ад маленькага каменьчыка і травінкі да знаёмай рачулкі і роднага дома.
Яшчэ педагог прызналася, адным з любімых заняткаў у яе з’яўляецца чытанне. І ўсё роўна, ці гэта артыкулы па гісторыі, якія яна беражліва збірае і захоўвае, ці творы аўтараў рускай і беларускай класікі.
— Вельмі падабаецца чытаць раённыя навіны. Чытаю ад першай да апошняй старонкі, асабліва люблю знаёміцца з артыкуламі пра нашых знакамітых землякоў. А вось такога каляровага нумара не бачыла, — кідае педагог погляд на стопку са спецвыпускам раённай газеты. — З нецярпеннем чакаю серады і суботы, а калі па дому зроблены справы, бяру ў рукі “Шлях Кастрычніка” і за смачнай гарбатай некалькі хвілін адпачываю. Атрымліваецца такі своеасаблівы рэлакс. Прывучыла чытаць газету ўсю сям’ю, нават малыя бяруць газету і праглядаюць яе. Старэйшы Ілля ўжо неаднойчы трапляў на старонкі раёнкі, прымаючы ўдзел у разнастайных раённых конкурсах, мы таксама станавіліся героямі газеты, быццам сапраўдныя зоркі, — з усмешкай напрыканцы дадае Таццяна Іванаўна.
Вольга Зайцава

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲