Вы здесь
Аляксандр ЛЯЙЧЫНСКІ — журналіст «ШК» аб сабе і працы Личность 

Аляксандр ЛЯЙЧЫНСКІ — журналіст «ШК» аб сабе і працы

“Вось ужо колькі гадоў жыве ён у штодзённым напружанні, бы “вечны” студэнт, які здае з дня ў дзень свой самы цяжкі экзамен. Такая ў яго праца. Ён ніколі не можа дазволіць сабе расслабіцца, цалкам адключыцца, ні пра што не думаць. Ён — журналіст”,- чытаю кнігу Міколы Капыловіча “Вераснёўскай раніцай”.

Ужо на працягу 20 год (час працы ў рэдакцыі, аўт.) не можа дазволіць сабе расслабіцца, адключыцца, ні пра што не думаць і мой калега, якога з упэўненасцю можна аднесці пад апісанне героя з вышэйзгаданай кнігі. Шчыры чалавек, таленавіты журналіст, сапраўдны патрыёт, надзейны сябра (дарэчы, гэты спіс можна яшчэ працягваць доўга, аўт.) — Аляксандр Ляйчынскі, загадчык аддзелам сельскай гаспадаркі. За ўвесь гэты прамежак часу плённая праца Аляксандра Пятровіча высока адзначалася не толькі на раённым узроўні, але і на абласным. Так у 2012 годзе ён атрымлівае Дыплом 3 ступені сярод немаленькай колькасці журналісцкай браціі нашага рэгіёна ад Магілёўскага выканаўчага камітэта, у мінулым — уступае ў Беларускі саюз журналістаў. І гэта толькі малая жменя тых заслуг, аб якіх успамінае мой суразмоўца, які сціпла называе сябе карэспандэнтам. На самай жа справе іх куды больш, але нейкая “юнацкая” сціпласць не дазваляе доўга засяроджваць увагу на гэтым моманце.
З нагоды юбілея нашага паважанага калегі, які амаль супадае з прафесійным святам усіх журналістаў, хочацца скарыстацца службовым становішчам і расказаць пра чалавека, чыё імя паспела стаць своеасаблівым “брэндам” раённай газеты. Чалавека, які ў адрозненні ад некатарай часткі былых камуністаў, застаўся верным ідэям сацыялізму, і на сённяшні дзень узначальвае раённую арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі. Чалавека, чые погляды і прынцыпы часам бываюць незразумелымі нам, маладым, але яны наскрозь прасякнуты нечым добрым і шчырым. Чалавека, які прайшоў доўгі шлях, перш чым стаў прафесіяналам сваёй справы, сапраўдным журналістам…
— Аляксандр Пятровіч, заўтра ваш юбілей. Ад усяго калектыву рэдакцыі дазвольце павіншаваць вас са святам і пажадаць моцнага здароўя і творчага настрою. 60 год — час падвядзення некаторых прафесійных вынікаў, а не нагода для ўспамінаў аб пражытым часе. Але ўсё ж, што запомнілася з дзяцінства?
— Здаецца, не так даўно быў упэўнены, што буду заўжды маладым, але час праляцеў хутка, быццам адзін дзень, і зараз перад вачыма малюнкі з жыцця пралятаюць, быццам на кінастужцы фільма. Раптам успомніўся акцёр тэатра і кіно, рэжысёр, сцэнарыст Аляксандр Шырвіндт, які неяк сказаў: “Калі вымаўляеш лічбу 60, то яшчэ неяк праскоквае. А калі яна намалявана на паперы, то хочацца ўзяць і заклеіць”(усміхаецца, аўт.).
Нарадзіўся ў вёсцы Башары, што на Мсціслаўшчыне ў звычайнай працоўнай сям’і. Бацькі доўгі час рабілі на льнозаводзе. Памятаю, як на працу ездзілі на веласіпедах, зімой — на лыжах. Бацькі трымалі вялікую гаспадарку: даводзілася шмат працаваць дома, а потым яшчэ апрацоўваць участкі лёну і буракоў. Успамінаю маці, даволі яшчэ маладую жанчыну, якая заўжды з касой, у кірзавых ботах, фуфайцы, з мяшком за плячыма. З самага дзяцінства я таксама быў прывучаны да фізічнай працы. Не памятаю з якога класа, але дзеці майго часу (і хлопчыкі ў тым ліку) даілі на фермах кароў. Я таксама рабіў гэта. Прычым, даілі тады ўручную, думаю і сёння свабодна змог бы падаіць чатыры-пяць цялушак. Хачу сказаць, што вельмі ўдзячны сваім бацькам, якія вырасцілі і выхавалі мяне. І сёння, калі дапамога і падтрымка патрэбны ім самім, яны маглі і могуць разлічваць на яе.
— У школе добра вучыліся?
— Раней са школы прыбяжыш, схопіш нейкі дранік, дапаможаш па дому і “айда” на вуліцу. Як і ўсе хлапчукі любіў пабегаць, палазіць па дрэвах, вельмі любіў футбол. Потым, калі ўжо пераехаў на Хоцімшчыну, выступаў за зборную каманду раена. Нядрэнна з дзяцінства ўмеў гуляць у шашкі і шахматы. Дарэчы, са спортам сябраваў з дзяцінства, ды і зараз не прапускаю ніводнай тэлеперадачы або спаборніцтва.
Вучыўся таксама нядрэнна, але выдатнікам не быў. Усё больш “харашыстам”. Любімымі школьнымі прадметамі былі матэматыка і грамадазнаўства. Помню такі выпадак, калі ў пачатковай школе мяне, малога хлапчука, завялі ў больш старэйшы клас, каб я рашыў нейкае заданне па матэматыцы. І я справіўся, было значыць паняцце. Затым у дзесяцігодку хадзіў у іншую школу, якая знаходзілася ў чатырох кіламетрах ад дома. На адкрытых уроках па грамадазнаўству і матэматыцы заўжды атрымліваў “выдатна”. Вельмі любіў чытаць, асабліва спадабаліся кнігі пра піянераў-герояў і літаратура ваеннай тэматыкі. І, нягледзячы на страшэнны дэфіцыт 80-х гадоў на ўсё, і на літаратуру таксама, “праглынаў” кнігі адна за адной. Цяга да чытання не знікла і праз гады, і зараз імкнуся шмат чытаць. Штодзённа – абласную і рэспубліканскую прэсу, перачытваю творчасць Аляксандра Пушкіна, Канстанціна Сіманава, Морыса Друона, Брэдлі Чарльза Купера, Генрыха Манна, Аляксандра Дзюма. За гэты час ужо назбіралася свая дамашняя бібліятэка.
— Калі ўпершыню задумаліся аб тым, кім жадаеце быць?
-Трэба прызнацца, раней да паступлення, і ўвогуле да выбару прафесіі, было некалькі іншае стаўленне. Не магу сказаць, што я дзень і ноч мроіў, што стану ўрачом, педагогам ці касманаўтам. Калі ж узнікла пытанне “зрабіць выбар”, зрабіў яго. Спыніўся на машынабудаўнічым інстытуце, а спецыяльнасць абраў інжынер- механік. Праца ў студатрадах, вучоба, спорт, а кожныя выхадныя спяшаўся ў бітком набітым аўтобусе дадому, у свае любімыя Башары. Студэнцкія гады праляцелі хутка, але яны былі самымі вясёлымі і запамінальнымі.
У Хоцімскі раён трапіў выпадкова, калі маладым спецыялістам прыехаў уладкоўвацца на працу. З таго самага дня Хоцімшчына “зрабіла прапіску” у маім сэрцы, стала для мяне другой маленькай радзімай, але самым галоўным і любімым назаўжды заставаўся куток, дзе нарадзіўся і вырас.
— А як пазнаёміліся з будучай жонкай?
— З Антанінай пазнаёміліся яшчэ ў школе, недзе класе ў восьмым. Вечарам неяк праводзілі дзяўчат дахаты, дайшлі, прыселі на лавачцы, так вось з той пары крочым па жыцці разам…Пасля школы нашы шляхі разышліся: я паехаў у Магілёў, а Тоня — у Пскоўскую вобласць, дзе паступіла ў сельскагаспадарчы інстытут на заатэхнічнае аддзяленне. Сустрэчы нашы былі рэдкімі, але доўгачаканымі. А ўжо да завяршэння вучобы мы афіцыйна зарэгістравалі шлюб.
— Вы прайшлі шлях ад участковага механіка да журналіста. Як гэта было?
— Пасля інстытута два гады працаваў участковым механікам у Хоцімскай МПМК-121. Адзначу, што падчас працы сакратаром камсамольскай арганізацыі, потым ў райкаме камсамола, атрымаў добры вопыт у плане зносін з людзьмі: як правільна сябе паводзіць, якія пытанні ўзнімаць, знаходзіць агульныя тэмы. Гэта потым спатрэбілася і ў журналісцкай практыцы. Дарэчы, на той час нават і не думаў, што стану журналістам, але вось так атрымалася, што стаў…
Давялося пабыць загадчыкам аддзела райкама, другім сакратаром райкама камсамола, інспектарам раённага камітэта народнага кантроля, тэхнадзорам па будаўніцтву, рамонту і ўтрыманню аўтадарог па нашаму раёну, прарабам у ДРБУ-216. З асаблівай цеплынёй успамінаю той час і тых людзей, з якімі давялося працаваць, калі рабіў інжынерам у калгасе “Бальшавік”(зараз гэта ААТ “Ліпаўка”, аўт.).
У дастатковай колькасці людзей у жыцці спачатку бываюць узлёты, а потым і падзенні. Былі яны і ў мяне таксама. Але жыцце – гэта задача, якую рэдка каму даводзіцца рашыць без памылак. І я вельмі ўдзячны, што ва ўсе часы са мной побач былі добрыя і шчырыя людзі. З чаго пачынаў працу ў рэдакцыі? Спачатку быў аператарам, потым карэспандэнтам, намеснікам галоўнага рэдактара, загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, і нават 2 гады выконваючым абавязкі галоўнага рэдактара. Вельмі ўдзячны кіраўнікам — першаму майму рэдактару Дзмітрыю Ягоравічу Лапцеўскаму, Ларысе Іванаўне Даніленка, ад якой пераняў нямала вопыта і сучаснаму рэдактару Ганне Іванаўне за падтрымку, і ўспрыманне мяне такім, які ёсць.
— Сваю першую публікацыю памятаеце?
— Безумоўна (усміхаецца, аўт.). Гэта быў артыкул аб маленькай дачушцы, якую вяду ў дзіцячы садок. У той час галоўным рэдактарам быў Дзмітрый Лапцеўскі, які і ўбачыў ува мне журналісцкія задаткі. Прапанаваў паспрабаваць яшчэ і яшчэ. Я спрабаваў, і з кожным разам атрымлівалася ўсё лепш. Я разумеў, што мне падабаецца гэтым займацца. Але разам з тым разумеў, што мая стыхія — сельская гаспадарка, звычайныя людзі працы. Мне гэта было блізка і знаёма, у мяне някепска атрымлівалася аналізаваць пэўныя рэчы, ва ўсякім разе мне аб гэтым неаднойчы казалі калегі.
Але і зараз ёсць артыкулы, якія мне падабаюцца, і якія я гатоў перачытваць зноў і зноў. Ёсць тыя, за якія нават парой няёмка. А часам тое, што бачыш і зразумееш, нельга пакласці на паперу… Журналіст — творчая прафесія, і парой чалавечы фактар адыгрывае вядучую ролю. Але адстойваць праўду і імкнуцца дайсці да ісціны — наша задача. Мы, быццам тое люстэрка, павінны адлюстроўваць усё тое, што адбываецца навокал.
А яшчэ бывае такі стан, калі, як кажуць “не коціць”, не хочаш у гэты дзень нічога, адчуваеш, нейкая лянота да цябе падбіраецца. І тады ўспамінаеш сваіх герояў, сялян, якія ў 4-5 гадзіны раніцы, нягледзячы ні на што паднімаюцца і ідуць на ферму. Дождж ці спякота — яны ў поле. Пыл, бруд — яны ў поле. А ты тут са сваёй лянотай, як не сорамна! А ну сабярыся і працуй.
— Сельская гаспадарка — ваша стыхія, вашы артыкулы аб простых людзях працы. А якія якасці больш за ўсё цэніце ў людзях.
— Апошнім часам,- сцвярджаў неяк у “Народнай газеце” вядомы беларускі журналіст Віктар Харошка, — ехаць у вёску хочацца і не хочацца адначасова. Цягне чалавека чысціня яго душы, павага да бліжняга. Адштурхоўвае цяжкі лёс селяніна, які ад цямна да цямна цягне нялёгкі воз.
Я заўжды перажываю за сваіх герояў, быццам прапускаю іх лёсы праз сябе, таму што мне добра вядома, як складваецца жыццё на вёсцы. Штодзённая напружаная праца, а калі не папрацуеш, то і застанешся ні з чым. Заўсёды стаўлюся з павагай да тых, хто нягледзячы на цяжкасці сельскага жыцця застаецца добрым і шчырым чалавекам. З пачуццём гонару і радасці назіраю за героямі сваіх артыкулаў, за многіх радуецца душа, а за іншых перажываю. І зноў успамінаю маці з мяшком за плячыма і ў старай фуфайцы…
Але ўсё ж, як у любым грамадстве, любым калектыве і ў любой справе многае залежыць ад чалавека і яго нейкай унутранай культуры. У аднаго паглядзіш усюды парадак і чысціня, а іншаму — хоць бы што. Калі ўжо пайшла размова, узгадаю некаторых героеў публікацый: Мікалай Цішчанка, Уладзімір Цярэшчанкаў (а/г Ліпаўка), сем’і Анжанка і Матыка (а/г Бярозкі), сям’я Паправак (а/г Забялышын), Наталля Барашок (а/г Бяседавічы) і іншыя. Гэтыя людзі вялікія працаўнікі, проста малайцы. Не магу не выказаць шчырыя словы падзякі людзям, якія заўжды цесна супрацоўнічалі са мной і працягваюць гэта рабіць сёння, а таксама спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкаму прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
А больш за ўсё ў людзях мне імпануе працавітасць, шчырасць, дабрыня, сумленнасць, прыстойнасць. Люблю людзей з добрым пачуццём гумару, я і сам не супраць “паюмарыць”. Не магу цярпець здрады і хамства.
— Ведаю, што самым вялікім і галоўным прыхільнікам вашых артыкулаў з’яўляецца ваша любімая сям’я.
— Заўтра мой юбілей, вялікая частка шляху пройдзена… Але сёння хачу сказаць, што ніколі не стаў бы тым, хто я ёсць сёння без маёй любімай сям’і. Словы асаблівай удзячнасці хачу выказаць сваёй жонцы, якая і з’яўляецца галоўным прыхільнікам і “суддзёй” маіх артыкулаў. Яна заўсёды з нецярпеннем чакае раёнку і пачынае чытаць, менавіта, з маіх матэрыялаў. А яшчэ ў мяне самыя цудоўныя дачушкі. Вельмі люблю сваіх унукаў: старэйшы Марк ужо падрос, з кожным днём падрастае маленькая Сафійка, якая ўжо выразна ўмее казаць “дзед Саша”. Трымаю яе на руках, чую гэты лепет і разумею, дзеля гэтага трэба працаваць і жыць.
— Аляксандр Пятровіч, якія планы на бліжэйшыя 60 гадоў?
— Вольга, а вы раптам не пераблыталі лічбу? (усміхаецца аўт.). У кожнага чалавека сваё разуменне шчасця. Але я свой шчаслівы білет выцягнуў тады, у восьмым класе (задумваецца, аўт.). Сёння разумею, што галоўнае ўпрыгожванне кожнага мужчыны — цудоўная, прыгожая, разумная жанчына. Такая, як мая жонка. Аглядваючыся назад, магу сказаць, што зроблена нямала, але яшчэ хочацца папрацаваць, парадаваць чытачоў цікавымі матэрыяламі, расказаць аб простых людзях — сялянах, перадаць свой вопыт маладому пакаленню. Я па жыцці аптыміст, таму спадзяюся — усё атрымаецца.

Вольга ЗАЙЦАВА

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

1 Звезда2 Звезды3 Звезды4 Звезды5 Звезд (Пока оценок нет)
Загрузка...

Похожие записи

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Return to Top ▲Return to Top ▲

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: