Вы здесь
Настаўніцкая дынастыя  Бяньковых Блог Ольги ЗАЙЦЕВОЙ Личность 

Настаўніцкая дынастыя Бяньковых

Шаноўныя, чытачы! Прапаноўваю свой праект (дарэчы, толькі на беларускай мове) — “Усё будзе добра!”. Ён вельмі просты, але вельмі хочацца спадзявацца, што знойдзе водгук сярод вас, мае землякі. Думаю, прачытаўшы яго аптымістычную назву, аб многім здагадаецеся самі. Але не стану больш інтрыгаваць.
“Усё будзе добра!” Чаму менавіта такая назва? Зараз патлумачу. На першы погляд гэта звычайныя словы, але часам іх бывае дастаткова, каб дапамагчы, ці нават выратаваць чалавека. Вельмі часта ў паўсядзённым жыцці можна пачуць незадаволенасці і скаргі з боку родных, суседзяў і нават незнаёмых людзей. Увесь час чагосьці не хапае, не атрымліваецца ці, увогуле, надакучыла і страціла сэнс. І раптам зусім не заўважаем, як у гэтай чарадзе пастаянных пытанняў і праблем, мы развучваемся заўважаць і радавацца звычайным рэчам: усходу сонейка і спеву птушак, смеху дзіцяці і добраму погляду суседа, які ранкам павітаўся з намі. Перастаём заўважаць простае, але вельмі важнае, за нечым гонімся, кудысьці спяшаемся, становімся сквапнымі і абыякавымі да ўсяго.
Жыццё часта параўноўваюць з зебрай — то белая палоска, то чорная. Сапраўды, на шляху кожнага ўзнікаюць не толькі станоўчыя моманты, але і адмоўныя таксама. Многае часта залежыць толькі ад нас саміх. Мэта дадзенага праекта: паказаць, што нягледзячы ні на што, людзі могуць заставацца аптымістамі. Героі майго праекта — звычайныя людзі, якія жывуць побач з намі, кожны са сваім лёсам, але ўсе яны ўпэўнены: усё будзе добра…

Невялікі вясковы домік з маленькімі акенцамі зусім нескладана адшукаць. У вёсцы Трасціно кожны ведае, дзе пражывае настаўніцкая дынастыя Бяньковых. Пераступіўшы парог, акунаюся ў ідылію вясковага жыцця. Адразу ў калідоры знаёмлюся з гаспадыняй Валянцінай Андрыянаўнай і яе малодшай дачкой Таццянай, якая вось ужо некалькі год даглядае за пажылымі бацькамі. Адчыняюцца дзверы і з’яўляецца Сяргей Іосіфавіч, гаспадар. Мяне ўжо чакаюць. Настаўніцкая дынастыя Бяньковых становіцца першымі героямі майго праекта. Але па парадку.
Бяньковы ўжо 60 гадоў крочаць па жыцці разам, якраз у гэтым годзе адзначылі юбілей сумеснага жыцця. Дарэчы, гэты год для іх сям’і багаты на юбілеі, бо сваё 90-годдзе адзначыла і Валянціна Андрыянаўна. Жанчына нарадзілася на Хоцімшчыне ў простай працоўнай сям’і, дзе выхоўвалася чацвёра дачок і сын. Усе дзяўчаты атрымалі педагагічную адукацыю, брат жа скончыў ваеннае вучылішча. Сёння са сваёй сям’і яна засталася адна: сясцёр няма, а брат загінуў падчас вайны. У гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Хоцімскі раён” можна знайсці яго імя.

Бяньковы (у цэнтры) са сваёй любімай сям’ёй

Скончыла Пскоўскі педагагічны настаўніцкі інстытут і сем гадоў адпрацавала на Пскоўшчыне настаўнікам біялогіі і геаграфіі. Жанчына прызнаецца, што за гэты час паспела прылучыцца да іншай культуры, але ў душы заўжды працягвала заставацца беларускай. Душа і думкі яе заўжды былі тут, на Хоцімшчыне, і праз сем гадоў яна вярнулася на сваю малую радзіму. Самым любімым месцам стала Трасцінская школа, працы ў якой яна прысвяціла вялікую частку свайго жыцця. Дарэчы, з будучым мужам яны пазнаёміліся менавіта тут, калі абодвум было па трыццаць гадоў.
Сціпла пра сябе расказвае і гаспадар. Сам родам з вёскі Канаўка. Да вайны паспеў скончыць чатыры класы, потым астатнія давучваўся ў Хоцімскай школе. У Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце атрымаў спецыяльнасць настаўніка матэматыкі і фізікі. Адпрацаваў у Маладзечанскім раёне чатыры гады і таксама вярнуўся на Хоцімшчыну, дзе настаўнічаў увесь гэты час. Па бацькоўскіх стапах пайшла і малодшая Таня, якая ўсяго на паўтара года была малодшая за брата. Як і бацька атрымала спецыяльнасць настаўніка матэматыкі і фізікі.
— Як гэта выхоўвацца ў настаўніцкай сям’і, у класе, мабыць, былі «любімчыкам»? — пытаю Таццяну.
— Вельмі запомнілася, як бацькі пастаянна пісалі планы, правяралі сшыткі. «Любімчыкам» не была, ды і асаблівых “паблажак” нам з братам ніколі не было — ні на ўроках матэматыкі, ні на ўроках біялогіі. Ні бацька, ні маці не вылучалі нас сярод астатніх вучняў. Як зараз помню, пісалі кантрольную па матэматыцы, а я да канца не скараціла дроб. З-за гэтага бацька знізіў мне адзнаку на цэлы бал, адразу нават неяк крыўдна было. У школе дакладныя навукі любіла больш. А вось, калі трэба было напісаць сачыненне, гэта было сапраўднай катаргай,- дзеліцца Таццяна.
— Значыць моцна вас не песцілі? — пытаю далей.
— Можна і так сказаць. Бывала, што дастаткова было бацькоўскага позірка, каб мы ўсё зразумелі. А яшчэ бацькі вучылі нас быць сумленнымі, ніколі не падманваць. Мы з братам ведалі, што трэба зрабіць урокі і дапамагчы па дому, бо і хатняя гаспадарка была нямалая. Сёння сучасныя дзеці «жывуць» за кампутарам, нашым жа «месцам прапіскі» была вуліца. Яшчэ з дзяцінства запомніліся штодзённыя кінасеансы, калі мы са сваімі стульчыкамі спяшаліся, толькі каб паспець на чарговую серыю «Зіты і Гіты», — успамінае жанчына.
Многае было ў настаўніцкай сям’і за гэты час. За адну гадзіну ўсяго і не ўспомніш, але галоўным дарадчыкам у іх заўжды была павага, узаемадапамога і каханне. А вось, пра каханне спынімся.

Якімі ж маладымі мы былі…

— Сяргей Іосіфавіч, жонку па якіх крытэрах выбіралі? — пытаю гаспадара.
Мабыць, такое пытанне крыху збянтэжыла майго героя. Як аказалася, падчас працы ў школе маладому настаўніку матэматыкі з першага погляду прыглянулася сціплая малодзенькая настаўніца. Пачуццё аказалася ўзаемным. Таму галоўным крытэрам выбару стала сэрца. Мабыць, гэта яно і «зрабіла» выбар. На пытанне аб сакрэтах сямейнага шчасця, Бяньковы спачатку задумваюцца, а потым амаль сінхронна адказваюць, што і сакрэтаў у іх асаблівых няма. Проста жылі, расцілі дзяцей, займаліся любімай справай. Жартуюць, што асабліва і не спрачаліся, бо папросту не было для гэтага часу, а калі што, то імкнуліся па чарзе саступаць адзін аднаму.
Пералістваючы дамашнія архівы, мае суразмоўцы ўважліва ўглядаюцца ў кожны фотаздымак, успамінаюць маладосць, школу, сваіх вучняў. Кожнае фота нагадвае аб шчаслівых момантах, праглядаючы іх, гаспадары ўспамінаюць час, калі былі маладымі. Дарэчы і сёння ў школе не забываюць аб педагогах-ветэранах, і прыходзяць, каб павіншаваць іх з нейкім святам.
Мне, як карэспандэнту, прыемна адзначыць, што Бяньковы заўжды з’яўляліся пастаяннымі падпісчыкамі раённай газеты. Якраз перад нашай сустрэчай дачытвалі апошні нумар раёнкі. Трэба сказаць, чытаць у доме педагогаў любілі заўжды, тут нават ёсць свая бібліятэка. Талстой, Чэхаў, Некрасаў, Лермантаў, і абавязкова Мележ і Шамякін.
— А калі б была магчымасць загадаць жаданне, што б марылі атрымаць? — гэта пытанне яшчэ больш збянтэжыла маіх суразмоўцаў, якія зноў у адзін голас адказалі.
— А навошта? У нас усё ёсць. Толькі, калі для дзяцей, унукаў ды праўнукаў. Каб у іх усё добра было, каб ніколі не было вайны…
Хоць падчас ваеннага ліхалецця яны былі зусім юнымі, усё ж некаторыя карціны моцна адбіліся ў памяці, і нават з цягам часу не сцёрліся. Напрыклад, Сяргей Іосіфавіч памятае, як бацькаву сястру хацелі саслаць у Германію, а яго маці неаднойчы расказвала, каб уратавацца ад немцаў, прыходзілася ісці на хітрасці — націраць вочы табаком. Пасля такой канспірацыі тыя падумалі, што яна хворая і адпусцілі. А яшчэ ўспамінае, як карнікі пагражалі наказаць тых, у каго хаты былі абклеены газетамі. Прыйшлося абдзіраць. Але, убачыўшы голыя абадраныя сцены, немцаў ахапіў жах. Сяргей Іосіфавіч успамінае, як адзін з іх нават чырвоную купюрку яму тады працягнуў, пашкадаваў, што так дрэнна жывуць. Шмат успамінаў з тых часоў, але большасць з іх сумныя.
Вось ужо і прайшло свята, якое часта называюць “днём са слязамі на вачах”. Для пакалення, якое не кранула гэта страшэнная трагедыя, гэта дзень памяці. Але для многіх гэты дзень, нібы рана, якая ніколі не загаіцца. І хоць мае героі не ваявалі, яны былі зусім юнымі, але за мір змагаліся іх родныя і блізкія, якія навечна застануцца ў іх памяці жывымі. Мае суразмоўцы ўспамінаюць іх з болем і горыччу, але радуюцца за сённяшняе мірнае неба, і вераць у тое, што ўсё будзе добра…

Вольга ЗАЙЦАВА

Похожие записи

Оставить комментарий

Return to Top ▲Return to Top ▲